У Лідскі раён па размеркаванні прыбылі 269 юнакоў і дзяўчат. Іх віталі ў Палацы культуры падчас рэспубліканскай акцыі «Мы – разам»

06 Ноября 2019 1819
Сёлета працаваць у Лідскі раён па размеркаванні прыбылі 269 юнакоў і дзяўчат. Маладых спецыялістаў, а таксама іх настаўнікаў, ветэранаў працы віталі ў Палацы культуры падчас рэспубліканскай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам”. Гасцямі свята сталі каля паўтысячы чалавек.

У холе Палаца культуры для маладых спецыялістаў была арганізавана прававая прыёмная. Усе жадаючыя маглі скарыстацца момантам і бясплатна атрымаць індывідуальныя юрыдычныя кансультацыі па пытаннях працоўнага заканадаўства, абароны сацыяльных правоў і інтарэсаў працоўных. І такія пытанні паступілі. На іх падчас святочнай праграмы, са сцэны (каб чулі ўсе, бо, магчыма, кагосьці гэтыя пытанні таксама цікавяць, але яны пасаромеліся спытаць) адказаў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Валерый Міцкевіч.

– Што тычыцца адтэрміноўкі службы ў войску, вы ведаеце, што некалькі месяцаў таму ў Законе “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе” былі прыняты адпаведныя змены. Так, маладыя людзі пры паступленні ў навучальную ўстанову па-ранейшаму будуць карыстацца адтэрміноўкай. Прычым усе, хто стаў студэнтам у гэтым годзе і атрымаў права на адтэрміноўку, гэта права не згубяць. Другое: ці будзе служба ў войску ўключацца ў працоўны стаж? Днямі была прынята пастанова, якая гэта прадугледжвае. Дарэчы, лічу, што гэта разумна і лагічна: маладыя людзі аддаюць доўг Радзіме, адпаведна, яна павінна адказаць ім тым жа. Што тычыцца спажывецкіх крэдытаў, нейкай спецыяльнай праграмы для маладых спецыялістаў у нас пакуль няма. Таму магу параіць толькі адно: добра працаваць, каб добра зарабляць, – тады грошай будзе хапаць на ўсе патрэбы.   

Пры гэтым Валерый Вацлававіч акцэнтаваў, што ў Адміністрацыі Прэзідэнта і на розных узроўнях пастаянна ідуць абмеркаванне, скрупулёзная праца з аналізам таго, што ў нас ёсць адносна падтрымкі моладзі. “Паверце, мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб выпрацаваць комплекс прапаноў, гарантый, якія б стымулявалі вас заставацца не толькі ў краіне, але і непасрэдна на тых вытворчасцях, куды вы былі прызначаны на першае месца працы”, – звярнуўся Валерый Міцкевіч да прысутных у зале маладых спецыялістаў.

З прывітальнымі словамі і пажаданнямі поспехаў на працоўным шляху да юнакоў і дзяўчат звярнуліся таксама намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш.

Ніхто не стане спрачацца, што найважнейшы момант у адаптацыі і росце маладога спецыяліста – настаўніцтва. “Адным з галоўных вектараў дзяржавы і непасрэдна Федэрацыі прафсаюзаў з’яўляюцца як працяг, так і прымнажэнне традыцый працоўнага настаўніцтва. У Лідскім раёне паспяхова вядзецца перадача назапашанага вопыту і ведаў маладым спецыялістам”, – сказала прафсаюзны лідар раёна Бажэна Макарчук. У пацвярджэнне сваіх слоў яна ўручыла юбілейныя медалі “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”, падзякі Федэрацыі прафсаюзаў, Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, граматы прэзідыума Савета Лідскага раённага аб’яднання прафсаюзаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, а таксама маладым спецыялістам, якія працуюць у медыцыне, адукацыі, сельгасвытворчасці і іншых сферах дзейнасці.

Кульмінацыяй свята стаў гала-канцэрт. У ім прынялі ўдзел фіналісты прафсаюзнага творчага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, а таксама зоркі нашай эстрады: гурт “ByCity”, Вольга Плотнікава, Аляксей Хлястоў, ансамбль казачай песні “Маме падабаецца”, Іна Афанасьева. Практычна ўсе сольныя выступленні суправаджаліся танцавальнымі кампазіцыямі ў выкананні шоу-балета “Феерыя”.

У канцы сустрэчы на памяць аб Лідскім раёне ўсім артыстам уручылі прадукцыю шклозавода “Нёман”, а ў музей Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі быў перададзены спецыяльны тэматычны сувенір.














Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться