«Лідская газета» – лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Моцная сям’я – моцная дзяржава»

22 Октября 2020 970

Узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ пытанняў умацавання прэстыжу сям’і, папулярызацыі сямейных каштоўнасцей і традыцый “Моцная сям’я – моцная дзяржава” адбылося ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны паслужыўшых. У ліку лаўрэатаў – праект “Лідскай газеты” “Усё пачынаецца з сям’і”. Падзея адбылася ў рамках аднайменнага адкрытага круглага стала.

Мерапрыемства, арганізатарам якога выступіў Беларускі саюз жанчын пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, сабрала разам  журналістаў і супрацоўнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў. Асноўным пунктам сустрэчы стаў круглы стол “Моцная сям’я – моцная дзяржава”, падчас якога абмяркоўваліся пытанні дэмаграфічнай палітыкі, умацавання прэстыжу інстытута сям'і і папулярызацыі сямейных каштоўнасцей.

– Тая сістэма, якая пабудавана ў інтарэсах сем'яў з дзецьмі, –нацыянальны набытак нашай дзяржавы, – адзначыла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка. – Але мы разумеем, што ніякія сацыяльна-эканамічныя меры не дадуць эфекту, калі не будзем думаць пра ўмацаванне інстытута сям'і, калі ў грамадстве не будзе мяняцца стаўленне да сям'і, сямейных каштоўнасцей. Вядома, тут асаблівую ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі.

У праграму "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" на наступны перыяд закладзена значная колькасць мерапрыемстваў па развіцці інфармацыйнай прасторы ў гэтым кірунку. Стаіць задача павышэння ў грамадстве прэстыжу сямейнага ладу жыцця, сем'яў з некалькімі дзецьмі.

Пра развіццё краіны мяркуюць па становішчы сям'і і стаўленню да яе дзяржавы. У Беларусі ў адрозненне ад многіх іншых краін падтрымка сям’і была і ёсць у прыярытэце. Так, увесь перыяд водпуску па догляду за дзіцем да трох гадоў аплачваецца. Сям'я мае права сама вызначаць, хто будзе знаходзіцца ў такім адпачынку, – мама, тата, бабуля або дзядуля. Дзейнічае шэраг гарантый. Да прыкладу, калі ў перыяд водпуску па догляду за дзіцем заканчваецца кантракт, то на бацьку і маці распаўсюджваецца гарантыя, у адпаведнасці з якой кантракт можа працягвацца да дасягнення дзіцем пяці гадоў. Сістэма дзяржаўных дапамог ўключае 11 выплат, і іх памер істотны.

Круглы стол стаў працягам вельмі важнага цыклу мерапрыемстваў "За Беларусь!" У сувязі з гэтым Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч адзначыла, як важна ў дзяржаве, сям'і (а сям'я - гэта маленькая дзяржава) стварыць любоў і дабрабыт. Паводле яе слоў, падтрымка сям'і заключаецца не толькі ў фінансавых пытаннях – вельмі важна данесці, растлумачыць вялікую каштоўнасць сям'і. Сёння стаіць задача падняць ролю бацькі. “Нашы мужы, бацькі разумеюць, што іх задача не толькі сфарміраваць матэрыяльную забяспечанасць сям'і, але і даць любоў, увагу, клопат жонцы і абавязкова дзецям, таму што дзеці, моцная сям'я – гэта сур'ёзная інвестыцыя ў сучаснасць і будучыня нашай краіны ", – адзначыла Ірына Касцевіч.

Ішла размова аб прыярытэтах заканадаўчага забеспячэння інстытута сям’і, а таксама аб прапановах па ўнясенні ў Канстытуцыю. Намеснік старшныі ГА “Беларускі саюз жанчын”, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адзначыла, што ў ліку іх – прапановы аб узмацненні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей і дзяцей за догляд бацькоў, – прапановы, якія ідуць ад жыцця.

Доктар гістарычных навук, прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ірына Калачова прапанавала сфарміраваць у Беларусі структуру  кіравання сямейнымі працэсамі – Нацыянальны інстытут бацькоўства і дзяцінства.

Протаіерэй Фёдар Поўны гаварыў аб праблемах духоўна-маральнага выхавання сучаснага маладога пакалення. “Дэмаграфічны крызіс будзе настолькі доўга, – казаў айцец Фёдар, – наколькі доўга будуць інсаваць праблемы ў духоўным выхаванні”.

 – Сродкі масавай інфармацыі адлюстроўваюць працэсы, якія ідуць у грамадстве, – адзначыў намеснік Міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. – Менавіта таму і запатрабаваны конкурс, які праводзіць ідэі сям’і.

Перад уручэннем узнагарод пераможцам конкурсу Ігар Бузоўскі падзякаваў журналістам за іх працу, аб'ектыўнае асвятленне тэмы:

– На творчае спаборніцтва ў гэтым годзе паступіла 98 работ ад 84 рэдакцый. Хацеў бы падзякаваць усіх удзельнікаў конкурсу, калектывы рэдакцый за тое, што матэрыялы напоўнены цеплынёй і клопатам.

 У ліку лаўрэатаў адзначана “Лідская газета” і яе праект “Усё пачынаецца з сям’і”. Дадзена высокая адзнака прафесіяналізму журналістаў, шырокаму спектру матэрыялаў, накіраваных на прапаганду сямейных каштоўнасцей і традыцый, павышэнне прэстыжа сям’і як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы. Дарэчы, лідар па прызавых месцах у творчым конкурсе – Гродзеншчына. 

***

Сустрэча нездарма адбывалася ў знакавым месцы – Храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны паслужыўшых. 

Асвечаны восенню 2018 года, храм-помнік, сапраўды, дзіўнае месца на карце не толькі сталіцы, але і ўсёй Беларусі. Нацыянальная святыня – месца пакаяння і памяці. Равеснік суверэннай Беларусі, духоўны сімвал яе незалежнасці. Гэты храм ўзводзіўся з 1991 года па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II пад высокім патранажам кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і мітрапаліта Філарэта, зараз – ганаровага Патрыяршага Экзарха.

Храм-помнік, які нібыта ўзмывае ўверх, здзіўляе, уражвае сваёй магутнасцю, прыгажосцю, веліччу і поўнасцю адпавядае сваёй ідэі –аб'яднаць у адным архітэктурным вобразе гістарычнае мінулае і сучаснасць, паказаць правільны духоўны арыенцір у будучыню. Пабываць тут варта кожнаму з нас.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться