Лідары моладзевага руху ў Лідзе дзеляцца сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Прэзідэнтам

31 Октября 2018 1366
Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ – пераемнікам ідэй і сучасным прадаўжальнікам традыцый камсамолу – прайшла 29 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці. Мерапрыемства не толькі было прымеркавана да 100-годдзя арганізацыі, але і праходзіла якраз у дзень святкавання гэтай векавой даты.  

З візітам у сталіцу прыехала больш за 400 чалавек – лідараў моладзевага руху з розных куткоў Беларусі. Ад Гродзенскай вобласці на сустрэчы прысутнічалі 43 дэлегаты, у тым ліку лідчане: першы сакратар Лідскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Вольга Каспорская і сакратар пярвічнай арганізацыі прафесійнага політэхнічнага ліцэя Віктар Аблажэвіч.

– Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прайшло ўжо некалькі дзён, а эмоцыі да гэтага часу перапаўняюць, – дзеліцца ўражаннямі Вольга Каспорская. – Гэта была мая першая сустрэча з кіраўніком краіны, упершыню я бачыла яго не на экране тэлевізара. Вядома, было хвалююча. Але Прэзідэнт адразу задаў гутарцы вельмі даверлівы тон, зняўшы напружанне. 

Адчувалася, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю ў краіне моладзевага руху. Аб БРСМ ён казаў як аб надзейным партнёры дзяржавы ў правядзенні моладзевай палітыкі, арганізацыі, якая годна працягвае і развівае лепшыя традыцыі камсамолу. Але каб рады БРСМаўцаў папаўняліся, трэба працаваць, шукаць новыя кропкі сутыкнення. Прэзідэнт заклікаў прысутных не абыходзіць у сваёй працы вострыя моманты, звяртацца з любымі пытаннямі да сваіх старэйшых лідараў, падкрэсліваў, што толькі адкрыты дыялог, толькі прамое абмеркаванне праблем, важных для кожнага і зразумелых кожнаму, дазволіць нам зберагчы і памножыць усё тое лепшае, што пакінулі нам папярэднія пакаленні. Кіраўнік краіны заклікаў актыў БРСМ уносіць прапановы, зыходзячы са свайго вопыту, каб улада магла адказаць на гэтыя прапановы законамі, указамі, распараджэннямі – надзяліць нейкімі ўладнымі паўнамоцтвамі нашу моладзевую арганізацыю.

Кіраўнік краіны не раз падкрэсліваў, што Беларусь мае ўсе магчымасці і рэзервы для таго, каб моладзі тут жылося добра, каб менавіта ў Беларусі юнакі і дзяўчаты маглі сябе рэалізаваць, дабіцца поспехаў. Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь даражыць кожным сваім грамадзянінам, мы патрэбныя тут. Аляксандр Рыгоравіч шмат казаў таксама пра падтрымку моладзі, рэалізацыі яе ідэй і праектаў. Усе гэтыя думкі, словы я буду перадаваць у сваёй працы з лідскай моладдзю.

Закранутых на сустрэчы тэм было шмат: развіццё студэнцкіх атрадаў, папулярызацыя спорту. Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на важнасці будаўніцтва БелАЭС, развіцця касмічнай сферы, а таксама на будучай лічбавізацыі Беларусі, перспектывах развіцця ІТ-галіны.



Сакратар пярвічнай арганізацыі прафесійнага політэхнічнага ліцэя Віктар Аблажэвіч:

– Cустрэчу Прэзідэнт пачаў з размовы пра асабістае: як уступаў у шэрагі камсамолу (нават білет свой прынёс!), як гэтая арганізацыя выхавала ў ім неабыякавага чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Спадабаўся мне таксама адказ Аляксандра Лукашэнкі на прыватнае пытанне аб сямейных традыцыях, дакладней – аб сустрэчы Новага года. Аляксандр Рыгоравіч не стаў скрываць, што Прэзідэнту складана сустрэць гэтае свята ў коле сям’і, тым не менш ён імкнецца не абдзяляць увагай сваіх родных. 

Дарэчы, тэма сям’і і сямейных каштоўнасцей закраналася асобна. Падчас сустрэчы выступілі з прапановай больш “круціць” ролікаў і фатаграфій з выявай шчаслівых і паспяховых сем’яў.  Прагучала і такая ідэя: ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыць паркі сямейных дрэў, дзе б людзі маглі пасадзіць дрэва да нейкай знамянальнай для іх сям’і падзеі. Прэзідэнт назваў гэтую ініцыятыву цудоўнай. 

Цікавым момантам стала адрасаванае Прэзідэнту краіны запрашэнне юнай актывісткі БРСМ са Смаргоні прыняць удзел у святкаванні 60-годдзя мясцовага цэнтра творчасці. Праўда, Аляксандр Лукашэнка адразу ж удакладніў: калі зможа.

***
І Вольга Каспорская, і Віктар Аблажэвіч адзначылі, што на ўсё жыццё запомняць, як разам з Прэзідэнтам спявалі студатрадаўскія песні “Каманда маладосці нашай” і “Трывожная маладосць». “Увогуле, склалася ўражанне, што Аляксандру Рыгоравічу вельмі па душы зносіны з моладдзю, яму цікавыя яе праблемы, цікавае яе жыццё. Ён разумее нас і знаходзіцца з намі на адной хвалі. Прэзідэнт адзначыў, што задаволены сустрэчай са студэнтамі ў Гродне і той, якая прайшла 29 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці, і дадаў, што хацеў бы больш такіх форумаў. Канешне, нам, прадстаўнікам моладзі, такіх сустрэч і адкрытых дыялогаў ніколі не будзе зашмат!” – сказалі лідары Лідскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться