У Бердаўскім гісторыка-краязнаўчым народным музеі падзея: адкрыта экспазіцыя памяці Анатоля Крупы
23 Июня 2022
1048

Знаёмства пачынаецца з экспазіцыі, уключанай у цэнтральную частку музейнай залы, «Агеньчык яе будзе гарэць вечна…».
На новай выставе размешчаны біяграфічныя звесткі пра Анатоля Леанідавіча і яго верную спадарожніцу ў сямейным і прафесійным жыцці Наталлю Фёдараўну, сабраны фотаматэрыялы, дакументы і асабістыя рэчы, якія характарызуюць сваіх гаспадароў, іх прафесійную дзейнасць, асабістае жыццё і захапленні. І юным школьным экскурсаводам было пра што расказаць.

– Адкрыццё новай экспазіцыі ў школьным музеі – заўсёды яркая падзея, якая дае магчымасць дакрануцца да гісторыі роднага краю, падзей і лёсаў людзей, – заўважыла Галіна Альшэўская, цяперашні кіраўнік Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея. – Больш за трыццаць год, пачынаючы з 1989-га, у Бердаўскім гісторыка-краязнаўчым народным музеі усё, што было звязана з музейнай справай, ініцыявалася, арганізоўвалася і праводзілася менавіта Анатолем Леанідавічам.
Пра тое, якімі запомніліся Анатоль Леанідавіч і Наталля Фёдараўна землякам, гаварылі і госці ўрачыстага мерапрыемства, сярод якіх былі дачка Юлія і малодшы ўнук Мікіта. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства, намеснік старшыні раённай арганізацыі РАА «Белая Русь» Любоў Прадка падзялілася ўспамінамі пра тое, як пачынала сваю педагагічную дзейнасць ў Бердаўскай школе пад кіраўніцтвам Анатоля Леанідавіча, як сама пазней атрымала адукацыю гісторыка. І ў значнай ступені менавіта дзякуючы гэтаму ў сваё прафесійнае жыццё ўзяла ад сям’і Крупа ўменне трымаць дадзенае слова і адказнае стаўленне да прафесіі, да любой справы, якой займаешся.
Старшыня Бердаўскага сельскага выканаўчага камітэта Галіна Суботка падзялілася ўласнымі ўспамінамі пра Анатоля Леанідавіча як мясцовага дэпутата, пра прыклад і традыцыі яго сям’і для аднавяскоўцаў, а таксама для кожнага, хто ведаў Крупу. З цеплынёй успомніла пра партнёрскія ўзаемаадносіны ў педагагічным калектыве ў гады сумеснай працы, а таксама пра асабістыя якасці герояў мерапрыемства калега і блізкая сяброўка Наталлі Фёдараўны, настаўнік рускай мовы і літаратуры Марыя Сяўко.
Пра Анатоля Леанідавіча як кіраўніка, прыклад якога годны для пераймання і сёння, гаварыў дырэктар установы адукацыі Сяргей Саўчык. Настаяцель храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы Аляксандр Зберыноўскі на прыкладзе сям’і Крупа расказаў, як, нягледзячы на занятасць і асабістыя жыццёвыя праблемы, кожны хрысціянін можа знайсці час для жыцця духоўнага, а кожны чалавек здольны ступіць на шлях веры нават у свядомым узросце. Ён з удзячнасцю ўспомніў, колькі было зроблена Наталляй Фёдараўнай для храма вёскі Вялікія Князікоўцы і дзяцей мясцовага прыхода. Бо менавіта яна многія гады аддала арганізацыі і правядзенню заняткаў у нядзельнай школе. Знаёміла сваіх вучняў з разнастайным, цудоўным і ўзвышаным светам праваслаўя, уласным прыкладам далучала дзяўчынак і хлопчыкаў да вечных традыцыйных каштоўнасцей: любові, міласэрнасці, умення дараваць.
Не абышлося ў дзень адкрыцця новай экспазіцыі і без музычнага выступлення. Запрошаныя на мерапрыемства дырэктар Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Аляксандр Парфенчык і мастацкі кіраўнік Інэса Парфенчык арганічна дапоўнілі ўласныя ўспаміны пра рабочыя і асабістыя стасункі з сям’ёй Крупа выкананнем любімай песні Анатоля Леанідавіча «Аксамітны летні вечар». Яе лірычны матыў у сукупнасці з усімі выказанымі словамі выклікаў у прысутных шчырыя эмоцыі ўдзячнасці і ўнутранай цеплыні.
– Ідэя стварэння ў Год гістарычнай памяці экспазіцыі, прысвечанай вядомым педагогам, не ператварыла яе ў радавую ці банальную, – гаворыць Галіна Альшэўская. – Такая выстава натуральна, без маралізатарства дазваляе перадаць ад старэйшага пакалення падрастаючаму бясцэнны вопыт і жыццёвую мудрасць.
Лагічным завяршэннем урачыстага адкрыцця экспазіцыі «Адданыя роднай зямлі…» стала выступленне Жанны Цехановіч, дырэктара Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства. Яна ініцыявала прапанову рэкамендаваць дадзеную экспазіцыю для абавязковага наведвання педагагічнымі калектывамі ўстаноў раёна. Упэўнена, думка Жанны Мікалаеўны заслугоўвае пільнай увагі. Знаёмства з працоўнай біяграфіяй і фактамі асабістага жыцця людзей, цалкам прасякнутых любоўю да педагогікі і аддадзеных ёй, стане асабліва каштоўным у тым ліку і для маладых спецыялістаў. На яскравым станоўчым прыкладзе землякоў яны змогуць упэўніцца ў важнасці і адказнасці абранай прафесіі.
– Мы ж, педагогі, работнікі і вучні Бердаўскага дзіцячага сада-базавай школы, ганарымся тым, што ў гісторыю нашай установы адукацыі яркім этапам уплецена гісторыя сям’і Крупа. Калегі, былыя вучні, аднавяскоўцы Анатоля Леанідавіча і Наталлі Фёдараўны запомняць іх як педагогаў не па пасадзе, а па якасці душы і прызванні. А яшчэ – як эрудыраваных, адкрытых, бескарыслівых людзей, гатовых прыйсці на дапамогу шчырым словам і рэальнай справай. Экспазіцыя “Адданыя роднай зямлі…” – гэта наша даніна павагі і памяці годным людзям свайго часу. Менавіта дзякуючы ім свет становіцца больш міласэрным і добрым, а беларускі край захоўвае свае багатыя традыцыі і гісторыю, – адзначыла Галіна Альшэўская.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.