Раскруціліся з Ліды да «ТІВО», або Што агульнага ў Нацыянальнай бібліятэкі і дзіцячага садка №16?

20 Июня 2018 748

ясли сад 16Такога сайта вы яшчэ не бачылі... Здавалася б, няўжо на бяскрайняй прасторы Інтэрнэта можна чамусьці здзіўляцца? Аказваецца, можна. Не верыце? Тады зайдзіце на сайт спецыяльнага дзіцячага сада №16 для дзяцей з парушэннямі зроку – і вы згодзіцеся: такога яшчэ не бачылі. У рэжыме анлайн тут можна ўбачыць усё, чым жыве дзіцячы сад, чым займаюцца ў ім дзеці, бацькі, педагогі. Увагу прыцягвае мноства раздзелаў і рубрык, назвы якіх не сухія і наменклатурныя, а жывыя і цікавыя, так і клічуць націснуць і паглядзець (нават калі тваё дзіця не наведвае гэты дзіцячы сад або калі яно ўвогуле ўжо зусім дарослае). Ну а завесці размову аб сайце дзіцячага садка нам давялося невыпадкова, бо менавіта гэты сайт заняў другое месца ў конкурсе «Інтэрнэт-прэміі ТІВО-2018». А цяпер здзіўляйцеся ўдвайне: першае месца заняў сайт Нацыянальнай бібліятэкі, другое – дзіцячы сад №16 з Ліды, трэцяе не прысуджалася. На экскурсію па сайце карэспандэнт накіраваўся разам з загадчыцай Элай АРЭХВА.

– Такога сайта сапраўды больш няма. Можаце не шукаць. Перш чым штосьці ствараць, мы праманіторылі інтэрнэт-прастору, – расказвае Эла Уладзіміраўна. – А дапамагалі нам яго стварыць (на бясплатнай, спонсарскай аснове) спецыялісты студыі «PAST MASTER» з якой наш сад вядзе супрацоўніцтва з 2013 года.

Менавіта ў такім фармаце сайт з 2015 года, і дзіцячы садок разам с распрацоўшчыкамі ўжо прымаў удзел у «ТІВО-2016» (атрымаў спецыяльны дыплом). Затым з гэтым жа праектам дашкольная ўстанова брала ўдзел у конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт-2016» і таксама заняла прызавое месца.

– Мы рухаліся, развіваліся, удасканальваліся – і вырашылі паўдзельнічаць у «ТІВО-2018», – гаворыць Эла Арэхва. – Ганарымся тым, што сярод столькіх канкурсантаў (усяго 330 у дзесяці намінацыях, а ў намінацыі «Адукацыя і навука» – 99) наш сайт заняў другое месца.

ясли сад 16-1

Настаўнік-дэфектолаг, а па сумяшчальніцтву мадэратар сайта Святлана Дарафей падчас узнагароджання

Зазірнём жа на сам сайт... Ён арыентаваны на ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагогаў, бацькоў, дзяцей. Але найпершыя і найчасцейшыя наведвальнікі сайта – гэта бацькі. Ім цікава ўсё: і жыццё ў садку, і паслугі, і навіны. За змястоўны аспект адказвае загадчыца садка Эла Арэхва, за тэхнічны бок – настаўнік-дэфектолаг, а па сумяшчальніцтве мадэратар сайта Святлана Дарафей (на здымку). Асобнай увагі заслугоўваюць цікавыя аўтарскія рубрыкі – напрыклад, «Браты нашы меншыя». Дзеці з задавальненнем расказваюць аб сваіх гадаванцах і робяць з імі фота. Увогуле, уся інфармацыя аб дзецях дэманструецца на сайце са згоды бацькоў. Або такія рубрыкі, як «Татаў клуб», дзе не толькі даюцца парады па выхаванні, але і дэманструюцца відэарэпартажы з пасяджэнняў клуба. Яшчэ адна цікавая рубрыка – «Асабістыя старонкі групы». У ёй – фота выхаванцаў і тых, хто з імі працуе. Націснуўшы на фота, адкрываем асабістую старонку кожнага дзіцяці і даведваемся, хто ён і які, чым цікавіцца, што гавораць аб ім бацькі, педагогі і сам ён у інтэрв’ю.

Сайт мае высокую наведвальнасць. 60-70 наведвальнікаў у дзень для сайта дашкольнай установы – добры паказчык. Нездарма ва ўстанове працуюць над яго павышэннем: напрыклад, праводзяць унутраныя конкурсы для дзяцей з выхадам на пляцоўку сайта, арганізоўвюць адкрытае галасаванне (на сайт выходзяць шматлікія родзічы дзяцей, былі выпадкі, што нават з-за акіяна, ЗША). Актывізуюць магчымасці зваротнай сувязі: тут ёсць не толькі абавязковыя «Адно акно», «Задай пытанне», але і магчымасць пад кожнай навіной або фотаздымкам пакінуць свой каментарый.

– Калі мы рыхтаваліся да конкурсу, то палепшылі навігацыю на сайце, ажывілі рубрыкі і большы акцэнт зрабілі на відэаматэрыялах, – адзначае Эла Уладзіміраўна. – У рамках супрацоўніцтва са службамі РАНС, ДАІ, выратавальнай станцыяй даём не дзяжурныя памяткі, а анлайн-кансультацыі.

– Сайт працуе на беларускім правайдары hoster.by, і мы лічым, што гэта лепшы хостынг у Беларусі, – дадае мадэратар сайта Святлана Дарафей. – Лідар рынка, надзейны, аказвае якасныя паслугі. Сайт адаптыўны: дома чалавек можа праглядаць яго з камп’ютара, ноўтбука, у машыне – з планшэта, на вуліцы – са смартфона. І кожны раз з лёгкасцю і камфортам атрымліваць патрэбную інфармацыю.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться