Ці з'явіцца зноў у Лідзе ратуша?

02 Сентября 2015 4403

Магдэбургскае права склалася ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях у нямецкім горадзе Магдэбургу. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцяў. Яно было перанята многімі еўрапейскімі гарадамі, а з ХІV стагоддзя пашырылася на гарады Вялікага княства Літоўскага. На сучаснай тэрыторыі Беларусі налічваецца каля 60 гарадоў і былых мястэчак, якія мелі Магдэбургскае права. Ліда атрымала яго 17 верасня 1590 года, згодна з прывілеем, падпісаным каралём Польскім і Вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам ІІІ Вазам. Вось як аб гэтым, у прыватнасці, сказана ў прывілеі: «…жадаючы ў лепшым парадку мець горад Наш Ліду, даём падданым горада Лідскага права Магдэбургскае… Мы загадалі Нашым лістом прысвоіць пячатку гарадскую, гэта значыць ільва і два ключы перакрыжаваныя па-над ім».

Сімвалічным будынкам у гарадах, атрымаўшых Магдэбургскае права, з’яўлялася ратуша, у якой засядаў гарадскі магістрат. Была яна і ў Лідзе. Спачатку будынкі ратуш узводзілі з дрэва (ні адзін з іх не захаваўся). З ХІV-ХVІІ стагоддзяў сталі будаваць мураваныя ратушы, частка з іх захавалася. Паводле ўказаў Кацярыны ІІ, выдадзеных (у сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай і далучэннем зямель да Расіі) у лістападзе 1775 года, а таксама ў маі і снежні 1795-га, Магдэбургскае права на Беларусі было скасавана, і ратушы спасціглі розныя лёсы. Хутчэй за ўсё, іх будынкі прыстасоўвалі для іншых патрэб. Калісьці на Беларусі былі дзясяткі ратуш. Сёння можна пабачыць (пераважна адноўленыя) толькі сем. Сярод іх, на жаль, няма Лідскай ратушы. Яе будынак загінуў у полымі вялікага пажару, які здарыўся ў нашым горадзе ў 1891 годзе.

Але, як лічыць вядомы краязнавец, паэт і адзін з заснавальнікаў часопіса «Лідскі летапісец» Станіслаў СУДНІК, яна можа быць адноўлена. Гэта пытанне, у прыватнасці, плануецца абмеркаваць на канферэнцыі, прысвечанай 425-м угодкам надання Лідзе Магдэбургскага права, якая хутка мае адбыцца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Дзякуючы ініцыятыве Станіслава Вацлававіча, спецыяльна да канферэнцыі быў зроблены макет Лідскай ратушы. Шлях да яго стварэння быў вельмі няпросты, і ставіцца да гэтага можна па-рознаму. Але нельга не згадзіцца са Станіславам Суднікам: адна справа – весці размовы аб віртуальным будынку, і зусім іншая – абмяркоўваць тое, што можна пабачыць сваімі вачыма. На днях ён завітаў з макетам ратушы ў рэдакцыю «Лідскай газеты». З гэтай нагоды адбылася вельмі цікавая размова.

– Станіслаў Вацлававіч, мне даводзілася бачыць ратушы ў розных беларускіх гарадах – Мінску, Нясвіжы, Шклове, Магілёве… Але, хоць сорамна прызнацца, я нічога не ведаю пра Лідскую.

Пачнём з таго, што ратуша была неад’емным элементам горада, які меў Магдэбургскае права. Менавіта ў ёй павінны былі размяшчацца (і размяшчаліся) органы гарадскога самакіравання рада (прататып гарадскога Савета), магістрат (накшталт сучаснага гарвыканкама), засядала лава (мясцовы суд, які разглядаў дробныя пытанні, у асноўным маёмасныя), тут знаходзіўся бургамістр.

442px-Zygmunt III Waza 2pechat

Акрамя гэтага ратуша павінна была выконваць чыста ўтылітарныя функцыі – звязаныя з упарадкаваннем гандлю. Дарэчы, Магдэбургскае права атрымлівалі менавіта тыя гарады, у якіх быў добра развіты гандаль. І гэта з’яўляецца прычынай таго, што ратуша заўсёды будавалася на рынку. Менавіта ў ратушы захоўваліся меры і вагі, якія выкарыстоўваліся на рынку. У той час яшчэ не было Міжнароднай метрычнай сістэмы мер. У розных краінах, мясцовасцях яны былі розныя. Але з 1590 года ў Лідзе ў гэтым плане быў наведзены парадак. У прывілеі аб наданні ёй Магдэбургскага права ёсць такія радкі: «Гэтаму гораду Лідскаму даём ва ўласнасць бочку меры кракаўскай чатыры карцы або семдзесят два гарнцы меры літоўскай для вымярэння ўсякага збожжа і ўстанаўляем гандлёвыя зборы па дзве манеты з бочкі». Такім чынам, у Лідзе з’явіліся стандартныя меры і вагі. Карэц – гэта коўш з вялікай ручкай, якім звычайна насыпалі зерне. Гарнец – таксама мера аб’ему, толькі драбнейшая. Гарнцамі мералі і гарэлку. У ратушы таксама ляжалі гіры. Магчыма, быў сажань, якім мералі даўжыню.

Ратуша з’явілася адразу пасля надання гораду Магдэбургскага права. Яе пабудавалі за год-два.

– Гэта – вашы здагадкі ці маюцца нейкія сведчанні?

Гэта не здагадкі. Гэта – традыцыя, якая не магла быць парушанай. Калі ёсць Магдэбурскае права значыць, павінна быць ратуша. Адразу, як горад яго атрымліваў, фармаваліся рада, магістрат і іншыя неабходныя ў такім выпадку органы.

– А ці захаваліся якія-небудзь канкрэтныя дакументы?

Малюнкаў і дакументаў, якія тычацца сярэднявечных лідскіх ратуш, пакуль у нашым распараджэнні няма. Але стала вядома, што ў Мінску, у бібліятэцы, захоўваецца архіў Лідскага магістрата. Неяк трэба будзе яго даследаваць. Магчыма, там знойдзецца што-небудзь цікавае.

Ён яшчэ зусім не даследаваны?

Зусім. Яго не так даўно вылічылі. І гэта цуд, бо доўгі час лічылася, што ён у Смаленску згарэў падчас напалеонаўскай вайны.

Дык вось: як выглядалі ў Лідзе сярэднявечныя драўляныя ратушы, мы не ведаем. Мы можам гаварыць толькі пра выгляд апошняй ратушы, якая функцыянавала па сваім прамым прызначэнні да 1795 года (у снежні гэтага года Магдэбургскае права ў Лідзе было адменена). І гаварыць аб гэтым можам, маючы ў распараджэнні дакументы 1803 года. У Расійскай імперыі пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай праводзілася якаясь інвентарызацыя зямель, нерухомасці. Так з’явіліся гэтыя дакументы. У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваюцца арыгінальныя чарцяжы  планаў першага і другога паверхаў будынка і выява галоўнага фасада. Праўда, у подпісах не ўказана, што гэта менавіта ратуша. Але ў 1803 годзе гэты будынак і не мог існаваць пад назвай «ратуша» у Расійскай імперыі Магдэбургскага права ніколі не было.

1803

Фасад «присутственного места» (як мяркуецца, будынка Лідскай ратушы) на чарцяжы 1803 года.

plan

 

 

plan1

plan2

Як вы вызначылі, што гэта – чарцяжы іменна будынка ратушы? Можа, яны да яе не маюць ніякага дачынення.

На адным з памяшканняў захаваўся надпіс «магістрат». Можа, выпадкова (бо ў Расійскай імперыі аналагічная ўстанова называлася «присутственное место»), а можа, не лічылі патрэбным яго замяніць. Гэты надпіс, зрабілі выснову супрацоўнікі музея, можа быць сур’ёзным сведчаннем таго, што перад намі менавіта чарцяжы ратушы.

Ці дайшло да нас апісанне Лідскай ратушы?

Захавалася. Яго пакінуў слынны лідскі гісторык, выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта Міхал Шымялевіч, які першы артыкул пра Ліду (пра замак) напісаў яшчэ да рэвалюцыі. Ён даволі падрабязна апісаў ратушу.

Але ўвогуле, да нашага часу інфармацыі дайшло мала. Чаму? Таму што на месцы Рынкавай плошчы, дзе стаяла ратуша, у розныя часы адбыліся некалькі пажараў. Трэба нагадаць і аб поўным разбурэнні цэнтра горада падчас  Другой сусветнай вайны.

– Безумоўна, ідэя адрадзіць у Лідзе ратушу заслугоўвае вялікай павагі і ўвагі. Чаму вы вырашылі пачынаць яе ажыццяўленне менавіта са стварэння макета?

Дапусцім, прыйшоў бы я да ўлад з прапановай пабудаваць у цэнтры горада ратушу. А як яна будзе выглядаць, як упішацца ў забудову, якая ўжо існуе? І як яна наогул выглядала? У нас жа нават больш-меньш прыстойнага малюнка не было. Пачалося з таго, што я пільна ўглядаўся ў чарцяжы 1803 года і прыкідваў на паперы магчымыя варыянты. Потым на іх аснове першы сапраўдны малюнак ратушы зрабіў лідскі скульптар Вадзім Вараб’ёў. А ўжо абапіраючыся на тыя малюнкі бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч зрабіў класічны макет з белай паперы і картону.

DSC05096

IMG 5607

IMG 5616

– А архітэктараў, прафесійных мастакоў не зацікавіла ваша ідэя адраджэння ратушы? Ці вы да іх не звярталіся?

Да каго толькі я не звяртаўся на працягу двух гадоў, каб зрабіць гэты макет! Да прафесійных мастакоў, вядомых майстроў, у арганізацыі і ўстановы, якія мне рэкамендавалі нават у райвыканкаме. Але ўсе мне адмаўлялі. Даў згоду толькі Лукашэвіч. Ну, значыць, так было трэба. Ён на высокім прафесійным узроўні зрабіў макет. Вы толькі прыгледзьцеся, якая гэта карпатлівая праца. Тут праклеены кожнае акенца, кожны выступ. Ён не проста прыгожа глядзіцца, але, самае галоўнае, дае даволі змястоўнае ўяўленне аб будынку. Гэты макет ужо бачылі некаторыя кіруючыя асобы ў райвыканкаме, і ён зрабіў уражанне.

– Адразу кідаецца ў вочы, што форма даху на чарцяжы 1803 года і на макеце адрозніваецца…

Згодзен. На чарцяжы мы бачым просценькі дах з чатырма схіламі. Але мы палічылі, што дах стаў такім пасля таго, як яго перарабілі пасля аднаго з пажараў. І калі гэта сапраўды ратуша, то дах, хутчэй за ўсё, быў іншай формы. Якой? На макеце прапанаваны варыянт: двухсхільны дах з характэрнымі франтонамі ў стылі барока. Чаму гэты стыль? Мы зыходзілі з таго, што прыкладна ў тыя часы, калі ўзводзілася гэта ратуша, у Лідзе ў стылі барока быў пабудаваны (у 1770 годзе) Фарны касцёл. Калі гэта сапраўды так, то архітэктура ратушы павінна была падтрымліваць архітэктуру Фарнага касцёла.

Ратуша адназначна будавалася да ХІХ стагоддзя, так што за кошт гэтых франтонаў мы прыблізна вярнулі яе ў ХVІІІ стагоддзе (у больш ранні перыяд – не мэтазгодна, бо чарцяжы ўсё ж датуюцца 1803 годам).

А чаму франтоны на макеце выглядаюць менавіта так, а не інакш, адкуль яны ўзяліся? Мы іх запазычылі з аднаго са старадаўніх лідскіх будынкаў па вуліцы 7 Лістапада. Дарэчы, ратуша вельмі нагадвае яго знешнім выглядам, толькі той будынак аднапавярховы, а так – амаль копія. Трэба думаць, што калі гэтыя дамы захаваліся да нашага часу, то, безумоўна, раней іх было значна больш. Так што такая архітэктура для Ліды не новая і не чужая.  

– На ратушах у іншых гарадах, якія мне даводзілася бачыць, адразу звярталі на сябе ўвагу такія атрыбуты, як вежа, гадзіннік, званы. На макеце я іх не бачу. Ці былі яны на згарэўшай ратушы? І ці прадугледжваюцца на навадзеле?

Што тычыцца вежы, то ў тых чарцяжах, якія ёсць, яна нідзе не праглядваецца. І ні разу пра вежу нідзе не згадваецца пісьмова. Прынамсі, вежы былі не на ўсіх ратушах. А гадзіннік на Лідскай ратушы быў. Пра яго згадвае гісторык Міхал Шымялевіч. Згодна з яго апісаннямі, гадзіннік размяшчаўся вось на гэтым месцы – на галоўным фасадзе, на франтоне невялікага выступа даху над балконам. Хаця на чарцяжах гадзінніка няма.

А пра званы мы замаўлялі яшчэ загадзя, калі рабілі макет, што іх тут не будзе. Прапанавана ідэя, якая пакуль не знайшла адлюстравання ў макеце: увянчаць франтоны невялікімі вежачкамі, у якіх бы кожную гадзіну адчыняліся дзверцы, з’яўляўся анёл, трубіў у трубу і зноў хаваўся. 

– На макеце сцены і дах гладкія. Якімі і з чаго яны маглі быць на самай справе?

Дах хутчэй за ўсё быў пакрыты дахоўкай (чарапіцай натуральнага колеру абпаленай гліны). А якімі былі сцены – па чарцяжах не вызначыш. І апісання няма. Хутчэй за ўсё, апошняя ратуша была мураваная.

– А калі нехта палічыць такія запазычанні і дапушчэнні залішняй вольнасцю і не пагодзіцца з такой версіяй?

Гэта – не праект ратушы. І не рабочы макет ратушы. Гэта, хутчэй, ідэя. Гэты ідэйны макет ратушы падрыхтаваны да канферэнцыі з нагоды 425-х угодкаў надання Лідзе Магдэбургскага права, якую плануецца правесці 18 верасня ў музеі. На канферэнцыі будзе дадзена магчымасць выказацца ўсім зацікаўленым прадстаўнікам грамадскасці. Хто не згодзен, хай аспрэчыць, прапануе іншыя варыянты. Калі ласка. Галоўнае, каб гэта было больш-меньш абгрунтавана. Мы ж грунтаваліся на чарцяжах, на адпаведнасці той эпосе і адлюстравалі гэта ў макеце.

Дзе прадугледжваецца акумуляваць усе прапановы?

У райвыканкаме. У любым выпадку, без рашэння мясцовай улады аднаўленне ратушы немагчыма. Калі будзе прынята рашэнне – аднавіць, то яе знешні выгляд будзе абмяркоўвацца на больш высокім і больш прафесійным узроўні. Гэта першы варыянт, які выносіцца на абмеркаванне. І, на мой погляд, ён мае права на існаванне. Але я цалкам дапускаю: тое, што пабудуюць, можа выглядаць зусім не так, як гэты макет. Можа, нейкія змяненні ўнясуць праекціроўшчыкі, а можа, знойдуцца новыя дакументы, якія прадыктуюць свае карэктывы. Зараз галоўнае не тое, які варыянт будзе ўвасоблены ў жыццё. Сёння асноўная задача – каб на афіцыйным узроўні было прынята рашэнне аб аднаўленні ратушы ў Лідзе.

– Калі будзе прынята рашэнне аб аднаўленні ратушы, то дзе прапануецца яе пабудваць? І дзе, дарэчы, яна стаяла раней?

Вы ўжо, напэўна, ведаеце, што будынкаў ратуш, якія дайшлі да нашага часу, зусім няшмат. Ад вядомай Нясвіжскай ратушы пасля  рэстаўрацыі засталіся толькі першапачатковыя падмурак, сцены, фасады. Разбураную ў час шведскай вайны вежу адбудавалі нанова аўтэнтычную першапачатковай. Ратушы ў Мінску, Магілеве, Шклове – гэта навабуды на захаваўшыхся падмурках. Ад Лідскай ратушы падмурка не захавалася. Але з вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што яна стаяла на месцы пяціпавярховага дома №11 па вуліцы Савецкай (калі на цэнтральнай плошчы стаць тварам да школы мастацтваў, гэта пяціпавярхоўка будзе справа). Рынкавая плошча, дарэчы, была значна большых памераў, чым зараз цэнтральная. Акрамя ратушы, якая галоўным фасадам была павернута да Лідскага замка, адметных будынкаў на ёй не было. Ад ратушы плошчу па перыметры акалялі гандлёвыя рады яўрэйскія яткі (лавачкі, накшталт цяперашніх кіёскаў).

shema

Прыкладная прапануемая схема размяшчэння ратушы і гандлёвых радоў.

Зразумела, ніхто зараз зносіць пяціпавярхоўку не будзе. Мы прапануем іншае месца – пляц на рагу вуліц Савецкай і Таўлая, прыкладна, дзе раней быў стары гарадскі Дом культуры. Дакладней за магазінам  «Віцязь» (былой бібліятэкай), перпендыкулярна яму, каб бакавы фасад ратушы-навабуда глядзеў на магазін, а галоўны фасад выходзіў на вуліцу Таўлая і глядзеў (як і ў ратушы-папярэдніцы) на замак. Атрымліваецца, ратуша будзе стаяць амаль паралельна паціпавярхоўцы, толькі на другі бок вуліцы Савецкай. І я не бачу ў гэтым вялікай трагедыі. Нямала вядомых аб’ектаў стаяць не на першапачатковых месцах (напрыклад, помнік Пушкіну ў Маскве). Такім чынам, галоўны фасад выходзіў бы на вуліцу Таўлая, а вакол трох астатніх фасадаў мы прапануем дабудаваць двухпавярховыя гандлёвыя рады (у гэту забудову арганічна ўпісваецца будынак былой бібліятэкі – ён стаў бы адным з крылаў гандлёвых радоў).

Макет

Канешне, сумна, што час не данёс да нас нават рэшткаў арыгінальнай ратушы. Суцяшэннем можа быць толькі тое, што звычайна навабуд каштуе прыкладна ў 5 разоў танней за рэканструкцыю.

А як горад змог бы выкарыстоўваць будынак ратушы?

Частка памяшканняў магла б выкарыстоўвацца як непасрэдна музей самой ратушы і адначасова быць як бы «неафіцыйным райвыканкамам». Той жа архіў райвыканкама мог бы знаходзіцца на першым паверсе, там, дзе ён у ратушы і знаходзіўся. На сценах можна павесіць партрэты ўсіх былых лідскіх старастаў. Другі паверх мы бачым вялікай залай, дзе можна было б праводзіць сярэднявечныя балі. У мяне перад вачамі – выява магчымай афішы: «Баль у Лідскай ратушы». А ў гандлёвых радах, у адным крыле, можна (у мяне ёсць такая светлая мара) аднавіць Лідскі вернісаж, дзе б карціны выстаўляліся і прадаваліся. У гандлёвых радах (у іншых крылах) таксама могуць размяшчацца гасцініца (напрыклад, з назвай «Ля ратушы»), рэстаран.

Хто і за якія сродкі ўвасобіць гэта ў рэальнасць? Безумоўна, трэба шукаць інвестара. Як варыянт, можна паставіць умову: інвестар за свае сродкі будуе аб’ект, і яму за гэта перадаюцца ва ўласнасць гандлёвыя рады. А для горада будзе ратуша.

На Беларусі ратуш лічаная колькасць, а ў Расіі  толькі адна на былой фінскай тэрыторыі, у Выбаргу. Пры такім «раскладзе» ратуша магла б стаць адметнай «фішкай» Ліды. Пры жаданні, можна ператварыць гэты аб’ект у своеасаблівы куточак Сярэднявечча ў Лідзе. І хутка ўсе б забыліся (дакладней, не надавалі б увагі), што гэта навабуд. Але спачатку патрэбны рашэнне выканкама, воля і жаданне на ўзроўні ўлад гэта здзейсніць.

Вельмі хацелася б, каб да 700-годдзя Ліды, да 2023 года, ратуша ўжо ўпрыгожвала наш горад. У нас яшчэ ёсць 8 гадоў. Але не так гэта і многа.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться