Пяцікратнае «Віншую!» Шматдзетная мама з Ліды прымае віншаванні з 8 марта

08 Марта 2018 919

З раніцы ў сям'і Тамары і Юрыя Роман, як у той песні спяваецца, шум, гоман і беганіна. Малодшыя сыны, пакуль тата на працы, рыхтуюць падарункі для любімай матулі і трох сваіх сёстраў. Працы шмат: трэба зрабіць адразу некалькі паштовак, ды яшчэ і падпісаць. Трохгадовы Павел упэўнена бярэ фламастары ў маленькія ручкі. Ён сёння мастак. “Пашка ўсё хваліцца, што хутка пойдзе ў школу, – вось хай і піша прыгожыя, добрыя словы, – зазначае малы. – Свята 8 Сакавіка – не за гарамі!»

Шматдзетная мама, гледзячы на такія намаганні, расплываецца ў шчаслівай усмешцы. Сям'я вялікая, дружная. І самае галоўнае багацце ў ёй – дзеці: Надзя, Віка, Даша, Міша і Павел.

– Мацярынства – гэта наогул штосьці незвычайнае, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна Валер'еўна. – Першы плач, першыя крокі, першае слова «мама» з вуснаў свайго дзіцяці. Што можа быць даражэй? З мужам ніколі не задумваліся над тым, колькі ў нас будзе дзяцей. Заўсёды ведалі: трое як мінімум. Юрый рос у шматдзетнай сям'і. Дзякуючы Божаму благаславенню і ў нас пяцёра «куранят»: кожны – галоўная каштоўнасць.

Па жыцці муж і жонка Роман – аптымісты: нават у самыя складаныя для сям'і часы не апускалі рук. Тамара працуе настаўнікам хіміі ў ДУА «Дзітвянская сярэдняя школа», муж – вадзіцелем пагрузчыка ў ААТ «Торфабрыкетны завод «Дзітва». Спярша жылі ў бацькоў у аграгарадку. А ўжо ў 2014 годзе атрымалі добрую навіну: як шматдзетнай сям'і, ім выдзелілі кватэру ў Лідзе. Праз два гады перасяліліся ў горад.

– Старэйшай дачцэ цяпер пятнаццаць гадоў, і яна цвёрда настаяла, што скончыць тую школу, у якую пайшла ў першы клас, – гаворыць мая суразмоўца. – Можа, побач з домам было б і лепш, але яна, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», вырашыла вучыцца ў Дзітве. Надзя – творчая асоба: спявае, піша вершы і апавяданні і ў той жа час вельмі дапамагае мне па дому, глядзіць за сёстрамі і братамі. Віка і Даша таксама добрыя, ласкавыя, адказныя дзяўчынкі і ўжо хвацкія гаспадынькі. Ведаеце, калі ў сям'і ёсць узаемаразуменне, абавязкі дзеляцца. Усё роўна трэба памыць посуд, прыбраць у пакоях ці схадзіць у краму. Адказнасць за ўчынкі залежыць ад выхавання і ад таго, наколькі людзі ўмеюць дапамагаць адзін аднаму, падтрымліваць, суперажываць.

Багаты вопыт, цярпенне і любоў дапамагаюць бацькам у выхаванні дзяцей. Сёння гэта вялікая дружная сям'я, якую смела можна ставіць у прыклад. У іх доме заўсёды гучыць вясёлы дзіцячы смех. У асаблівай, незвычайнай атмасферы праходзяць святы. Не паспелі павіншаваць тату, а ўжо на чарзе яшчэ адзін галоўны чалавек у жыцці – матуля.

mamaaaa

– Я хачу, каб яна заўсёды была побач, – прызнаецца маленькі Павел. – Вельмі добрая, вясёлая, ласкавая. Заўсёды абдымае і цалуе. Мая мама – самая лепшая на свеце, і калі б у мяне была чароўная палачка, я б на 8 Сакавіка падарыў ёй усе кветкі, што ёсць на зямлі. 

Старэйшыя сёстры ўсміхаюцца: з братам немагчыма не пагадзіцца. А Тамара Валер'еўна, пачуўшы добрыя словы ў свой адрас, напрыканцы гутаркі заўважае:

– Раней я жыла ведамі, а цяпер усё больш кіруюся досведам і мудрасцю, атрыманымі за гэтыя выдатныя шаснаццаць гадоў сямейнага жыцця. Я магу азірнуцца назад і ўпэўнена сказаць сабе: час пражыты ў надзеі, веры і любові. Нашы дзеці – наша радасць. Іх сінякі і слёзы – нашы слёзы, іх поспехі – нашы поспехі, а іх шчасце – наша шчасце. Што можа быць каштоўней за гэта?

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться