«Святочны дзень» Індустрыяльнага, або Як справа з дабрачыннасці распачалася

30 Декабря 2020 1097

Мікрараён Індустрыяльны за апошнія гады змяніўся да непазнавальнасці: шматпавярховыя дамы, новы сучасны дзіцячы сад, магазіны… Сваю дзейнасць разгортваюць і прыватныя прадпрыемствы. Адным з іх нядаўна стала сямейная студыя “Святочны дзень”.

Студыя адчыняла свае дверы з дабрачыннай акцыі, якая ўдала ўпісалася ў рэспубліканскую акцыю “Нашы дзеці”.

Улічваючы эпідэміялагічную абстаноўку, арганізатары імкнуліся правесці падзею ў адпаведнасці з мерамі бяспекі, але дзеці ёсць дзеці… Да таго ж – Каляды, Новы год, чароўны час весялосці і цудаў. Таму і падчас акцыі яблыку не было дзе ўпасці. Больш за дваццаць дзяцей са шматдзетных сем’яў, у прыгожых сукенках і навагодніх касцюмах, прыйшлі, каб разам, у калядным настроі, правесці час.

Гаспадыня студыі Гражына Юхнік сама вырасла ў вялікай сям’і. Гэта яе мама і тата сталі аднымі з першых на Лідчыне бацькоў дома сямейнага тыпу і ўзялі пад сваё цёплае крыло дзесяцярых дзяцей-сірот. Любові многа не бывае, лічаць у гэтай сям’і. Асабліва калі хочацца падарыць дзецям крышачку шчасця, радасці і ўсмешак.

Як пачатак усякай добрай справы студыю асвяціў ксёндз-вікарый касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Вітольд Пяцельчыц.

– Сімвалічна, што сямейная студыя адкрываецца ў дзень Святой Сям’і, які каталіцкі касцёл святкуе ў першую нядзелю каляднага перыяду, – адзначыў карэспандэнту ксёндз Вітольд. – Гэта студыя – такое месца, куды можна будзе прыйсці ўсёй сям’ёй, правесці свята, перажыць лепшыя хвіліны. Спадзяюся, яна будзе спрыяць яднанню сем’яў, выхаванню лепшых якасцей у дзецях, умацаванню адносін і паслужыць на карысць сем’ям і нашаму мікрараёну.

Маленькіх мясцовых жыхароў са святам віншавалі наведвальнікі царквы “Благодать”. Для дзяцей быў дадзены калядны спектакль. Іх запрасілі прыняць удзел у віктарынах. І, вядома ж, шчодра адарылі падарункамі. Вясёлыя аніматары не далі сумаваць нікому. Фінальным акордам свята стаў салодкі стол.

– У мяне трое дзяцей, – расказвае мясцовая жыхарка Анастасія Шпак. – Сюды мы прыйшлі з дачкой. Бачу, як ёй тут падабаецца. Дзякую арганізатарам за гэтае свята. Думаю, калі ў нашай сям’і надарацца прыемныя нагоды, прыйдзем з дзецьмі адзначаць іх сюды.

– На прапанову арганізаваць падобную дабрачынную акцыю адгукнуліся многія – гэта і аніматары, і выязныя павары, і нават маладыя парафіяне касцёла Святой Сям’і, якія стварылі прыгожае музычнае суправаджэнне. Дарэчы, салодкія падарункі былі сабраны таксама дзякуючы парафіянам касцёла Святой Сям’і, – адзначае гаспадыня студыі Гражына Юхнік. – Ідэя ж стварэння студыі была падказана самім жыццём. У нас такі вялікі мікрараён, а дзецям цікава правесці час, тым больш сабраць сяброў амаль няма дзе. У нашай студыі да паслуг наведвальнікаў будуць некалькі фотазон і гульнёвая зона, зала для правядзення дзіцячых святаў. Чакаем дзяцей, сем’і і абяцаем падарыць ім цудоўны настрой.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться