Тыя падзеі нельга забыць. Урывак з краязнаўчай працы «Звесткі пра сялянскае жыццё, навучанне вучняў і іхні лёс у ганчарскай акрузе»

22 Июня 2021 882
У часы ваеннага ліхалецця з маім нараджэннем была звязана рызыкоўная гісторыя – можна сказаць, я ўдзельнік і ахвяра вайны.

Бацька Ваня (1908 г. н.) расказваў: ”Нягледзячы на сялянскія клопаты па гаспадарцы вясной, у красавіку 1941 года ваенкамат прызваў на ваенныя зборы ў Гродна. Размясціліся спачатку ў казармах унізе каля Нёмана, перад самым чыгуначным мастом. Потым перавялі на левы бераг у палаткі. Лагер быў у садочку каля вёскі Лобна, пры дарозе на Сапоцкін. Капалі акопы, стралялі па мішэнях. Я быў намеснікам камандзіра ўзвода, і вінтоўка на рэмені была толькі ў мяне. Ужо пахла вайной”.

Мама Вера (1920 г. н.), якая была цяжарная мною, і яшчэ адна вясковая жанчына, Надзя Белавус, вырашылі наведаць сваіх мужыкоў на ваенных зборах пад Гродна, прывезці ім хатніх гасцінцаў. У суботу 21 чэрвеня з цяжкасцю дабраліся да самой палатачнай часці. Сустрэліся… 

 Першымі словамі бацькі былі: “Што ж вы прыехалі?! Уцякайце хутчэй дамоў!” І жанчыны кінуліся прэч. Начавалі ў Гродне, куды а чацвёртай гадзіне раніцы нахлынула вайна: бомбы ўзрывалі дамы,  вакол пажары, людзі бегалі, хаваліся, паўсюдна чуліся енк і крыкі… Жанчыны выбеглі ў напрамку Ліды. Уся шаша была запоўнена тэхнікай, людзьмі… З неба паласавалі самалёты, паўсюдна – выбухі, пажары... Як толькі ляцеў самалёт, усе кідаліся ўрассыпную, хаваліся ў канаву або хмызнякі. Калі ўсё сціхала, гукалі адна адну: “Верка, ты жывая?” – “Жывая”. І беглі далей. Затрымаўся грузавік з раненымі дзесьці за Скідзелем. Маму, як цяжарную, пасадзілі ў кузаў. Пасажыры машыны, хто мог, некалькі разоў выскаквалі  і хаваліся ад самалётаў. Даехалі да Ліды, а там – пешшу да Дроздава.

Бацька расказваў: «Раніцай вакол выбухі... Усе салдаты выскачылі з палатак. Паніка… Камандзір узвода адразу забраў у мяне вінтоўку і, сабраўшы салдатаў, даў каманду адразу перабірацца на правы бераг Нёмана, дзе былі нашы казармы. Перад самым чыгуначным мостам, унізе каля Нёмана, перабраліся. Гродна быў у пажары. Дым, выбухі, казарма разбітая. З кучкай салдатаў мы рушылі за горад у бок Ліды. Усе адступалі: машыны, фурманкі, людзі. Над шашой пікіравалі самалёты, страчылі кулямёты.

Я ўспомніў, што з правага боку быў Кацярынінскі тракт. З некалькімі чырвонаармейцамі перабеглі туды. Дарога – абапал прысады, больш-менш ціха. Бачылі, як варожыя самалёты паласавалі тую шашу. Гэта нас і зберагло. Праз пару дзён дабраліся ў Істакі да Гросаў. Па дарозе ўжо з ляскатам шыбавалі нямецкія танкі, а потым матацыклы. Прыйшлося скінуць салдацкую форму. Швагер Валодзя даў свае штаны і кашулю.  Праз пару дзён, ноччу, перабраўся ў Дроздава. Вакол ужо гаспадарылі акупанты…»
На тэрыторыю Лідчыны вайна прыйшла ў першы яе дзень. 

Ужо раніцай 22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая авіяцыя бамбіла Ліду, перш за ўсё чыгуначную станцыю і аэрадром. Там былі разбіты і спалены некалькі знішчальнікаў, пашкоджана ўзлётна-пасадачная паласа. На чыгуначным вакзале і каля пераезда былі разбіты два пасажырскія цягнікі. Была вялікая колькасць забітых і параненых пасажыраў.

Ад бамбёжкі, кулямётнага абстрэлу з паветра загінулі многія дзясяткі жыхароў горада. Ад паветранага нападу горад абараняў зенітны артылерыйскі дывізіён. Удалося збіць пяць фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў.

Фелікс Уладзіслававіч Мікалайчык (на час пачатку вайны трынаццацігадовае дзіця): «У нядзелю 22 чэрвеня, раніцай, мы спалі на гарышчы ў хляве. Прыляцелі самалёты – шмат самалётаў. Адразу пачалі бамбіць. Бамбілі цэнтр горада запальнымі бомбамі – з мазутам. У горадзе пажар. Цягнік з Гродна ішоў на Маскву. Футбольная каманда нейкая ехала. Цягнік разбамбілі каля пераезда».

Алена Ярмантовіч (на той час вучаніца гімназіі): «У выніку бамбардзіроўкі запальнымі бомбамі горад ахапілі пажары і ён быў практычна разбураны. Агонь распаўсюджваўся з велізарнай хуткасцю… Пасля пажару мы з дзядзькам адправіліся на агляд горада. Я стала адной з першых непасрэдных сведак гістарычнага пералому ў жыцці Ліды. Яе культурна-гандлёвы цэнтр перастаў існаваць, і разам з ім даваенная Ліда знікла назаўжды.

Уцалелі толькі абодва касцёлы, але згарэла сінагога. Ні адзін будынак не ўцалеў на ўчастку паміж касцёламі. Тое, што мы бачылі, ужо не было вуліцай. Па абодва бакі ўзвышаліся высокія завалы абпаленай цэглы з бясформеннымі кучамі жалеза. Разваліны яшчэ тлелі, дзе-нідзе ўверх падымаўся дым, і ад папялішчаў цягнула гарам. Было ціхае надвор'е, блішчала на сонцы жалеза з руінаў, вакол стаяла глухата, ад якой станавілася яшчэ страшней».

Нямецкія войскі, захапіўшы Лідскі раён, стварылі тут моцны апорны вузел, насычаны жывой сілай і тэхнікай. У горадзе знаходзілася да 5 тысяч гітлераўцаў, 140 паліцэйскіх, 108 жандараў, 120 эсэсаўцаў. Ліда стала лічыцца акруговым цэнтрам. У будынках педвучылішча размясціўся гебітскамісарыят, у СШ №10 — гестапа, у СШ №1 — шпіталь, у будынку ашчадкасы – раённая ўправа, палявая жандармерыя і іншыя карныя ўстановы. 3 дапамогай гэтай магутнай машыны прымусу і насілля фашысты насаджалі свой «новы парадак», рабавалі прадпрыемствы і вывозілі абсталяванне ў Германію.

«Новы парадак» быў бачны ва ўсім. Было забаронена з’яўляцца на вуліцах з надыходам цемры. Фашысты сістэматычна і наўмысна арганізоўвалі масавы тэрор: расстрэльвалі савецкіх ваеннапалонных, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, мірных грамадзян, забіралі жыхароў у нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры. 

Марыя Іванаўна Рунт (сакратар Баранавіцкага абкама ЛКСМБ): «У 4 гадзіны раніцы я прачнулася ад грукату выбухаў і крыкаў: «Вайна! Вайна!» Я выбегла з пакоя, нават спрабавала супакоіць жанчын, якія плакалі, кажучы ім: «Гэта вучэнні, манеўры». Але хтосьці крыкнуў: «Якія манеўры?! Вунь фабрыка «Ардаль» гарыць!» Я схапіла свой партфельчык і пабегла ў гаркам партыі. Была раніца, але работнікі ўжо былі на месцах. Аддаваліся распараджэнні аб патруляванні на вуліцах горада, каб на вуліцах было як мага менш народу, каб усе мелі процівагазы. Вырашана было працягнуць работу канферэнцыі. Ніхто не думаў, што пачалася вайна, – усе думалі, што гэта буйная правакацыя. І вось у 9 гадзін раніцы канферэнцыя працягнула сваю работу. Пасяджэнні праходзілі пад грукат выбухаў, некалькі разоў перарываліся. Бомбы падалі зусім блізка, уздрыгвала зямля, дрыжаў будынак, мы выбягалі, падалі пад кусты і ў канавы, пасля налёту працягвалі работу. І толькі ў 12 гадзін, калі было перададзена ўрадавае паведамленне аб тым, што пачалася вайна, работа канферэнцыі прыняла іншы характар. Была прывезена зброя самых розных відаў і калібраў, і яе пачалі раздаваць дэлегатам канферэнцыі». Дарэчы, дэлегатамі канференцыі былі і камсамольцы-дроздаўцы Генадзь Шут, Іван Кудла, Фёдар Курылаў.

З чырвонаармейцамі, якія адступалі на ўсход, камсамольцы вёскі Дроздава Генадзь Шут і Іван Кудла апынуліся ў Магілёве. Там яны сустрэліся з кіраўнікамі камсамолу Беларусі. Ім далі заданне вярнуцца і падымаць камсамольцаў і моладзь на барацьбу з захопнікамі.

У хуткім часе яны пашырылі падпольную групу (дарэчы, першую з 1940 года камсамольскую групу на Лідчыне), у якую ўвайшлі былыя навучэнцы Ганчарскай школы: аднавяскоўцы-дроздаўцы Генадзь Сцяпанавіч Шут (стваральнік і кіраўнік групы), Фёдар Дарафеевіч Курылаў, Іван Канстанцінавіч Кудла, Марыя Іванаўна Быстрыцкая, Уладзімір Канстанцінавіч Кудла, Вацлаў Пятровіч Ненартовіч, Браніслаў Міхайлавіч Каханоўскі, Віктар Вікенцьевіч Кумпяк, ганчарская моладзь: Вера Уладзіміраўна Кучынская, Антаніна Якаўлеўна Равяшка, Зінаіда Віктараўна Кумпяк і сёстры Ярашэвіч – Любоў Пятроўна і Вера Пятроўна. Пазней да іх далучыліся Леанід і Ніна Дзешукі, Аляксандр Казел, Вера і Уладзімір Пятроўскія.

Удзельнікі групы займаліся зборам разведвальных даных аб нямецкіх гарнізонах у вёсках Ганчары, Агароднікі, Даржы, на шклозаводзе і ў Лідзе, выведвалі пра нямецкія фарміраванні ў навакольных вёсках і ваколіцах,  распаўсюджвалі лістоўкі, газеты, зводкі Саўінфармбюро, забяспечвалі партызан адзеннем, прадуктамі харчавання, перадавалі ўсё гэта ў партызанскі атрад “Іскра”, які сфарміраваўся за Нёманам з чырвонаармейцаў, што адсталі, савецкіх актывістаў.

У вёсцы Стокі жыў чырвонаармеец-акружэнец Саша (прозвішча не ведалі). Ён апавядаў, як у першыя дні вайны немцы атакавалі іхні ўзвод і салдаты з  камандзірам і камісарам трапілі ў акружэнне. Калі камісар заўважыў немцаў, застрэліўся. Усіх загналі за дротавую агароджу. Некалькі дзён давалі толькі ваду – ежу не давалі. Потым яго адпусцілі, каб працаваў у сялян і быў на ўліку ў паліцыі.

Далейшы лёс Сашы не вядомы. Магчыма, ён быў вывезены ў Германію.

Вольга Кандрацьеўна Германовіч (1934 г. н.): “Першыя гітлераўцы ў Ганчарах з'явіліся на матацыклах, нямногія – на роварах. Калі ў верасні 1939 года чырвонаармейцаў мясцовае насельніцтва сустракала з кветкамі, то цяпер да немцаў ніхто не выйшаў. А вось дзеці, пачуўшы ляскат і заўважыўшы немцаў на матацыклах, насцярожана крыкнулі: «Едуць! Едуць!” – і пабеглі паглядзець на гітлераўцаў. Толькі аднаасобнік Казюк Міцюкевіч нарваў васількоў і пачаў кідаць гітлераўцам пад ногі. Немцы не зразумелі, што ён кідае, і ледзь не стрэлілі ў яго… У пачатку вайны немцы расстралялі ганчарскіх актывістаў Дзмітрыя і Феафіла Равяшкаў – першых мясцовых калгаснікаў”.

З нямецкай акупацыяй пачалося вяртанне да аднаасобнага гаспадарання. У руках былых уладальнікаў, асаднікаў, заможных сялян аказаліся землі і маёнткі. Акупанты прадугледжвалі ў будучым засяленне гэтых зямель нямецкімі каланістамі.

Але аб нямецкім “новым парадку” яскрава сведчаць многія факты. Вось адзін з іх. З даўніх часоў існаваў млын «Лупеніца». Ён знаходзіўся ў вусці рэк Дзітвы і Лідзейкі. Да 1941 года тут працаваў млынаром Хаўзер. Сям’я яго складалася з трох чалавек: самаго гаспадара, яго жонкі і дачкі-прыгажуні Стэры. У 1941 г. немцы іх расстралялі, як яўрэяў.

Па сведчанні Віталя Карабача, пахаваныя млынар і яго родныя на могілках “Пескі”.
Текст: Віктар Кудла, выпускнік Ганчарскай сярэдняй школы 1959 года.Віктар Кудла, выпускнік Ганчарскай сярэдняй школы 1959 года.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться