Пяць стагоддзяў Дворышча! Сёння аграгарадок адзначае юбілей

18 Ноября 2020 3129

На месцы, дзе зараз знаходзіцца аграгарадок Дворышча, пяць стагоддзяў таму існавала паселішча. У першай палове XV стагоддзя гэтыя землі ў басейне ракі Жыжмы былі ўласнасцю вялікіх князёў літоўскіх, у другой палове XV ст. перайшлі баярам вялікакняжаскага акружэння. У 1520-м годзе маёнтак Дворышча аказаўся ў Юрыя Ільініча. У судовым рашэнні ад 18 лістапада 1520 г. па скарзе лідскага баярына Марціна Станкевіча супраць Васко Сяньковіча і братоў яго «з-за сенажаці поплеч р. Жыжмы” згадваецца “намеснік Дворышскі пан Юрый Іванавіч Ільініч”, які не мог прысутнічаць у судовым пасяджэнні, паколькі “пры пане сваім на Іўі быў”. Такім чынам, сёння Дворышча мае права адзначыць свой 500-гадовы юбілей.

Вотчына магнатаў і манахаў

Яшчэ крыху гісторыі: з 1549 года Дворышчам валодаў магнат Вялікага княства Літоўскага - Мікалай Крыстафер Радзівіл (Сіротка), а з 1578 года і да канца XVIII стагоддзя – манахі-езуіты. Дворышча змяніла нямала гаспадароў: Аляксандр Вольскі, Mixaiл Філіпаў… Апошнім гаспадаром тут быў Аўгуст Амберг, які з прыходам саветаў з'ехаў за мяжу.

Цікавы факт: у 1847 годзе у вёсцы Дворышча было 15 двароў (54 душы мужчынскага полу і 54 жаночага, 11 коней, 40 валоў, 26 кароў, 36 галоў дробнага рагатага ската, 48 авечак, 34 свінні). А праз 12 гадоў новы ўладальнік Аляксандр Вольскі ліквідаваў вёску Дворышча, а гаспадаркі (звярніце ўвагу на прозвішчы – многія з іх і сёння вядомыя – аўт.) Блажэя, Барылы, Кавальчука, Лукаша перасяліў у в. Пашунцы. Лайціса, Сарэлы, Ясінскага, Ендзы, Некраша - у в. Гурыны, Дзянкевіча, Залога, Жука, Казака - у в. Кабыльнікі, Аўсейкі, Часновіча, Гуселя - у в. Мергінцы.

На працягу стагоддзяў упрыгажэннем паселішча быў драўляны касцёл Святой Марыі Ружанцовай, збудаваны пры езуітах у 1591 г. Падчас Першай сусветнай вайны ён згарэў. Аляксандр Вольскі на яго месцы пабудаваў капліцу і ахвяраваў ікону ў срэбнам акладзе. У склепе пад капліцай ён быў пахаваны разам з жонкай.

З цягам часу мянялася аблічча дворышча. Замест драўляных будынкаў сталі каменныя. Пасля адмены прыгоннага права Дворышча ператварылася ў тыповы фальварак з характэрным комплексам пабудоў: палацам з башнямі, вадзяным млынам, крухмальным заводам, вінакурняй, кузняй, лядоўняй, карчмой і інш. Падчас Першай сусветнай вайны драўляная частка палаца была спалена. Захавалася чатырохпавярховая вежа. З гэтай вежай звязана некалькі сумных гісторый. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут была расстраляна дачка апошняга гаспадара Дворышч з сям’ёй. А на млыне пасля вайны зверскі забіты старшыня сельсавета і міліцыянер.

Час першых

Жыхарка аграгарадка Дворышча Ірына Каратай у 1960-м, пасля заканчэння Гродзенскага сельгастэхнікума, была накіравана на працу ў саўгас “Дворышча”. Дырэктарам яго тады быў М.М. Сербуноў.

- Тэхнікі было мала: гусянічныя трактары з прычапнымі плугамі аралі, колавыя - баранавалі, сеялі, - успамінае яна. - Для ўборкі збожжавых з МТС запрашалі камбайны. Шмат транспартных і палявых работ выконвалі коньмі, запрэжанымі ў вазы. Мужчынам прыходзілася на лугах касіць сенакос, на жаночыя плечы клалася зграбанне сена, кладка копаў. Восенню - церабленне лёну, рассціл, сушка, трапанне.

У 1964-м ад саўгаса аддзялілі вёскі Тракелі і Пераганцы. А сам дварышчанскі край з Воранаўскага далучылі да Лідскага раёна. Дырэктарам гаспадаркі прызначылі маладога, з вышэйшай адукацыяй агранома Аляксандра Іванова. Праз год аддзялілі в. Крыніцы і ўтварылі саўгас “Савецкі”. А ў 1979 годзе дзве гаспадаркі (“Дворышча” і “Савецкі”) былі зноў аб’яднаны ў адну, названую эксперыментальнай базай “Ніва”. Дырэктарам яе стаў Віктар Кудла.

З гэтага часу пачынаецца развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, навядзенне парадку на зямлі, упарадкаванне палявых дарог, будаўніцтва і рэканструкцыя з поўнай механізацыяй працаёмкіх працэсаў на жывёлагадоўчых фермах. За гэтыя гады былі пабудаваны аграхімцэнтр, збожжасховішча вежавага тыпу са збожжасушылкамі, сенасховішча і бульбасховішча, склады для будматэрыялаў, новыя гаражы. Эксперыментальнай базе “Ніва” было прысвоена званне «гаспадаркі высокай культуры земляробства і жывёлагадоўлі". Яна выйшла на перадавыя пазіцыі па продажы бульбы (4-5 тысяч тон штогод), вытворчасці кармоў, малака. Рэнтабельнасць складала 45 %, а сярэдняя зарплата работнікаў была самая высокая ў раёне і больш сярэднерэспубліканскай.  

Паралельна забудоўвалася і Дворышча: тут з’явіўся адміністрацыйны будынак, сярэдняя школа, ФАП, быткамбінат, дамы на вул. Цэнтральнай і Зорнай. Значную дапамогу гаспадарка аказвала школе ў аздабленні памяшканняў. Быў пабудаваны стадыён і дзіцячая пляцоўка з малымі архітэктурнымі формамі. Для заняцця спортам набылі карцінгі, лыжы, спартыўную форму.  Жыхары Дворышча і спецыялісты гаспадаркі штотыдзень выходзілі на суботнікі і працавалі на добраўпарадкаванні вёскі. Шанавалі і ганарыліся зробленым.

Мясцовая жыхарка Марыя Арэхва (узнагароджана дзяржаўнай узнагародай - ордэнам “Знак Пашаны”) доўгі час узначальвала бухгалтэрыю базы “Ніва”.  У 1976 годзе была дэлегатам 28 з'езда КПБ. На пачэсным месцы і сёння захоўвае фота з першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым. “На маіх вачах харашэла Дворышча, - успамінае яна. - На цэнтральнай вуліцы ўстаноўлены тратуары, газоны, кветнікі. Пракладзены ліўневая каналізацыя, падземны кабель вулічнага асвятлення з таршэрамі, у падвальным памяшканні пад канторай быў цір і трэнажоры”.

Усялякая вёска гаспадаром трымаецца. “Ніва” і Дворышча неразрыўна звязаны з асобай кіраўніка гаспадаркі Віктара Кудлы. Не проста таму, што падчас яго кіраўніцтва яны перажылі росквіт. Але і таму, што на такіх людзях, сапраўды, зямля трымаецца!

- Першае, з чаго пачыналі, – гэта будаўніцтва, - гаворыць Віктар Іванавіч. - Пабудавалі дзіцячы сад, кацельню, жывёлагадоўчы комплекс, бульбасховішча, бульбасартавальны пункт…

 Дарэчы, Віктар Кудла не толькі практык, але і творца. Сучасная манументальная кампазіцыя ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны каля школы зроблена архітэктарамі па яго эскізе. У “Лідскай газеце” ("Уперад") была падборка матэрыялаў пра "дырэктара-архітэктара" і ўпершыню вёска гучала як “аграгарадок”. У той час (1985 г.) база “Ніва за ўмелую забудову цэнтральнай сядзібы Дворышча была ўзнагароджана дыпломам ВДНГ, а дырэктар - бронзавым медалём.

Злучальныя ніці стагоддзяў

Дворышча – цікавае гістарычнае месца. Гэта скажа кожны, хто пабывае тут хаця аднойчы. Ад гістарычных забудоў зараз засталіся руіны, але і яны хаваюць мноства таямніц, ствараючы загадкавую і прывабную атмасферу месца. Віктар Кудла, кіраўнік гаспадаркі, не мог застацца раўнадушным да спадчыны. Але глядзеў на яе не толькі сэрцам, як улюбёны ва ўсё роднае чалавек, але і як гаспадар. З яго падачы вырашылі аднавіць у Дворышчы ансамбль панскага фальварка.

Былі запрошаны архітэктары, якія распрацавалі праект сядзібна-этнаграфічнага турыстычнага комплексу. Пачыналася ўсё з дарогі, дзе знарок быў пакінуты брук, як прыклад будаўніцтва старых дарог. Злева ад яе адкрываўся былы крухмальны завод, справа – карчма. Далей – возера, млын. Млын быў поўнасцю рэканструяваны пад гасцініцу. На першым паверсе - зала ўрачыстых грамадзянскіх абрадаў, на другім у адпаведным інтэр’еры прадугледжаны пакоі нявесты, жаніха, сватоў, мельніка. На трэцім – банкетная зала, там жа кухня (яна павінна была працаваць на ўласных прадуктах гаспадаркі). На кожным паверсе ўладкаваны каміны, працаваў грузавы ліфт, малы банкетны зал. Дарэчы, са стварэння гэтага комплексу ў 1985 г. адкрылася і конна-спартыўная школа, былі закуплены спартыўныя коні.

У чатырохпавярховай вежы быў створаны гістарычна-этнаграфічны музей “Зямля і людзі”. Першы паверх – экспазіцыя каменнага веку. Тут жа адлюстраваны перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі: сярод экспанатаў – шынель мясцовага жыхара Іосіфа Бічаля, які бачыў самога Леніна. Падымаемся на другі паверх – “Вялікая Айчынная вайна” і яе ўдзельнікі. Трэці – “Першыя калгасы”. Чацвёрты – “Эксперыментальная база “Ніва”, перадавікі, сямейныя дынастыі. Дах – аглядная пляцоўка, з якой адкрываліся краявіды Дворышча. За некалькі гадоў за сродкі саўгаса комплекс быў амаль адроджаны. Сюды ўжо прыязджалі экскурсіі. Але… Віктара Кудлу запрасілі на працу ў раён. У гаспадарцы змянілася кіраўніцтва, і аднаўленчыя працы спыніліся.

Дворышча з відам на жыхарства

- У Дворышчы пражывае 570 жыхароў, - гаворыць старшыня сельскага Савета Ніна Зуенка, - з якіх большасць (391 чалавек) маладыя, працаздольнага ўзросту. На жаль, меншасць з іх працуе ў сельскай гаспадарцы, большасць - у горадзе. У нас восем шматдзетных сем’яў. Ад цэнтра цягнуцца пяць вуліц з прыгожымі назвамі: Зорная, Спартыўная, Новая, Палявая, Цэнтральная, на іх - добраўпарадкаваныя, прыгожыя падвор’і. Працуюць школа і дзіцячы сад, бібліятэка, Дом культуры, магазін, ФАП. Ізюмінкай аграгарадка з’яўляецца конна-спартыўная школа і стары млын - аб’ект аграэкатурызму турыстычнай фірмы “Адрас лета”.

Цікава, але калі запытаць у саміх жыхароў пра Дворышча, яны абавязкова прызнаюцца ў любові да яго - аграгарадка з багатым гістарычным мінулым і светлым поглядам у будучыню.

Альфрэда Шанціла на заслужаным адпачынку, але працуе дыспетчарам ў РСУП “Саўгас “Лідскі”. “Запрасілі дапамагчы на тры дні, а засталася яшчэ на тры гады, - жартуе Альфрэда Іосіфаўна. - Мы з мужам прыехалі ў Дворышча ў 1974 годзе. Я аграном, муж ветэрынарны урач. Першае, што ўразіла, - вялікая павага, з якой да нас, маладых, адносіўся калектыў. І мы імкнуліся працаваць адпаведна. Былі там, куды накіроўвалі. Шмат год я была членам санітарнай дружыны прадпрыемства. З камандай занялі першае месяца ў раёне і вобласці”.

Загадчык склада Аляксандр Сямашка скончыў Навагрудскі сельгастэхнікум і ў 1976 годзе быў накіраваны ў саўгас “Тракельскі”. Там жа пазнаёміўся з дзяўчынай, якая працавала бухгалтарам.  “Калі аб’ядналі два калгасы, кіраўніком стаў Віктар Кудла, - расказвае Аляксандр Сямашка. - На той час я працаваў механікам аддзялення Гурыны. А ў гаспадарцы патрэбен быў загадчык складам. Віктар Іванавіч думаў-думаў і паказаў на мяне. Некаторыя кпілі: “Куды гэты юнец лезе?” А я, той юнец, і па сённяшні дзень працую. Ні разу не меў ніякай правіннасці, працаваў добрасумленна. І цяпер мне 66, а яшчэ давяраюць – склад запчасткаў, мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў”. У Аляксандра Аляксандравіча двое дзяцей і трое ўнукаў. Усе жывуць у Дворышчы. “Калісьці жонка вельмі сумавала па Тракелях, - кажа ён. - Цяпер лічыць: няма лепей, як у Дворышчы”.

Галоўны інжынер РСУП “Саўгас “Лідскі” Антон Марцінкевіч у гэтых мясцінах нарадзіўся. Ад саўгаса атрымаў накіраванне ў сельгасінстытут і пасля вучобы вярнуўся ў родную вёску. Сёння ён ганарыцца, што працаваў поплеч з такімі дварышчанскімі механізатарамі-асамі як Станіслаў Рамук, Яўген Борыс, Франц Альшэўскі, Яўген Каратай, Адам Запаснік, Сакрат Кузакоў і Генадзь Брэйва. Шэсць год Антон Марцінкевіч адпрацаваў механікам, восем - загадчыкам майстэрні і вось ужо дваццаць год галоўным інжынерам. Антон Антонавіч расказвае, што калісьці выпускнікі па 14-15 чалавек з класа заставаліся ў калгасе. І цяпер яны яшчэ складаюць надзейны касцяк механізатарскіх кадраў. Але апошнім часам у гаспадарцы востра не хапае механізатараў.

Загадчыца Дварышчанскай бібліятэкі (жонка Антона Антонавіча) Людміла Уладзіславаўна лічыць: “Малая радзіма там, дзе пражыў большую частку свайго жыцця. Пасля вучобы я выбрала Дворышча (хаця сама Людміла Уладзіславаўна – лідчанка – аўт.) і ўбачыла тут вялікі і моцны калектывізм і была вельмі ўражаная. Усе: спецыялісты, працаўнікі, настаўнікі і вучні школы – былі адно цэлае. Разам выходзілі на суботнікі, працавалі на добраўпарадкаванні вёскі. І ніхто не казаў: не хачу, не магу. А якія былі дабразычлівыя адносіны да людзей працы: праводзіліся ўрачыстыя сходы і вечары сустрэч, дзе перадавікоў віншавалі, узнагароджвалі. Людзей аб’ядноўвала не толькі праца але і спорт, экскурсіі па рэспубліках былога Савецкага Саюза”.

Іван Ганевіч - нязменны старшыня Дварышчанскага сельскага Савета на працягу 28 (!) гадоў. У 1982 годзе, адразу пасля службы ў арміі, ён прыехаў сюды па накіраванні райкама – сакратаром парткама.

 - У той час у Дворышчы толькі распачыналася масавае будаўніцтва пад кіраўніцтвам прарабаў Уладзіслава Лабецкага (зараз - дырэктар БМТ-19), Віктара Юхно і Адама Белана. Разам з нашымі будаўнікамі актыўна працавалі студэнцкія будаўнічыя атрады, - расказвае Іван Феліксавіч. - Дворышча для мяне - другая радзіма. Усё свядомае жыццё прайшло тут. І мне падабаецца гэты куток Лідчыны. Тут жывуць добрыя, зацікаўленыя, граматныя, старанныя, працалюбівыя людзі, патрыёты свайго роднага краю. Сярод іх з асаблівай павагай хачу назваць Івана і Лекадзію Пранюкоў, Кацярыну Ёрш, Пятра і Галіну Ліхарадаў, Дзяніса і Яніну Капачэль, Уладзіміра і Святлану Юркевічаў, а таксама настаўнікаў - Лукерыю Белан і Галіну Гураль, Веру Буяк і Генрыету Хутную, Тэрэзу Банцэвіч і Яніну Кудлу, якімі мы ганарымся і ставім ў прыклад падрастаючаму пакаленню.

А вось галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Бартош – прадстаўнік маладога пакалення Дворышча. Пры тым, гэта чалавек, які моцна стаіць на зямлі. З сялянская сям’і: дзед, бацька і яго браты – усе працавалі і працуюць у сельскай гаспадарцы. У Андрэя шматдзетная сям’я – трое дзетак - будучыня Дворышча. 

Падарунак Дворышчу

  У аграгарадку мірна пражываюць прадстаўнікі розных канфесій. Пад кіраўніцтвам пратаіерэя Георгія Мухі будуецца праваслаўная царква ў гонар святой Сафіі Слуцкай (нашай беларускай святой – аўт.). Каталікоў духоўна акармляе ксёндз Ежы Бяганскі з Тракельскай парафіі.

Менавіта ксёндз Ежы натхніў дварышчанцаў на агульную добрую справу, якую па праву можна назваць свайго роду падарункам Дворышчу ад яго жыхароў на 500-годдзе. Гэта добраўпарадкаванне старых закрытых могілак (захаванні датуюцца 18 ст.) і пляцоўкі са скульптурнай кампазіцыяй Іісуса Хрыста, так званай “Гары пакаяння”. Усе разам людзі збіралі сродкі, выходзілі (і зараз выходзяць) на суботнікі – хто як можа уносіць сваю лепту. Вынік, хаця і не канчатковы, можна бачыць ужо сёння. Пляцоўка каля скульптуры абнавілася і стала прывабнай: пракладзены дарожкі, засыпаныя шчэбнем, уладкаваны бардзюры. Зараз вядуцца работы па ўладкаванню асвятлення. 

Зроблена вельмі шмат. Працавалі і жанчыны, і мужчыны, маладыя і пажылыя. Актыўную дапамогу тэхнікай аказвалі мясцовыя фермеры Валянцін Капачэль, Вадзім Кудла, прадпрымальнікі Вацлаў Вейкуць, Уладзімір Бічэль. На кожным суботніку працавалі дварышчанцы Марыя Смолка, Святлана Драб, Лілія Жукоўская, Адам Белан, Генрых Брэйва, Галіна Бічэль, Іван Ганевіч, Іосіф Фурман і многія іншыя.

…Калі б камяні маглі гаварыць, то руіны былога панскага фальварка ў Дворышчы расказалі б, як калісьці віравала тут жыццё. Акрамя млына, вежы і лядоўні, пачатак двухтысячных гадоў заспелі часткова каменныя "старажылы" маёнтка - крухмальны завод і карчма. Ці ажыве гісторыя?.. Пытанне пакуль без адказу, але… Мяркуючы па тым, якія неабыякавыя людзі жывуць у Дворышчы, верыцца, што ён будзе сцярджальны. Так, Дварышчанскі фальварак можна было б ператварыць у сядзібна-этнаграфічны турыстычны комплекс.

 Віктар Кудла актыўна займаецца краязнаўствам малой радзімы, рупліва збірае і захоўвае багацце гістарычнай спадчыны. На аснове сабраных архіўных матэрыялаў у часопісе "Лідскі летапісец» быў надрукаваны артыкул "Дворышча" за перыяд з XVI стагоддзя да 1941 года. Ён жа рыхтуе працяг летапісу краю, шукае экспанаты, запісвае ўспаміны старажылаў, каб стварыць музей рарытэтнай сельскагаспадарчай тэхнікі і сялянскага побыту. Аб’яднаў вакол сябе аднадумцаў, былых калег па працы. Разам яны распрацавалі маштабны план падрыхтоўкі да знакавай даты. Сярод яго пунктаў – добраўпарадкаванне пляцоўкі перад недабудаваным памяшканнем спартыўнага комплексу, высадка алеі і ўстаноўка валуна ў гонар 500-годдзя Дворышча, добраўпарадкаванне вуліц, тратуараў, газонаў, кансервацыя гістарычных аб’ектаў і многае іншае. Шкада, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй не ўсе з намечаных мерапрыемстваў удалося выканаць. Таму юбілейная дата будзе святкавацца ў наступным годзе. А пакуль ёсць час для выканання намечанага.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться