Наталля Хітрун: кожны вучань – гэта цэлы свет, загадкавы і непаўторны

30 Сентября 2022 1894

Настаўнік пачатковых класаў Наталля Хітрун (на здымку) працуе ў сярэдняй школе №17 г. Ліды вось ужо шаснаццаць гадоў. Шлях у прафесію для гераіні артыкула быў усвядомленым: яшчэ школьніцай яна заўсёды марыла працаваць з дзецьмі. І сёння Наталля Яўгенаўна ўпэўнена, што ў 2006 годзе зрабіла правільны выбар: яна патрэбна сваім вучням кожны дзень, кожную хвіліну. Варта раніцай толькі з'явіцца ў школе – і яе любімыя малышы з 2-га «Г» бягуць да яе, распавядаюць навіны, дзеляцца сваімі поспехамі, перажываннямі, думкамі.

Кожны вучань – гэта цэлы свет, загадкавы і непаўторны, і таму вельмі каштоўны, – разважае Наталля Хітрун. – За гады работы ў школе я зразумела, як важна не толькі правільна даносіць матэрыял, але і ўмець размаўляць з дзецьмі, разумець кожнага, быць на адной хвалі і абавязкова любіць.
Наталля Яўгенаўна ўпэўнена: кожны маленькі чалавек мае свой характар і свае думкі. З ім абавязкова трэба раіцца. Толькі ў такім выпадку дзеці будуць цягнуцца да сваёй класнай «мамы», апавядаць аб сваіх марах, часам нават аб самым патаемным.

Мы любім з класам падарожнічаць, іншымі словамі, бываць на экскурсіях, – апавядае педагог. – Ужо паспелі “пагутарыць” з прыродай у рэгіянальным лясным экалагічным адукацыйным цэнтры “Парк “Гарні” на базе Лідскага лясгаса, пабываць на шклозаводзе “Нёман”, дзе пазнаёміліся з тэхналогіяй вырабу каляровага шкла і крышталя, убачылі работы майстроў сваёй справы. У працэсе такіх паездак перад вучнямі адкрываюцца культурныя традыцыі, цікавыя месцы нашага лідскага краю.
Наталля Хітрун любіць сваю прафесію і лічыць яе вельмі важнай, таму што менавіта настаўнік закладвае ў дзіцячыя галовы асновы школьных ведаў і менавіта яго дзеці запамінаюць на ўсё жыццё.

 – Настаўнік павінен быць памочнікам, псіхолагам, прыкладам для пераймання, у нейкай ступені нават мамай, – адзначыла гераіня артыкула. – Толькі ў гэтым выпадку яго чакае поспех.
Настаўніцкая праца не менш творчая, чым праца пісьменніка ці мастака, толькі людзі гэтай прафесіі звяртаюцца да душы маленькага чалавека не праз паэтычнае слова або жывапіс, а з дапамогай зносін, натхняюць яго на пазнанне навакольнага свету. Настаўнік сёння злучае ў сабе любоў да справы і да вучняў. Менавіта такі чалавек Наталля Хітрун.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться