«Крок да інавацый». Вучань Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці - у ліку пераможцаў аднайменнай рэспубліканскай алімпіяды

05 Ноября 2019 1067

На базе БНТУ ў Мінску нядаўна адбылася V адкрытая рэспубліканская алімпіяда школьнікаў “Крок да інавацый”. Навучэнец Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Антон Лысенка прайшоў адборачны цыкл і быў запрошаны для ўдзелу на заключны этап дадзенага інтэлектуальнага спаборніцтва.

– Алімпіада праводзілася па васьмі напрамках, і ў кожнай секцыі прымалі ўдзел у сярэднім па восем чалавек, – расказвае выкладчык Антона, педагог дадатковай адукацыі Вяслаў Ярмак. – Наш вучань удзельнічаў у секцыі “прыборабудаванне” і заваяваў дыплом II ступені, што дае льготы ў выпадку паступлення ў дадзеную ВНУ. Дарэчы нагадаць, што гэты самы вучань у час летніх канікул удзельнічаў у вочным конкурсе навукова-даследчых работ у секцыі “Фізіка і электроніка” на базе БДУІР і таксама атрымаў дыплом II ступені.

Гурток “Электроніка“, у якім займаецца Антон, - адзін са старэйшых у Лідскім раёне. У наступным годзе споўніцца 25 год з дня яго заснавання. На рахунку гурткоўцаў перамогі ў раённых і абласных спаборніцтвах, прызавыя месцы ў рэспубліцы. Многія навучэнцы скончылі прэстыжныя ВНУ і звязалі свой лёс з навукай і электронікай. Прынамсі, пра Антона Лысенку “Лідская газета” ужо расказвала некалькі год таму, калі ён стаў лаўрэатам ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” са сваім праектам “Альтэрнатыўныя крыніцы сілкавання”. Ёсць упэненасць, што пра яго поспехі ў Лідзе яшчэ не раз пачуюць.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться