Жыхары Траццякоўскага сельсавета даглядаюць магілы продкаў

28 Сентября 2022 1236
Старшыня Траццякоўскага сельскага Савета Аляксандр Хвайніцкі гутарыць з Ганнай Хітрун.

Патрэбна, каб знайшоўся арганізатар 

Аб’язджаючы са старшынёй Траццякоўскага сельскага Савета Аляксандрам Хвайніцкім вясковыя могілкі і цікавячыся іх станам, на могілках вёскі Чараўкі мы засталі лідчанку Леаніду Кір’яновіч. Раз у месяц жанчына садзіцца на маршрутны аўтобус і спецыяльна едзе ў вёску, у якой прайшло яе маленства. Наводзіць парадак ля месцаў захавання сваіх родных яна лічыць тым, што само сабой разумеецца.

– А як жа іначай? – кажа Леаніда Францаўна. – Тым больш паглядзіце, якімі прыбранымі наогул сталі могілкі. У першую чаргу гэта адбылося дзякуючы ўраджэнцу нашай вёскі Аляксандру Памаху. Нізкі паклон яму!
Лідчанін Аляксандр Памаха, як і многія вяскоўцы, з пашанай адносіцца да мінулага свайго населенага пункта і тых людзей, якія тут жылі. Нездарма Аляксандр Іванавіч устанавіў у цэнтры Чараўкоў, недалёка ад бацькоўскай сядзібы, памятны знак – камень з барэльефам, а таксама стаў арганізатарам вельмі патрэбнай справы – добраўпарадкавання мясцовых могілак. 

Леаніда Кір'яновіч лічыць абавязкам прыбіраць захаванні сваякоў.

Калі пазней журналіст патэлефанаваў Аляксандру Іванавічу і пацікавіўся, што падштурхнула яго заняцца гэтым пытаннем, ён адказаў, што была вялікая неабходнасць выдалення старых дрэў з тэрыторыі захаванняў. Вырашыў не чакаць, калі на гэта будуць выдзелены грошы з бюджэту, а прыкласці ўласныя намаганні. Каб наняць спецыяльных пільшчыкаў-верхалазаў, уклаў часткова ўласныя сродкі. А яшчэ звязаўся з ураджэнцам вёскі, які зараз жыве ў Маскве і вядзе там сваю справу. Той ахвотна згадзіўся дапамагчы фінансава. Пільшчыкам трэба было выдаліць з могілак 30 старых дрэў дыяметрам намнога большым, чым можна абхапіць рукамі. Але яны паспяхова з гэтым справіліся. А каб галіны, сукі, папілаваныя на кавалкі ствалы дрэў прыбраць з тэрыторыі, Аляксандр Іванавіч сабраў на падмогу маладзейшых сваякоў, знаёмых і тых, чые продкі жылі і пахаваны ў Чараўках. Наступнымі крокамі былі ўстаноўка агароджы і яе пафарбоўка, абсталяванне пляцоўкі для ўладкавання смеццевага кантэйнера.

Ведаеце, справа будзе пад сілу, калі знойдзецца яе арганізатар, – зазначыў у час гутаркі з журналістам Аляксандр Іванавіч. – А мясцовая ўлада, як я ўпэўніўся, падтрымае пачынанне.


Дайсці да свядомасці

У Траццякоўскім сельсавеце дрэвы за апошнія гады былі выдалены з могілак не толькі вёскі Чараўкі, але і такіх населеных пунктаў, як Дакудава-1 і Дакудава-2, Навіцкія-2, Бурносы, Анацкі, Кянці, Калясішча, Вялiчкi, Мiкулiчы, Мiнойты. Для гэтага прыклалі намаганні як сельскі Савет, КСУП “Ёдкі-Агра”, так і ўраджэнцы вёсак. Мясцовыя жыхары актыўна ўключыліся ў правядзенне добраўпарадкавання. Журналіст пацікавіўся ў старшыні Траццякоўскага сельскага Савета Аляксандра Хвайніцкага, якая работа была праведзена сярод вяскоўцаў, дзякуючы чаму яны павярнуліся тварам да пытання стану могілак, палічылі, што гэта і іх справа, а не толькі ўлады на месцах. 

– У многім дапамаглі гутаркі з людзьмі, – адказаў Аляксандр Яўгенавіч. – Калі прыйшоў на пасаду старшыні, у час правядзення вясковых сходаў, у асабістых размовах не прамінаў заўважыць, што клопат пра месцы захавання продкаў – гэта святы абавязак кожнага чалавека. Тлумачыў людзям, што вырашэнне пытання толькі за бюджэтны кошт зойме многа часу. Пра гэта гаварылі людзям і іншыя работнікі сельвыканкама. Мы склалі для насельніцтва памятку на аснове норм і патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе” і Правіл утрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання, зацверджаных пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь №17. Вось што там напісана: “Асобы, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання, устаноўкі надмагільнага збудавання, альбо іншыя асобы па іх даручэнні самастойна за кошт уласных сродкаў сочаць за цэласнасцю і захаванасцю надмагільных збудаванняў на адведзеных участках, своечасова праводзяць іх рамонт (аднаўленне), пафарбоўку, замену ў выпадку разбурэння, выконваюць работы па ўборцы месцаў захавання ад смецця, расчыстцы праходаў паміж участкамі для захавання, апраўцы надмагільных пагоркаў, выдаленні аб’ектаў расліннага свету з участкаў для пахавання і праходаў паміж імі, ажыццяўляць догляд жывых агароджаў з хмызняку, кветнікаў і газонаў”. Таксама чалавек не павінен заставацца абыякавым і да аварыйных дрэў, што схіліліся над магіламі сваякоў. 

Па прыкладзе суседзяў

– А яшчэ ведаеце, нездарма ў народзе кажуць, што прыклад іншых заразлівы. Рэалізавалі ініцыятыву жыхары ў адной вёсцы – паглядзелі на іх жыхары іншай і таксама праявілі актыўнасць, – заўважыў Аляксандр Яўгенавіч.

У гэтым пераканаўся і журналіст, калі сустрэўся з вясковымі актывістамі. Напрыклад, Ганна Хітрун, якая працуе загадчыцай Мінойтаўскага аддзялення сувязі, арганізавала мясцовых жыхароў для выдалення старых дрэў за кошт насельніцтва з могілак вёскі Мінойты. Сродкі на гэта ў свой час выдзяляліся і з бюджэту, асобныя аварыйныя дрэвы выдаляліся, але ахапіць вялікі аб’ём работы ў цэлым па спілоўванні было немагчыма.
– Мы з Аляксандрам Яўгенавічам абмяркоўвалі пытанне, як выдаліць з могілак старую расліннасць, шукалі варыянты, – казала журналісту Ганна Хітрун. – А неяк прыехалі мы з мужам да сваякоў у Навіцкія-2 і сталі сведкамі выдалення дрэў з мясцовых могілак. Я звярнулася да старасты вёскі Яніны Алетаровіч. Яна расказала, як удалося арганізаваць гэтую справу. Прапанавала: “Падыдзі да хлопцаў-верхалазаў, спытай, ці змогуць да вас у Мінойты завітаць”. Што я і зрабіла. Пільшчыкі згадзіліся выканаць работы. Спачатку размова ішла аб выдаленні старых дрэў каля магілы нашага сына. Але калі потым я расказала аб такой задумцы сваякам тых, хто пахаваны непадалёку ад сына, то і яны вырашылі фінансава ўкласціся ў справу. Затым да мяне звярнуліся і іншыя жыхары Мінойт. Маўляў, і мы гатовы ўнесці грошы, каб аплаціць работы па спілоўцы. Старшыня сельскага Савета Аляксандр Хвайніцкі, якому расказала пра нашу ініцыятыву, з дазволам на выпілоўванне не марудзіў. 

Пасля таго як верхалазы спілавалі дрэвы, сельскі Савет дапамог рабочымі, каб выцягнуць і ўтылізаваць галлё. Безумоўна, не засталіся ўбаку ад гэтага мы, вяскоўцы. Дарэчы, калодкі, якіх пасля спілоўвання было нямала, мы вырашылі прадаць. Выручаныя грошы былі дабаўлены да сумы, якой разлічыліся з верхалазамі за работу.

Людміла Крыпец, загадчыца Дакудаўскага ФАПа, стала ініцыятарам добраўпарадкавання могілак у Дакудава-1. 


Людміла Крыпец.

   – Нас даўно хвалявала пытанне ўстаноўкі агароджы вакол могілак, – адзначыла ў размове з журналістам Людміла Міхайлаўна. – Ідэю падала Лілія Гольмант, якая раней працавала кіраўніком спраў сельвыканкама. Маўляў, а што, калі звярнуцца да тых, хто будзе здымаць старую агароджу з месцаў захаванняў родных? Яе ж можна выкарыстаць для агульнай агароджы могілак. Унеслі гэту прапанову на разгляд вяскоўцамі, яны згадзіліся. Немалаважна, што ідэю падтрымаў і мой муж Пётр Міхайлавіч. Перад ім стаяла важная задача – аднавіць старую агароджу і правесці зварку. 

 Затым трэба было пафарбаваць агароджу вакол могілак – адгукнуўся ўраджэнец вёскі Пётр Пэнда, закупіў фарбы і пэндзлі. Мы сабралі мясцовых жанчын і мужчын і за адну суботу выканалі работу.
Потым пачалі весці гутарку з Аляксандрам Хвайніцкім, як высечы на могілках старыя дрэвы. Я і мясцовыя актывісты ведалі: у навакольных вёсках людзі бяруць справу ў свае рукі. Пачалі і мы шукаць верхалазаў, якія запатрабуюць меншую цану за сваю работу. Тым не менш патрэбна было сабраць названую імі суму, таму пайшлі па хатах збіраць грошы. Скажу шчыра: многія ахвотна згаджаліся, але былі і такія, хто катэгарычна адмаўляўся даць на агульную справу хоць капейку. Ссечаныя на могілках дрэвы мы давялі да ладу і здалі. Грошы, якія атрымалі, дабавілі ў кошт аплаты верхалазам.

 Па просьбе журналіста Людміла Міхайлаўна назвала тых, хто актыўна ўдзельнічаў у добраўпарадкаванні мясцовых могілак. Гэта Іван Слесар, Ірына Валюкевіч, Ірына Чарнова, Уладзімір Кузьміч, Людміла Тарасюк, Ларыса Бондар, Ірына Кудзі, Вітольд Маркевіч і іншыя. 


Цяпер у планах, па словах Людмілы Міхайлаўны, замураваць ля могілак кантэйнерную пляцоўку пад кантэйнер для смецця, які выдзеліў сельскі Савет, абнавіць фарбу на агароджы. 
Журналісту прыемна было даведацца пра ўсё расказанае вышэй, пра тое, што прадстаўнікі ўлады на месцах знаходзяць з людзьмі паразуменне і натхняюць на добрыя справы, прымаючы ў іх непасрэдны ўдзел.

Можна быць упэўненымі: продкам не сорамна за сваіх нашчадкаў.



Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться