У Мажэйкаве вучаць быць гаспадарамі з дзіцячага садка

25 Июня 2022 1845
Нядаўна на адным з паседжанняў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка дзяліўся ўспамінамі са свайго дзяцінства, калі школьнікі не лічылі за ганьбу працаваць на гаспадарчых дварах, у садах і агародах пры навучальнай установе.

Таксама адзначыў, што такая практыка не перажытак мінулага, бо яна дазваляе не толькі забяспечыць школу (а значыць, і сябе) прадуктамі на наступны навучальны год, зрабіць абеды таннейшымі, але і дае практычныя навыкі карыснай працы, якія ніколі не будуць лішнімі ў сталым жыцці.

 З гэтым абсалютна згодна дырэктар Мажэйкаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Новікава. Вось што яна нам паведаміла:

 – Вучыць быць гаспадаром – адзін з накірункаў работы педагогаў нашай установы. І лічу, што гэтыя навыкі не менш патрэбныя, чым трывалыя веды. У кожнага чалавека на працягу яго жыцця здараюцца ў кар’еры і ўзлёты, і падзенні. Таму не разгубіцца ў няўдалы час і забяспечыць сябе самым неабходным – харчам – нашы выпускнікі змогуць лёгка.

 Сапраўды, пры ўстанове ёсть невялікі агародчык, закладзены сад,  дзе вырошчваюцца традыцыйныя для Беларусі агародніна, ягадныя кустарнікі і пладовыя дрэўцы. Увесь ураджай ідзе на прыгатаванне смачных і карысных страў для гадаванцаў дзіцячага садка і школьнікаў. Сеюць, садзяць, поляць, паліваюць, даглядаюць усю гэтую гаспадарку вучні.

 – У мінулым навучальным годзе мы вырашылі далучыць да гэтай справы выхаванцаў дзіцячага садка. Бо перыяд “чамучак” – пазнання свету – самы спрыяльны для таго, каб пачаць закладваць асноўныя практычныя навыкі і чалавечыя каштоўнасці. Таму мы распрацавалі і далі старт праекту “Агародзік у агародзе”. 

 І вось у самых маленькіх навучэнцаў нашай установы з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці гаспадароў: пасадзіць агародзік, даглядаць яго, выгадаваць ураджай і адчуць сябе сапраўднымі маленькімі гаспадарамі зямлі. Усе работы праводзяцца ў гульнёвай форме – цікава і весела. У выніку дзеткі яшчэ атрымліваюць веды, якія ім спатрэбяцца на ўроках біялогіі, – дадала Наталля Мечыславаўна.

 А мы пажадаем маленькім гаспадарам поспехаў у іх цікавай і карыснай справе, а ў будучыні з усімі жыццёвымі перашкодамі спраўляцца толькі на выдатна!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться