«Славянскі базар», лазертаг, песні ля вогнішча. Што яшчэ чакае хлопчыкаў і дзяўчынак у аздараўленчых лагерах Лідчыны?

04 Мая 2019 699
Зусім хутка ў школьнікаў скончыцца навучальны год. На цэлых тры месяцы будуць адкладзеныя падручнікі і сшыткі, а дзятва з радасцю пачне адлік цёплых дзянькоў летніх канікул. Правесці іх можна дома, на дачы, у вёсцы. Але ёсць мноства іншых цікавых прапаноў. 

Ужо з першых дзён чэрвеня ў Лідскім раёне пачнуць работу стацыянарныя лагеры з кругласутачным знаходжаннем. За лета ў іх плануецца аздаравіць больш за дзве тысячы дзяцей. 

Як ідзе падрыхтоўка да будучага сезона, ці ствараюцца ўмовы для бяспечнага вольнага часу, а таксама паўнавартаснага адпачынку ў «Сонейку», «Спадарожніку», «Бярозцы», даведваўся на месцах карэспандэнт «Лідскай газеты».

Аліна Каргіна, дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Бярозка”:

– Каб дзеці маглі не толькі адпачыць, але і атрымаць добры аздараўленчы эфект, знаходзячыся ў нашым лагеры, падрыхтоўка да будучага летняга сезона пачалася яшчэ ў верасні мінулага года. Як толькі дзеці са мноствам уражанняў і станоўчых эмоцый з'ехалі дадому, сталі будавацца планы на аздараўленчы сезон 2019 года. 

Лагеру пяцьдзясят гадоў. У цэнтры ўвагі – развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. І пачалі мы з рамонту жылых карпусоў, мадэрнізацыі дамоў. Першы крок у гэтым напрамку быў зроблены ў мінулым годзе. У адным з домікаў металадахоўкай заменены стары дах, праведзена знешняе і ўнутранае аздабленне блокхаўсам. Стаўка – толькі на натуральныя будаўнічыя матэрыялы. Цяпер аб'ект цалкам гатовы. Аналагічныя работы будуць праведзены яшчэ ў дзвюх хатках. Таксама мадэрнізацыя ажыццяўляецца ў корпусе для дзяцей малодшага школьнага ўзросту: абліцоўваюцца пліткай чатыры санвузлы, праводзіцца касметычны рамонт кожнага памяшкання. Паступова ідзе замена старой мэблі: закупляюцца драўляныя ложкі і новыя наматраснікі, хутка завязуцца палічкі для абутку, у перспектыве будуць замененыя шафы. 

У рамках паляпшэння арганізацыі харчавання ў харчаблоку ўстаноўленая параканвектарная печ – разумная сучасная машына, якая дазваляе хутка, захоўваючы ўсе карысныя ўласцівасці прадуктаў, гатаваць здаровую і смачную ежу. Наступны этап – добраўпарадкаванне тэрыторыі. Сумесна з раённым экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі ўжо распрацаваны праект «Клумба круглы год». Рэалізоўвацца ён будзе на працягу трох гадоў, і ён ужо дзейнічае. У сярэдзіне мая тут з'явяцца новыя архітэктурныя формы, што дазволіць зрабіць нашу тэрыторыю яшчэ больш дагледжанай, прыгажэйшай. 

Што ж тычыцца вольнага часу дзяцей, то цяперашні летні сезон чакаецца не менш насычаным і цікавым, чым мінулы. Будуць арганізаваныя пяць змен, з тэматыкай якіх можна азнаёміцца на нашым сайце. Дзяцей мы чакаем ужо 3 чэрвеня. 

Дзмітрый Мілейка, дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Сонейка”:

– Гатоўнасць лагера да работы вызначаецца не толькі ацэнкай яго адпаведнасці патрабаванням санітарных правілаў і нормаў, але і стварэннем аптымальных умоў для пражывання, харчавання, вольнага часу дзяцей. Зараз падрыхтоўка аб'ектаў уступіла ў актыўную фазу: на другім паверсе першага корпуса праводзіцца касметычны рамонт жылых пакояў і калідораў. У некаторых ужо ўстаноўлена новая мэбля, у прыватнасці шафы-купэ. У другім корпусе, які разлічаны на семдзесят чалавек, вядзецца касметычны рамонт памяшканняў, з’явілася новая мэбля – ложкі і тумбы. Ажыццяўляецца рамонт даху актавай залы, адрамантаваны харчаблок, на тэрыторыі разбіты клумбы, пасаджаны маладыя дрэвы.

У гэтым сезоне для дзяцей, якія будуць адпачываць у нашым лагеры, падрыхтавана цікавая і насычаная праграма. У лідскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з'явіцца ўнікальная магчымасць раскрыць пеўчыя, акцёрскія здольнасці, праявіць сябе ў спартыўных віктарынах і спаборніцтвах. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца праекты «Славянскі базар», «Купалле». Будуць працаваць у гэтым годзе атракцыён 7D «Віртуальная рэальнасць», лазертаг. У змену мы гатовыя прыняць 140 чалавек. Чакаем актыўных, ініцыятыўных дзяцей ужо 3 чэрвеня. 

Таццяна Шафранава, дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера «Спадарожнік»:

– Сёлета стаўку зрабілі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, а яна ў нас самая вялікая сярод аздараўленчых лагераў і складае больш за сем гектараў. Мы стараемся, каб кожны яе ўчастак быў задзейнічаны для адпачынку дзяцей. У нас маецца пяць альтанак, іх пабудавалі ў мінулым годзе. Яшчэ дзве (адна – у выглядзе казачнай хаткі на курыных ножках) з'явяцца ўжо да пачатку сезона. Упэўнена, яна ўразіць дзяцей і памерамі, і архітэктурнай ідэяй. Сёлета з'явіцца кастровая пляцоўка з драўлянымі лавамі. Увечары ля вогнішча дзеці будуць мець магчымасць падзяліцца ўражаннямі аб мінулым дні, усе разам паспяваць песні. Зараз мы распрацоўваем цікавыя змены, якія звязваем з Годам малой радзімы, 75-годдзем Гродзенскай вобласці. Ужо распрацавана меню, закуплены спартыўны інвентар.

12 чэрвеня да нас заедзе першая змена. Яна самая кароткая, дзевяцідзённая. Тры наступныя – па васямнаццаць дзён. Апошняя змена профільная і разлічана на членаў клубаў інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?». Пяты год да нас прыязджаюць 160 пераможцаў і фіналістаў інтэлектуальных турніраў і чэмпіянатаў з усіх абласцей краіны і ладзяць інтэлектуальныя баталіі. Наш лагер ім вельмі падабаецца. А значыць, праца калектыву не дарэмная.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться