У Лідзе стварылі сучасную калекцыю адзення з элементамі беларускага ткацтва (фота)

12 Сентября 2013 3322

Майкі, якія носіць сучасная моладзь, “крычаць”: “Інтым не прапаноўваць, я кахаю мужа”, “Сапраўдны мужчына на дарозе не валяецца, а валяецца на канапе” і т. п. Што можна падумаць пра носьбітаў гэтых рэчаў? Як мінімум – уявіць той самы “інтым”. Можна прыводзіць яшчэ шмат прыкладаў – моладзь расхоплівае і лічыць за “моду” ўсё тое, што прывезена з-за мяжы. Чаму так? Існуе ж у нас і свая, беларуская мода... Рашэнне гэтай праблемы знайшлі супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”, якія ствараюць калекцыю адзення для моладзі з элементамі беларускага традыцыйнага ткацтва. Новая калекцыя аб’яднала дзве эпохі: мінулае і сучаснае. Але самае галоўнае – гэтае адзенне можна насіць: хоць зараз апранай і ідзі на вуліцу. Апрануцца сучасна і па-беларуску паспрабаваў і карэспандэнт “Лідскай газеты”.

У той час, калі ўмельцы ўзнаўляюць беларускія нацыянальныя касцюмы і выкарыстоўваюць іх ва ўстановах культуры ў якасці дэманстратыўных экспанатаў, лідскія майстры, адзіныя на Гродзеншчыне і адны з нямногіх у рэспубліцы, прыстасавалі іх да паўсядзённага жыцця сучаснай моладзі. На нядаўнім фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны” ў цэнтры “Спадчына” адбыўся паказ часткі калекцыі – у выніку знайшліся людзі, якія тут жа гатовыя былі гэтае адзенне купіць. Сёння, зараз! Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што творцы на правільным шляху.

– Калекцыя прадугледжвае 25 мадэлей, – расказвае яе аўтар, малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына” Ірына Вашкевіч. – Пакуль жа створаны шэсць з іх. 

У працэсе група супрацоўнікаў, а гэта Ірына Вашкевіч, якая стварае эскізы, майстар па ткацтву Дар’я Маташук, майстры па шыццю Валянціна Сільвановіч і Таццяна Грыцук, вывучаюць энцыклапедычныя варыяцыі, арнамент, падбіраюць колеравую гаму, разлічваюць, як можна ўкрапіць у будучы камплект адзення нацыянальную сімволіку, спалучыць элементы ручнога ткацтва, вышыўкі, набіўнога малюнка і сучасную тканіну. Здараецца, у працэсе аўтары адыходзяць ад эскіза – усяго адзін лапік вытканай уручную тканіны можа стварыць зусім новы эфект, і касцюм бачыцца ўжо па-іншаму. Што тычыцца матэрыялу, то разглядаецца эканамічны варыянт: касцюм з тканіны ручнога ткацтва нятанны, таму спалучаюцца віскоза, паўшарсцяная тканіна, скура і, вядома, палатно. 

Ірына Вашкевіч паказвае мадэлі, якія можна ўжо сёння прымяраць і выходзіць на вуліцу. Вось хаця б футболка: звычайная, маладзёжная, але ўпрыгожаная старажытным арнаментам у форме манішкі. Верхнюю частку замест стандартных узораў упрыгожвае арнамент – у комплексе глядзіцца стыльна, эфектна. Або – мужчынскія штаны з элементамі галіфэ: з сучаснага матэрыялу, які імітуе джынс, са скуранымі ўкрапленнямі і заклёпкамі па баках. Побач – кашуля: тканіна – цалкам ручное ткацтва, аздобленае ўзорам. Між іншым, гэтая ж кашуля – сучаснай формы з адваротнымі рукавамі, якія зашпільваюцца вышэй локця на гузік. У мужчынскі падлеткавы камплект уваходзяць брыджы, завужаныя знізу, і жакет з кароткім рукавом і капюшонам. У жаночых камплектах вельмі часта можна ўбачыць шнуроўку, якая нагадвае традыцыйны гарсэт. Прыгожа глядзіцца спадніца, выкананая метадам лапікавага шыцця з кавалачкаў тканіны розных ткацкіх тэхнік. Яшчэ адзін жаночы касцюм – шырокія штаны і баваўняны жакет – імітацыя гарсэта са шнуроўкай ззаду і замочкам спераду. З тканіны выкарыстаны лён, паўшэрсць, тканае палатно. У якасці аксэсуараў – тканыя паясы, якія потым трансфармуюцца ў рамяні і ручкі да сумачак, падвескі.

– У распрацоўцы калекцыі ўлічваліся розныя густы, – расказвае Ірына, – сваё адзенне знойдзе ў ёй той, хто аддае перавагу спартыўнаму стылю, і той, хто носіць класіку. Асноўная ідэя – паказаць, якія розныя варыяцыі ёсць у спалучэнні сучаснага і традыцыйнага элементаў. Гэта стыльна і прыгожа, гэта тое, чым беларусам можна ганарыцца.

Першая калекцыя як першая ластаўка. Зразумела, невялікі калектыў цэнтра рамёстваў не зможа наладзіць прамысловы выпуск такога адзення і забяспечыць ім кожнага лідчаніна, хто пажадае яго ў свой гардэроб. А вось швейным фабрыкам варта было б узяць яе на заметку, каб урэшцэ парадаваць беларусаў беларускім.

1

2

3

4

5

6

7

8

9

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться