Каштоўнасці, якія яднаюць. У Лідзе адбыліся VI епархіяльныя калядныя адукацыйныя чытанні

18 Ноября 2020 1364

Сёлета Беларуская Праваслаўная Царква адзначае два юбілеі: 550 гадоў з'яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500 гадоў утварэння Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра. Невыпадкова ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чытанняў было асэнсаванне двух гэтых памятных юбілеяў.

На чытанні (хаця яны і праходзілі сёлета ў вузкім фармаце)  былі запрошаны святары, педагогі, прадстаўнікі ваенных структур, медыкі, сацыяльныя работнікі – усе, хто працуе ў накірунку духоўна-маральнага выхавання моладзі і грамадства ў цэлым. Удзельнікаў вітаў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый:

- Такія знакавыя падзеі, як 550-годдзе з’яўлення іконы Божай Маці Жыровіцкай, нашай беларускай святыні, і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра, не павінны прайсці не заўважна. Жыровіцкі манастыр па праву лічыцца аплотам Праваслаўя. Сімвалічна, што і Духоўная семінарыя знаходзіцца пры манастыры. Атрыманне ведаў плюс выхаваўчая функцыя прыносіць вынік. Нездарма сёння паўстала пытанне аб пераносе і Духоўнай акадэміі ў сцены манастыра. Увогуле ж, гісторыя Жыровіцкай абіцелі няпростая. Жыццё чалавека вымяраецца дзясяткамі год, а манастыру ўжо 500! Гэта амаль палова перыяду праваслаўя на нашых землях. У сценах абіцелі мноства людзей перажылі другую рэальнасць, сустрэчу з Богам. Тыя, хто прыязджае сюды, гавораць, што выходзяць з яго іншымі людзьмі, адчуваюць другую якасць жыцця. Манастыры, сапраўды, як кастры саграваюць чалавечыя душы. І калі хто яшчэ не быў у Жыровічах, раю наведаць гэту абіцель.

- Дзяржаўва заўсёды вельмі ўважліва, з павагай адносіцца да той справы, якой займаюцца святары, а іменна - духоўнае накіраванне чалавечых душ. Той факт, што нашыя шостыя чытанні праходзяць у рамках 29-х міжнародных чытанняў пацвярджае актуальнасць і запатрабаванасць праблемы духоўнага выхавання ў свеце. У гэтай справе нам ёсць над чым працаваць. Сёння мы бачым, што грамадства не ўмее прымаць іншую думку, паважаць старэйшых і г.д. Ведаю, што адна з епархій Беларускай праваслаўнай царквы тэмай чытанняў абрала “Фарміраванне гістарычнай памяці моладзі”. Гэта вельмі важна для нас, жыхароў заходніх абласцей Беларусі. Павага і талерантнасць была, ёсць і павінна быць асновай нашай духоўнай культуры.

На чытаннях прагучалі даклады святароў і навукоўцаў, выкладчыкаў Духоўнай акадэміі і семінарыі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, прысвечаныя лёсу Жыровіцкага манастыра і яе шанаванай святыні. Тэмай днаго з выступленняў сталі святыя падзвіжнікі манастыра, якія ў нашы дні прылічаны да ліку святых, - свяшчэннамучанікі Ермаген, епіскап Табольскі, Пётр, мітрапаліт Круціцкі, Аляксандр, архіепіскап Харкаўскі, дзіякан Іосіф Шчасновіч, прападобнамучанік Серафім Жыровіцкі і інш. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чытанняў былі таксама найбольш шанаваныя старадаўнія іконы Лідчыны, а таксама цікавыя факты з гісторыі царкоўна-прыходскіх школ у Беларусі.

Сапраўды, няпростым быў шматвяковы шлях Жыровіцкай абіцелі, як і ўвогуле Праваслаўнай царквы. Разам з беларускім народам царква ішла адным шляхам праз выпрабаванні, смутак, войны, ганенні. Але і ў радасцях, і ў нягодах набожны па сваёй прыродзе народ звяртаўся ў малітвах да Божай Маці і атрымліваў суцяшэнне. Гэтыя малітвы сфарміравалі атмасферу свету і любові ў месце, дзе пяць з паловай стагоддзяў таму з'явіўся цудатворны Жыровіцкі абраз. Ціхі павеў ласкі Божай натхніў на стварэнне манашаскай абіцелі, якая стала не толькі месцам малітвы і духоўнага дзеяння, але і школай для простых багамольцаў. Асветніцкае служэнне браціі манастыра аказала ўплыў на духоўна-маральнае жыццё беларускага народа. У 19-20 ст. духоўныя школы, створаныя ў сценах манастыра, выгадавалі не адно пакаленне пастыраў для беларускай зямлі. Большасць сённяшніх святароў і манахаў таксама выхаваны ў Духоўнай семінарыі пры Жыровіцкай абіцелі.

Праца чытанняў працягвалася ў секцыях: па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, супрацоўніцтву з Узброенымі Сіламі і праваахоўнымі органамі, па маладзёжнаму і місіянерскаму служэнню. Так, работу секцыі па сацыльным служэнні ўзначаліў настаяцель храма Усіх святых протаіерэй Уладзімір Яроміч. Цэнтральнай тэмай для абмеркавання стала «Сацыяльнае служэнне ва ўмовах пандэміі». Гасцямі секцыі сталі намеснік загадчыка гарадской паліклінікі №2 Таццяна Янко і загадчыца аддзела грамадскага здароўя занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Ясюкайць.

У заключэнне ўдзельнікі чытанняў прынялі выніковы дакумент, у якім у тым ліку гаварылася: “…хочацца, каб кожны чалавек у нашай Беларусі пачуў і спазнаў, што мы, хрысціяне, выраслі дзякуючы малітоўнаму заступніцтву Божай Маці. Заклікаем усіх, хто смуткуе, узнесці старанныя малітвы перад яе цудадзейным абразом. Верым, што Прачыстая Дзева Марыя падасць у адказ на малітвы сваю міласць і суцяшэнне”.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться