«Пясок такі гарачы, што, бывае, лопаецца скура». Галкіпер Валерый Макарэвіч пра футбол – вялікі і пляжны

17 Июля 2019 1069
На другіх Еўрапейскіх гульнях у Мінску адзіным прадстаўніком Лідчыны быў галкіпер зборнай Беларусі па пляжным футболе Валерый Макарэвіч. Ён паспеў заскочыць у апошні вагон і за вельмі сціслы час пасля працяглай паўзы без гульнявой практыкі змог падрыхтавацца да адказнага турніру. Беларуская каманда мела добрыя шансы на медалі, аднак, на жаль, не змагла заняць прызавое месца.

У інтэрв’ю нашаму выданню Валерый выказаў меркаванне аб тым, чаго не хапіла беларусам, каб дабіцца пастаўленай мэты, расказаў пра ўзровень развіцця пляжнага футбола ў нашай краіне, а таксама ўспомніў галоўныя вехі сваёй спартыўнай кар’еры.

*  *  *

– Валерый, у верасні мінулага года вы прыпынілі выступленні за зборную. Чаму вырашылі вярнуцца?

– Мне пазваніў кіраўнік федэрацыі. Адбылася размова, пасля якой я прыняў такое рашэнне. У мяне заўсёды было жаданне выступаць за родную краіну, а Еўрапейскія гульні – гэта спаборніцтвы, у якіх прыняць удзел таксама вельмі цікава. Пакуль не ведаю, часовае гэта вяртанне ці не.

– Колькі часу працягвалася паўза без трэніровак?

– Месяцаў восем. Потым прыйшлося ў сціснуты тэрмін рыхтавацца. Як мог, зрабіў гэта, аддаў на пляцоўцы ўсё, што было магчыма на той момант. Канешне, любому спартоўцу пасля прастою вяртацца цяжка, ды яшчэ ў такім узросце. Таму і прыйшлося папрацаваць у іншым фармаце, каб быць у больш-менш прывабнай форме.

– Еўрапейскія гульні ў Мінску пачаліся для зборнай Беларусі па пляжным футболе вельмі ўдала, але ж выйсці з групы ўсё ж не атрымалася. Чаму?

– Пачатак добры, але ж на самай справе яшчэ ў першай гульні былі некаторыя складанасці. Яны не так моцна запомніліся, бо ў нашай каманды атрымалася дабіцца асноўнай мэты – перамогі. Здаецца, і наступная гульня складвалася ўдала. Мы ўпэўнена перамагалі Швейцарыю – 4:0, – таму ўжо тады маглі завяршыць выступленне на групавым этапе станоўча. Але не здолелі перамагчы ў асноўны час і адклалі ўсе пытанні на потым. Якія прычыны? Дакладна сказаць цяжка. Па-першае, не заўсёды лёгка гуляць дома. Адказнасць за вынік ціснула. Па-другое, каманда амаладзілася – магчыма, моладзь і не вытрымала таго самага ціску. Але ж памыляліся не толькі маладыя, таму не хочацца шукаць вінаватых. Напэўна, не хапіла досведу, халоднай галавы. Калі б перамаглі Швейцарыю ў асноўны час, то спрачаліся б за медалі. Прынамсі, такі шанец у нас быў бы. 

– Медалі – такой была мэта на Еўрапейскіх гульнях?

– Перад стартам адбылося шмат сустрэч. Усе кіраўнікі нам далі зразумець, што здабыць медаль любога ўзроўню проста неабходна. Але справа не толькі ва ўзнагародах. Пасля Еўрапейскіх гульняў вымалёўваліся добрыя перспектывы ў развіцці пляжнага футбола ў Беларусі. Шмат чыноўнікаў прыходзіла на матчы, а мы імкнуліся паказаць гэты від спорту ва ўсёй яго прыгажосці, паказаць, чаго ён варты. Нам самім хочацца атрымаць умовы, якія б дазвалялі займацца спортам прафесійна. У нашай жа камандзе большасць гульцоў – аматары, якія сумяшчаюць працу і пляжны футбол. Інакш кажучы, мы маглі вывесці пляжны футбол у Беларусі на новы ўзровень. 

– Мяркую, нягледзячы на тое што беларуская зборная заняла толькі сёмае месца, выступленне на Еўрапейскіх гульнях дабавіла пляжнаму футболу папулярнасці ў краіне.

– Так, больш людзей змаглі пазнаёміцца з гэтым відам спорту. Але ж усе праблемы, якія існуюць у нашай «пляжцы», аднымі Еўрапейскімі гульнямі не вырашыць. Без манежа, у якім мы маглі б трэніравацца круглы год, развіваць гэты від спорту немагчыма. Вельмі вузкае кола людзей займаецца пляжным футболам у Беларусі, а наяўнасць крытай пляцоўкі пашырыла б яго. Тады і ў беларускім чэмпіянаце выступала б не шэсць каманд, а дзесяць ці дванаццаць.

*  *  *

– Як вы ўвогуле пачалі займацца футболам? Ведаю, што Алег Фралоў быў вашым першым трэнерам.

– Як зараз памятаю, што каля 16-й школы была пляцоўка, на якой Алег Леанідавіч праводзіў так званую «пульку». Адначасова ён хацеў праглядзець як мага больш хлопцаў, якія маюць неабходныя здольнасці, каб займацца футболам. Я са сваімі сябрамі – Аляксандрам Траццяком і Аляксандрам Мацюком – праходзіў побач, ды й вырашыў паспрабаваць свае сілы. Атрымалася добра, потым толькі з нашага раёна пешшу хадзіла на цэнтральны стадыён чалавек шэсць-сем. Пры гэтым заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго не толькі ў футболе, але і ўвогуле па жыцці. Прыдумлялі розныя карысныя рэчы. Напрыклад, сачылі, каб ніхто з нас не лаяўся, каб добра вучыліся ў школе. Дарэчы, сам Алег Леанідавіч таксама строга сачыў, каб у нас было ўсё добра і ў футболе, і ў школе. 

– Адразу сталі ў вароты?

– Не. Больш гуляў на пазіцыі апорнага паўабаронцы. А потым неяк на спаборніцтвах у Гродне наш брамнік (варатар. – Рэд.) атрымаў пашкоджанне і я змяніў яго. У выніку атрымаў прыз як лепшы галкіпер. З гэтага часу ўсё часцей я з’яўляўся менавіта ў браме.

– Ці лёгкім атрымаўся пераход да прафесійнага футбола?

– З гэтым былі вялікія складанасці. Падчас адной кантрольнай гульні мне зламалі нагу, таму амаль на два гады я выбыў. Часта прыходзілі думкі, што, можа, трэба завязваць, шукаць нешта іншае, але ж у дзевятнаццаць гадоў пачаў трэніравацца зноў і праз некаторы час атрымаў прапанову перайсці ў нясвіжскі «Верас», які ўзначальваў Сяргей Пышнік. Не адразу ўсё атрымоўвалася, працаваў праз боль, але змог вярнуцца на ўзровень, які дазваляў развівацца. Потым перайшоў у магілёўскі «Савіт», з якім атрымалі пуцёўку ў вышэйшую лігу. На жаль, згуляць там з камандай так і не атрымалася. Перад пачаткам сезона таксама атрымаў крыўднае пашкоджанне. Трэба было месяц лячыцца. Трэнер Аляксандр Сяднёў вырашыў не рызыкаваць і вярнуў у каманду ўкраінскага галкіпера – Мікалая Збараха. На той момант меліся прапановы ад другіх клубаў, але нікуды ехаць не было жадання. Чаму? Мая жонка жыла ў Лідзе, дзе ў 2007 годзе нарадзіла дачку. Таму я вырашыў вярнуцца ў родны горад.

– Калі не памыляюся, у гэтым жа годзе была магчымасць перайсці ў склад чэмпіёна краіны – барысаўскага БАТЭ?

– Складана сказаць, наколькі рэальнай была тая магчымасць. Некалькі дзён патрэніраваўся разам з камандай, а на выхадныя паехаў дахаты. Потым мне патэлефанаваў Віктар Ганчарэнка і сказаў, што Аляксандр Федаровіч перадумаў завяршаць футбольную кар’еру, таму прагляд галкіпераў у БАТЭ спыняецца.

– Якія ўражанні засталіся ад гульні за «Ліду»?

– Спачатку думаў, што застануся на паўгода і пасля першага кола сыду. Але ж тады фінансавыя ўмовы былі спрыяльныя, піўзавод актыўна дапамагаў камандзе, таму ў заробку я амаль нічога не губляў. У выніку застаўся на два гады. Перад камандай ставілі мэту захаваць прапіску ў першай лізе, але, на маю думку, той склад мог выконваць і больш сур’ёзныя задачы. На жаль, як паказаў час, нічога асабістага «Ліда» не дасягнула. У родным горадзе гуляць заўсёды прыемна, але ж на далейшае развіццё кар’еры гэты перыяд паўплываў не вельмі станоўча. Аднак я не шкадую, бо быў побач са сваімі роднымі і блізкімі людзьмі.

– Пасля гэтага была яшчэ пабыўка ў «Смаргоні».

– Так, яна магла быць даўжэйшай, калі б меліся крыху лепшыя фінансавыя ўмовы, ды і некаторыя праблемы са здароўем скарацілі яе. Таму ў 27 год я вырашыў нешта мяняць у жыцці. Дарэчы, тады мяне паклікалі ў пляжны футбол. З’явілася магчымасць зарабляць тыя ж грошы ў Мінску, ды яшчэ ў вольны час пашукаць дадатковы заробак.

*  *  *

– Калі вы першы раз пазнаёміліся з пляжным футболам?

– Увогуле, гэта адбылося тады, калі я яшчэ гуляў за «Ліду». Яўген Гайдук запрасіў мяне ў сваю каманду, якая потым стала чэмпіёнам. Я дапамог ёй толькі ў адной-дзвюх гульнях і нават не ведаю, залічылі мне тое чэмпіёнства ці не (смяецца). У гэтым жа складзе каманда «Пасат-Пласт» потым стала выступаць пад другой абрэвіятурай – БАТЭ. А я паглыбіўся ў пляжны футбол і стаў сур’ёзна займацца ім. І ніводнага разу аб гэтым не пашкадаваў.

– Якія складанасці чакаюць пачаткоўца ў пляжным футболе?

– Першыя крокі заўсёды складаныя. Спачатку выбіваў пальцы, бо прывык гуляць у абутку, а тут трэба басанож. Цяжка звыкнуцца з тым, што пясок заўсёды трапляе ў вочы, з часам на гэта не звяртаеш увагі. Калі прымаеш удзел у спаборніцтвах за мяжой, напрыклад у Італіі, і гульня адбываецца ў спёку, пясок такі гарачы, што, бывае, лопаецца скура. Арганізатары стараюцца яго паліваць вадой, але ж гэтага хапае на пару хвілін, цярпець да перапынку цяжка і непрыемна. Ну і калі казаць пра гульнявыя моманты, то ў пляжным футболе вельмі неверагодныя адскокі ад пяску. Здаецца, робіш усё правільна, а мяч ляціць у іншым накірунку. Тут трэба старацца да апошняга стаяць на нагах, бо калі паваліўся, потым нешта выправіць будзе надта цяжка.

– Калі ў вялікім футболе не атрымалася дабіцца асаблівых поспехаў, то ў пляжным вы неаднаразова былі чэмпіёнам краіны, выйгравалі і Кубак, і Суперкубак Беларусі…

– Я вельмі ўдзячны хлопцам, якія дапамаглі мне рабіць першыя крокі ў «пляжцы». Гэта Віталь Крупіца, Яўген Гайдук, Аляксандр Багайчук. Дзякуючы ім я засвоіў самыя простыя тэхнічныя навыкі: як падымаць мяч, кантраляваць яго, дзейнічаць у тых ці іншых выпадках. Наша каманда была адной з мацнейшых у краіне, партнёры даволі моцныя ў футбольным плане. Ставілі задачу перамагаць у кожным матчы, таму і тытулаў заваявалі шмат.

– Калі адбыўся дэбют у зборнай Беларусі?

– Здаецца, у 2012 годзе, падчас гульні з венграмі ў рамках этапу Еўралігі. Гэта быў яшчэ дывізіён «Б». Мы тады выйшлі з групы і дамагліся права паспрачацца з Украінай за выхад у вышэйшы дывізіён. На жаль, саступілі ім у серыі пенальці, але ўсё роўна трапілі ў эліту, так як дывізіён «А» было вырашана пашырыць. З той пары і гуляем з самымі мацнейшымі камандамі Еўропы.

– Ваша клубная кар’ера не была такой стабільнай пасля таго, як пляжнай каманды БАТЭ не стала. За якія калектывы выступалі яшчэ?

– У мінулым годзе выступаў у чэмпіянаце Украіны за каманду «Віт», а таксама ў нашым першынстве – за віцебскі калектыў. У чэмпіянаце Беларусі атрымалася не зусім удала, камандзе не хапіла матывацыі. У чэмпіянаце Украіны заняў другое месца. Вялі ў фінале з лікам 3:1, але ж у выніку саступілі – 3:4. На гэты год паступіла прапанова паспрабаваць сябе ў чэмпіянаце Расіі за самарскія «Крылы», за якія я ўжо правёў адну гульню. У жніўні пройдуць наступныя два этапы і суперфінал.

– Гэта значыць, за адзін сезон можна выступіць адразу ў некалькіх чэмпіянатах? Не кажучы пра зборную краіны…

– Пакуль у пляжным футболе не ўпарадкавана сістэма пераходаў. Таму за сезон можна згуляць за некалькі клубаў. Людзі прыязджаюць на этапы чэмпіянату ці на сам чэмпіянат, які ў некаторых краінах можа прайсці за тыдзень. Калі казаць пра суседзяў, то пакуль толькі ў расійскай лізе некаторыя клубы могуць утрымліваць футбалістаў на працягу года ці больш, падпісваючы з імі дамову. Выходзіць, за год можна паўдзельнічаць у трох-чатырох розных чэмпіянатах, ды яшчэ і згуляць за зборную краіны.

– Якія цяпер планы ў адносінах да пляжнага футбола?

– Галоўнае – за тую працу, якую выконваю, мець здабытак для сям’і. Тым больш зараз у мінскім «Тарпеда», дзе я працую трэнерам брамнікаў, вялізныя праблемы з фінансаваннем. У «пляжку» гатовы гуляць яшчэ, так як ад яе заўсёды застаюцца добрыя эмоцыі: пясок, музыка, шмат заўзятараў. Гэта такі неперадавальны кайф, які не купіш ні за якія грошы. Абы толькі здароўе было. Кідаць гэтую гульню зноў мне не хочацца, бо ў хуткім часе ў Маскве адбудзецца адборачны турнір да чэмпіянату свету. Хочацца прыняць у ім удзел і годна выступіць, атрымаць адну з пяці пуцёвак у Парагвай.


*  *  *

– Ваша кар’ера ў вялікім футболе, як вы і казалі вышэй, працягваецца ў ролі трэнера. Ці даўно адкрылі ў сабе яшчэ і такія здольнасці?

– З 2015 года працаваў у школе ФШМ-Мінск, якая і зараз існуе. Амаль два гады трэніраваў дзяцей, а потым па запрашэнні Андрэя Пышніка, які ўзначаліў сталічнае «Тарпеда», перайшоў у гэты клуб.

– Ходзяць чуткі, што ваша каманда хутка спыніць існаванне.

– У гэтым сезоне спачатку ўсё выглядала добра. Мы атрымалі вельмі цяжкі каляндар, і кіраўніцтва клуба гэта разумела. Па гульні каманда давала бой усім грандам, але ж саступалі з розніцай у адзін мяч. Аднак потым пачаўся перыяд, калі гэтыя паразы пачалі псіхалагічна ціснуць. І з такім настроем мы падышлі да гульняў з асноўнымі канкурэнтамі за захаванне месца ў вышэйшай лізе, у якіх выглядалі не вельмі ўдала. Пасля адной з іх наш фундатар – маскоўскі бізнэсовец – напісаў паведамленне, што часова прыпыняе фінансаванне каманды. Цяпер мы не ведаем, як быць далей і чаго чакаць.

– Улічваючы ўсе абставіны, кім сябе бачыце праз пяць-дзесяць гадоў?

– Бачу сябе толькі ў футболе, а як складзецца – невядома. У любым выпадку нешта атрымаецца, калі буду імкнуцца да развіцця, а не стаяць на месцы.
 
– Не важна, вялікі футбол ці пляжны?

– Не, не важна. Напрыклад, у беларускай зборнай па «пляжцы» трэнерам брамнікаў з’яўляецца Генадзь Туміловіч – чалавек, які вядомы ў вялікім футболе. Галоўнае – яму гэты накірунак цікавы і прыносіць станоўчыя эмоцыі.

Фота: прэсс-служба Асацыяцыя «Федэрацыя пляжнага футбола» Рэспублэкэ Беларусь, аўтара.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться