Тарноўская ўчастковая бальніца прызнана лепшай у вобласці сярод сельскіх устаноў аховы здароўя

17 Февраля 2019 1866
У апошнія некалькі дзён Тарноўская ўчастковая бальніца апынулася “пад прыцэлам” журналістаў мясцовых СМІ. Летась урачы і медсёстры дабіліся значных поспехаў. Гэта вывела ўстанову на першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод сельскіх устаноў аховы здароўя. Вось і мы прыехалі з Ліды ў Тарнова, каб даведацца аб сакрэце поспеху персаналу бальніцы і яе кіраўніка Сяргея Лазарэвіча. 

Тарноўская бальніца сустрэла ідэальнай чысцінёй і добразычлівасцю персаналу. Ды і сам будынак, у якім размяшчаецца медустанова, – светлы, прасторны, з асаблівым шармам – неяк не спалучаецца з думкамі аб хваробах. Дарэчы, сёлета яму споўніцца 33 гады. 

– Наша бальніца пабудаваная ў 1986 годзе, – уводзіць у курс справы загадчык Тарноўскай участковай бальніцы Сяргей Лазарэвіч. – У 2006-м тут быў праведзены капітальны рамонт. У 2008 годзе Тарноўская бальніца была названая лепшай у рэспубліцы, у 2015-м – лепшай у вобласці. Так што мы, лічы, пацвердзілі гэтыя поспехі. 

За ўчастковай бальніцай замацавана амаль 1300 чалавек з 23 населеных пунктаў, у тым ліку больш за 330 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, 660 чалавек працаздольнага ўзросту.

– На жаль, даводзіцца канстатаваць той факт, што колькасць насельніцтва скарачаецца, – дадае Сяргей Іванавіч. – Калі я прыйшоў у 1995 годзе сюды на працу, на нашым участку абслугоўвання было больш за пяць тысяч чалавек, у тым ліку 34 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ветэранаў у нас не засталося. 

У бальніцы створаныя ўсе ўмовы для абслугоўвання сельскага насельніцтва. У медустанове працуюць амбулаторыя на 50 наведванняў у змену з поўным наборам спецыялістаў, неабходных для ўзроўню ўчастковай бальніцы, стаматалогія, маецца агульнаклінічная лабараторыя. Запатрабаванае, асабліва ў пажылых жыхароў, стацыянарнае аддзяленне, якое прадстаўлена 15 тэрапеўтычнымі ложкамі і 10 – сястрынскага догляду. Аб’ём працы ў калектыву вялікі. Летась праз стацыянар Тарноўскай участковай бальніцы прайшло 580 чалавек (85 % з іх – гэта людзі непрацаздольнага ўзросту), колькасць наведванняў урача-тэрапеўта і ўрача агульнай практыкі склала амаль восем тысяч, стаматолага – больш за тры тысячы, было абслужана 700 выклікаў на дом. 

– Вы ў мяне пыталіся, якія менавіта паказчыкі вывелі нашу ўстанову на першае месца ў вобласці, што з’яўляецца асноўнай заслугай, – звярнуўся да журналіста “Лідскай газеты” Сяргей Лазарэвіч. – А тут нельга вылучыць нешта адно, бо гэта ўся праца ў комплексе... Хаця ўсё-такі можна – людзей. Лепшай установу аховы здароўя не робяць сучаснае абсталяванне, новы рамонт або перадавыя тэхналогіі – галоўным паказчыкам паспяховасці нашай працы з’яўляецца згуртаваная праца ўсёй каманды, якая ў крытычныя моманты дзейнічае як адзіны зладжаны механізм. Калі лік ідзе на хвіліны, мае калегі, нібы байцы на фронце, без лішніх пытанняў і роздумаў выконваюць загады “камандзіра”. Бо ў нас таксама “вайна”, у якой на коне здароўе і жыцці нашых людзей. Вось яркі прыклад. Некалькі дзён таму ў пацыенткі адбыўся інфаркт. Мы хутка адрэагавалі і, лічы, выратавалі яе. Жанчына працягвае лячэнне ў Гродне. Вось гэта дарагога каштуе.

У “дывізіёне”  Сяргея Лазарэвіча – 32 “байцы”. Калі казаць пра малодшы медыцынскі персанал, то амаль увесь ён – гэта мясцовыя жыхары, з Тарнова і навакольных вёсак. Урачы і іх памочнікі прыязджаюць з Ліды. Два гады таму Тарноўская бальніца стала першым месцам працы для Анастасіі Куцко, якая жыве ў Малэйкаўшчызне.

– Працаваць тут, побач з прафесіяналамі, сапраўдная радасць, – кажа Анастасія Алегаўна. – Мяне тут адразу добра сустрэлі. Калі нешта не атрымлівалася, цярпліва давалі шанец выправіцца, навучыцца. Праца на сяле дае маладому спецыялісту ні з чым не параўнальны вопыт. Праз некалькі месяцаў у мяне скончацца два гады абавязковай адпрацоўкі, але ў горад пераводзіцца не хачу. Застануся працаваць у Тарнове, няхай і трэба ездзіць з Ліды. Хачу, каб гэтая ўчастковая бальніца стала для мяне не толькі першым, але і адзіным месцам працы ў жыцці.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться