Жывіце без надзвычайных сітуацый! Вёску Дакудава наведалі члены аглядавай камісіі Траццякоўскага сельвыканкама

21 Июля 2021 2775
Дакудава вабіць сваімі маляўнічымі краявідамі, радуе вока акуратнымі, дагледжанымі дамамі. Жыццё тут цячэ спакойна і размерана. Каб гэты спакой не быў парушаны і ў якую-небудзь з хат не прыйшла бяда, і завіталі ў вёску члены аглядавай камісіі Траццякоўскага сельвыканкама, якую ўзначальвае старшыня сельвыканкама Аляксандр Хвайніцкі. Разам з імі быў і журналіст “Лідскай газеты”.

У Лідскім раёне аглядавыя камісіі існуюць пры кожным сельвыканкаме, Бярозаўскім гарвыканкаме, жыллёва-камунальных службах. Створаныя яны для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва, з мэтай папярэдзіць пажары і гібель людзей на іх у жыллёвым фондзе. У поле зроку камісій у першую чаргу трапляюць тыя домаўладанні, у якіх пражываюць грамадзяне, схільныя да рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый. А гэта сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шматдзетныя сем’і, адзінокія і адзінока пражываючыя, інваліды першай і другой груп, а таксама грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і стаяць на рознага роду ўліках.

Як адзначыла сакратар камісіі Траццякоўскага сельвыканкама, старшы інспектар Траццякоўскага сельвыканкама Алена Канатоўская, на тэрыторыі сельсавета ўжо абследавана 97 працэнтаў такіх домаўладанняў, выяўлена 13 парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі: не адпавядаюць у нечым патрабаванням пячное ацяпленне і электраправодка. Для іх ухілення прынятыя розныя меры. Адным патрэбна падтрымка з боку раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, мясцовай гаспадаркі, сельвыканкама. Праблему іншых могуць рашыць дзеці, якія пражываюць асобна. Ну, а некаторых нядбайных гаспадароў, якія сябруюць з бутэлькай, трэба проста прымушаць зрабіць бяспечнымі ўмовы пражывання ў сваім доме, і да іх наведваюцца зноў і зноў. 

«Мы раім вам...»

У час рэйду ў вёсцы Дакудава ў полі зроку ўдзельнікаў камісіі была такая катэгорыя, як адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, якія маюць у дамах пячное ацяпленне. Адразу адзначу, што ў кожнай з хат, якія наведвалі ўдзельнікі камісіі, гаспадары да іх ставіліся вельмі прыветліва, дзякавалі, што клапоцяцца аб іх бяспецы. Дарэчы, і самі ўдзельнікі рэйду вельмі па-добраму адносіліся да вяскоўцаў, бо галоўная задача такіх вось абходаў – не пакараць за якое-небудзь парушэнне, а дабіцца таго, каб яно было ўхілена і жыццё і здароўе людзей, іх маёмасць былі ў бяспецы.  

Кожны  з удзельнікаў камісіі звяртаў асаблівую ўвагу на тое, які ўчастак ён курыруе па сваёй прафесійнай дзейнасці.

– Дзякуй вам: у вас у плане электрагаспадаркі ўсё зроблена так, як належыць, – казаў інспектар па энергетычным наглядзе Лідскага міжраённага аддзялення філіяла “Энерганагляд” Андрэй Боландзь Уладзіміру Пятровічу Барысевічу. – Бо правілы бяспекі патрабуюць, каб праводка была ўкладзена ў кабельны канал, была выключана магчымасць пракладкі па згараемай аснове, былі ўстаноўленыя аўтаматычныя выключальнікі на лічыльніку. 

Па словах Андрэя Станіслававіча, на жаль, ёсць нямала і такіх грамадзян, якія не грэбуюць пробкамі з жучкамі. У працяг гутаркі інспектар па энерганаглядзе расказаў аб неабходнасці таго, каб свяцільнікі ў доме мелі ахоўныя рассейвальнікі, а разеткі і выключальнікі былі цэласнымі (на што ён у час рэйду таксама звяртае  ўвагу) і не мелася дотыку да адкрытых вядучых правадоў рукамі. 

У час рэйду ў полі зроку інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лідскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Бартэля быў стан пячнога ацяплення ў дамах адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян: у якім стане знаходзяцца самі печы, ці маецца прытопкавы ліст, ці атынкаваны і пабелены дымаход і іншае. Дарэчы, цікава ведаць, чаму дымаход павінен быць не толькі атынкаваны, але і пабелены. Як растлумачыў Вадзім Андрэевіч, калі раптам з цягам часу на дымаходзе бачна сажа, гэта азначае, што з’явіліся трэшчыны і трэба думаць аб рамонце. І наогул, інспектар аддзела прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю імкнуўся данесці вяскоўцам як мага болей разнастайнай інфармацыі, якая датычыцца пажарнай бяспекі. 

Сярод дамоў з пячным ацяпленнем, якія наведалі ўдзельнікі рэйду, адна з самых высокіх адзнак была пастаўлена дому №130 па вуліцы Клавы Камаровай, дзе пражывае Галіна Аляксандраўна Несцерава. Саму печ можна з гонарам назваць часткай інтэр’еру – настолькі яна ўпрыгожвае памяшканне. Ды і ў пажарным плане прэтэнзій няма, нават здалёк бачны атынкаваны і пабелены агаловак коміна.

Ёсць добрая нагода

У дамах адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян вельмі важная наяўнасць пажарнага апавяшчальніка. І гэта пытанне таксама было на кантролі ва ўдзельнікаў рэйду. 

– Кожны дзень наведваю сваю падапечную Альфрэду Пятроўну, бо яна інвалід па зроку, – кажа сацыяльны работнік Галіна Акола. – А калі жанчына застаецца адна, безумоўна, спакайней на душы, калі ведаеш, што ў доме ўстаноўленыя два пажарныя апавяшчальнікі: адзін – у пакоі, другі – вонкавы.

А вось у доме ветэрана працы Ганны Іванаўны Васілеўскай члены камісіі, выявіўшы, што не працуе пажарны апавяшчальнік, адразу замянілі батарэйку.

– Маю з сабой на ўсялякі выпадак. Мы ж у адказе за стварэнне бяспечных умоў пражывання нашым падапечным, –  кажа інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Вольга Карпіцкая.

Дарэчы, журналіста ўразіла, з якімі цеплынёй і адказнасцю сама Вольга Фёдараўна і тыя сацыяльныя работнікі, якіх мы сустрэлі пры абходзе вяскоўцаў, ставяцца да сваіх падапечных. Акрамя агляду, ці ўсё ў парадку ў плане беспекі, гутарка пры наведванні ішла пра ўсе надзённыя патрэбы састарэлых адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, і яны браліся на заметку.

Трэба сказаць, што ўдзел у аглядавай камісіі дае магчымасць непасрэдна на месцы весці прафілактычную работу не толькі ў плане пажарнай бяспекі. Як адзначыў участковы інспектар Лідскага РАУС Сяргей Гядзько, у час рэйду па вёсцы ён пільна сочыць, ці не трапіў хто пад мерапрыемствы спецыяльнай праграмы “Мак” і ці ўсё адпавядае патрабаванням захаванасці асабістай маёмасці. Нагадаць вяскоўцам аб гэтых правілах участковы інспектар лічыць нялішнім.

Старшыню Траццякоўскага сельвыканкама Аляксандра Хвайніцкага, як кіраўніка мясцовай улады, вельмі хвалюе бяспека людзей на вадзе. Яно і нядзіўна. На тэрыторыі Траццякоўскага сельсавета знаходзіцца ажно 50 вадаёмаў рознага тыпу: ад рэк, кар’ераў да ўласных копанак. А ля вёскі Дакудава цячэ вельмі непрадказальная рака Нёман, і на ёй не маецца спецыяльна абсталяваных пляжаў. Таму недарэмна ў час наведвання вёскі Аляксандр Яўгенавіч не прамінуў у чарговы раз нагадаць мясцовым жыхарам, што вада не даруе бяспечнасці. Нельга паводзіць сябе ля вадаёма легкадумна, трэба звяртаць увагу на ўстаноўленыя шыльды, якія інфармуюць аб тым, што ў гэтых месцах купанне забаронена. Ну і, вядома, бабулям і дзядулям нельга пакідаць без нагляду ўнукаў, якія прыязджаюць да іх на канікулы. На жаль, мясцовыя жыхары могуць згадаць выпадкі, калі на Нёмане здараліся трагедыі.

У сваю чаргу, карыстаючыся выпадкам сустрэчы з кіраўніком мясцовай улады, дакудаўцы казалі аб сваіх патрэбах. Пытанні тычыліся добраўпарадкавання могілак, абсталявання на вуліцы “ляжачага паліцэйскага”. Безумоўна, пажаданні вяскоўцаў не застануцца без увагі старшыні сельскага Савета. 

Журналіст “Лідскай газеты” пераканаўся, што такія вось рэйды аглядавай камісіі вельмі карысныя як у плане павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі, прафілактыкі, так і ў плане жывых, непасрэдных зносін прадстаўнікоў розных дзяржаўных службаў з сельскімі жыхарамі.















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться