Гутарым з героямі рубрыкі «Вуснамі дзіцяці» праз 15 гадоў. Ці збыліся іх мары?

10 Февраля 2019 538
Гэты год стаў юбілейным не толькі для “Лідскай газеты”, але і для некаторых яе рубрык. Напрыклад, для рубрыкі “Вуснамі дзіцяці”. Складана паверыць (нават нам, супрацоўнікам рэдакцыі), але сваімі думкамі, разважаннямі, планамі на будучыню ці проста назіраннямі маленькія жыхары нашага рэгіёна дзеляцца з чытачамі вось ужо 15 гадоў! 

Упершыню рубрыка ўбачыла свет зімой 2004 года. Яе ініцыятарамі выступілі былы галоўны рэдактар Іван Швакель і яго намеснік Людміла Петрулевіч. Аўтарам жа доўгі час была журналіст і фотакарэспандэнт Лілія Лапшына. Аднак апошнія гадоў пяць рубрыку яна толькі чытае на старонках газеты, бо знаходзіцца ў водпуску па доглядзе ўласных дзетак. З маленькімі жа жыхарамі Ліды штомесяц з вялікай радасцю сустракаецца Вольга Мацеша. 

Але павернем кола часу на 15 гадоў назад. Месцам першага апытання для рубрыкі “Вуснамі дзіцяці” стаў дзіцячы сад №9, першымі інтэрв’юерамі – яго выхаванцы, першай тэмай – будучая прафесія. Дзякуючы Сеціву мы знайшлі трох герояў рубрыкі, каб запытацца, ці памятаюць яны сваю сустрэчу з журналістам “Лідскай газеты”, свае разважанні і, галоўнае, ці ўвасобілі яны свае дзіцячыя “прафесійныя” мары. Сказаць, што наша з’яўленне ў жыцці ўжо зусім не дзяцей было нечаканым, – нічога не сказаць. 

Яна Гораш, 19 гадоў:

– Калі б вы да мяне не звярнуліся, я б, шчыра кажучы, і не ўспомніла пра тое інтэрв’ю. Але ведаю, што выразка з газеты захоўваецца ў сямейным альбоме. Чытаць свае ж думкі 15-гадовай даўнасці як мінімум цікава, складана стрымаць усмешку. Выхавальнікам я не стала. У чатыры гады я мала была знаёмая з той колькасцю прафесій, якую прапаноўвае рынак працы (смяецца), таму хутка змяніла сваю мару. На якую? Ужо не памятаю. Напэўна, іх было шмат. Але цяпер я працую ў галіне будаўніцтва і жыву ў Маскве. З Лідай мяне звязваюць сям’я, сябры і, канешне, успаміны аб дзяцінстве. 
   
 19-гадовы Данііл Лянцэвіч зараз праходзіць тэрміновую службу ў войску, таму размова з ім была, лічы, “на хуткую руку”, вельмі тэзісная. Аднак гэтага часу хапіла, каб зразумець: і праз 15 гадоў Данііл усё гэтак жа адрозніваецца неардынарным складам розуму і добрым пачуццём гумару. Даведаўшыся, з якой нагоды да яго звяртаецца журналіст “Лідскай газеты”, малады чалавек адразу адказаў, што ён стаў дрэсіроўшчыкам экзатычных жывёл, затым змяніў свой выбар на карысць прафесіі касманаўта, які паляцеў у космас. І толькі потым, адкінуўшы ўсе нерэалізаваныя дзіцячыя мары, сур'ёзна дадаў: “Я скончыў Лідскі каледж, дзе атрымаў прафесію тэхніка-механіка, па-ранейшаму захоплены спортам”.  

 Антон Шафаловіч, 21 год: 

– Як з журналістам гутарыў, не памятаю, але аб тым, што даваў такое інтэрв’ю, не забыўся. Цалкам згодны з сабой 6-гадовым: праца мільянерам досыць прэстыжная (смяецца). І я старанна працую над дасягненнем гэтай мэты! Вучуся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі на вельмі перспектыўнай спецыяльнасці – “інжынер інфакамунікацыйных тэхналогій”. Скончыў курсы па мове праграмавання і ў дадзены момант узмоцнена вывучаю англійскую мову. Для таго каб стаць мільянерам, мне засталося пачакаць заканчэння вучобы і знайсці прыдатную працу. Але канчаткова не вызначыўся, кім менавіта буду працаваць, таму спрабую сябе ў розных напрамках гэтай сферы. 

 
Вось такая цікавая гутарка атрымалася і ў першых герояў рубрыкі “Вуснамі дзіцяці”, і ў журналіста “Лідскай газеты”. Калі ў вас таксама ёсць гісторыі і ўспаміны, звязаныя з раёнкай, калі вы захоўваеце асобныя, дарагія вашаму сэрцу нумары газеты, калі вы хочаце проста расказаць пра свае шматгадовыя адносіны з “Лідскай газетай”, павіншаваць калектыў з надыходзячым 80-гадовым юбілеем, тэлефануйце нам па нумары 53-29-80. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться