У «Пескаўцах» ушаноўвалі новых тысячнікаў. Добра падсілкаваўся-добра папрацаваў

19 Августа 2022 2285

"Жнівеньскі дзень год корміць", – кажуць людзі. І сапраўды, менавіта ў жніўні становіцца зразумела, ці будзем з хлебам. Таму найбольшая ўвага ў гэтыя дні ўдзяляецца працы механізатараў, бо іх першапачатковая задача – максімальна без страт сабраць і перавезці ў нарыхтоўчыя пункты выспелае збожжа.

У гэты раз атрымалася трапіць на ўшанаванне ў КСУП “Пескаўцы” механізатараў, якія намалацілі або перавезлі тысячу тон збожжа. Героямі гэтага дня былі экіпажы камбайнераў у складзе Антона Трайго і Віталія Баравіка, а таксама Аляксандра Зайца і Антона Лайкевіча. Таксама ўзнагароды атрымалі вадзіцелі Раман Урбановіч і Вікенцій Барташэвіч. Некалькі дзён назад віншавалі Івана Руткоўскага, Яўгена Крупу і Антона Урбановіча. Усім ім былі ўручаны грашовыя прэміі ад раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Да іх са словамі падзякі звярнулася кіраўнік гаспадаркі Вольга Наройчык: “Дзякуй вам за працу! Гонар і хвала працавітым людзям!” Таксама яна паведаміла пра тое, якія меры ў найбліжэйшы час будуць прыняты дзеля хутчэйшага і якаснага завяршэння жніва.

А работнікі Ходараўскага дома культуры падарылі віноўнікам урачыстасці музычны нумар.

Новыя тысячнікі

Пасля афіцыйных віншаванняў літаральна на пару хвілін атрымалася перамовіцца з Аляксандрам Зайцам і Антонам Лайкевічам. Аказалася, што яны не з’яўляюцца работнікамі сельгаспрадпрыемства, а на пастаяннай аснове працуюць у жыллёва-камунальнай гаспадарцы і Пескаўскай школе адпаведна.

– Вас накіравалі сюды ад вашых арганізацый ці самі на адпачынку тут працуеце? – пытаюся ў мужчын.

– Справа ў тым, што мы разам дапамагаем жаць ужо не першы год. Было па-рознаму: калі камандзіравалі, а калі, як сёлета, працуем падчас працоўных адпускоў, – патлумачыў Антон Францавіч.

– А што яшчэ, акрамя дадатковага заробку, кліча вас на поле?

– Мяне – любоў да прыроды. Паглядзіце, як прыгожа навокал! Мой тата некалі працаваў у лясніцтве, там таксама сеялі, а потым збіралі збожжа. Вось ён мяне, яшчэ падлетка, і навучыў працаваць на камбайне. А тут, у гаспадарцы, я працую на камбайне з 2005 года, – працягвае свой аповед Антон Лайкевіч.

– А я люблю тэхніку. З 1986 года працую механізатарам. Амаль кожны год саджуся за штурвал камбайна. Мне падабаецца, калі машына працуе спраўна – тады і работа ідзе спарней. А з Антонам мы жывём у адной вёсцы, шмат гадоў сябруем, таму і працаваць разам проста, – уступіў у гутарку Аляксандр Заяц.

Развітаўшыся з камбайнёрамі, паспяшалася на хвілінку перахапіць яшчэ аднаго героя таго дня – Рамана Урбановіча. Аказалася, што ён на машыне працуе трыццаць гадоў – з асабістага паўналецця. Работу сваю любіць і спадзяецца, калі не падвядуць надвор’е і тэхніка, перавезці яшчэ не адну сотню (а можа, і тысячу) тон збожжа.

Добра падсілкаваўся – добра папрацаваў

Між тым жыта ў полі нецярпліва чакала свайго часу, каб аказацца ў бункеры камбайна, таму мужчыны дружна накіраваліся да сваіх машын, а Вольга Анатольеўна Наройчык прапанавала пазнаёміцца яшчэ з некаторымі працаўнікамі гаспадаркі, ад якіх у пэўнай ступені залежаць настрой і працаздольнась механізатараў, – работнікамі сталовай.

– Пачынаючы з вясновай пасяўной і канчаючы восеньскай, уключаючы перыяд уборкі ўраджаю, усе нашы механізатары, работнікі механічна-рамонтных майстэрняў, зернесушыльнага комплексу і іншыя абавязкова атрымліваюць паўнацэнны абед днём і, па жаданні, вячэру сухпайком.

– У колькі ім абыходзіцца харчаванне? – пытаюся.

– Ні ў колькі, – усміхаецца Вольга Анатольеўна. – Харчаванне – за кошт гаспадаркі.

– Між іншым, такая ж практыка склалася ва ўсіх сямі гаспадарках нашага раёна, – уступіў у гутарку Аляксандр Іванавіч Марсаў, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. – Скажу больш: Лідчына – адзін з двух раёнаў у вобласці, дзе работнікі харчуюцца за кошт гаспадаркі. У іншых утрымліваюць з зарплаты ад 10 да 50 працэнтаў кошту харчавання.

За гутаркай мы трапілі ў вясковую сталовую (належыць КСУП “Пескаўцы”), якая па сваім інтэр’еры нічым не ўступае падобным гарадскім. Скажу больш: па смаку страў таксама (час быў абедзенны, і мне прапанавалі паспрабаваць абед камбайнёраў). І калі з супам (гарохавым) і другой стравай (“лянівымі” галубцамі) было ўсё зразумела, то сакрэт напою (вельмі смачнага!), якім мяне пачаставалі, так і не раскрылі, толькі больш заінтрыгавалі: не з ягад і не з сухафруктаў. Шчыра кажучы, я так і не зразумела, з чаго ён. Праўда, былі нейкія згадкі смаку з дзяцінства, нібы прыгатаваных у хатніх умовах цукерак з расплаўленага цукру… Гэта фірменны рэцэпт загадчыцы сталовай, які яна нікому не раскрывае. А вось частуе з задавальненнем.

Гаспадыняй гэтага ўтульнага куточка і аўтарам смачнага напою аказалася прыемная жанчына Таіса Віктараўна Качан, якая працуе тут ужо 20 гадоў. Пра сябе паведаміла наступнае: родам яна, як і яе бацькі, з гэтых мясцін. Бацькі некалі працавалі ў калгасе. Цяпер яе дачка працуе галоўным бухгалтарам, родны брат – галоўным інжынерам у гэтай жа гаспадарцы. Так што склалася добрая працоўная дынастыя. Некалькі гадоў назад нават прымалі ўдзел у раённым, а потым у абласным конкурсе працоўных дынастый. Было вельмі цікава і весела.

Падчас гутаркі яна таксама паведаміла, што разам з ёй у сталовай працуюць яшчэ дзве жанчыны (адна на выездзе). Цяпер, у самы пік жніва, прыходзіцца гатаваць 70-75 порцый. Вопыт і спрыт ёсць – спраўляюцца. Іх працоўны дзень пачынаецца ў восем гадзін раніцы, а заканчваецца толькі пасля таго, як падрыхтуюць усё для заўтрашняга гатавання.

– Мне вельмі прыемна, што мае здольнасці, мая праца дазваляюць мне ўносіць сваю лепту ў агульны раённы каравай, – падвяла вынік Таісія Віктараўна.

А ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама нам паведамілі, што па стане на раніцу 19 жніўня ў раёне зжата 77 працэнтаў збожжа, намалочана 47879 тон. Сярэдняя ўраджайнасць – 36,4 цэнтнераў з гектара, што на 10,3 больш, чым у мінулым годзе.






Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться