У Лідскім раёне працуюць назіральныя камісіі, якія праводзяць праверкі на прадмет гатоўнасці і бяспекі домаўладанняў да пачатку ацяпляльнага сезона

16 Октября 2020 1489
Сухая, сонечная восень надае вёскам асаблівую прыгажосць, расквечваючы яркімі фарбамі дрэвы і кветнікі. У дадатак, у адрозненне ад горада, тут цішыня, няма мітусні. Ад усяго гэтага сэрца напаўняе своеасаблівая заспакоенасць. 

– Каб не парушыўся гэты спакой вяскоўцаў, каб у якую-небудзь з хат не прыйшла бяда, мы і клапоцімся аб бяспецы людзей. Як кажуць у народзе, беражонага і Бог беражэ, – зазначыў журналісту старшыня Ганчарскага сельскага Савета Валерый Калодка перад пачаткам рэйда мясцовай назіральнай камісіі. Патлумачыў: падобныя назіральныя камісіі створаны і працуюць пастаянна ў сельскай мясцовасці пры кожным сельскім Савеце, у горадзе – пры ЖЭСах. Валерый Уладзіміравіч расказаў, што праходзяць назіральныя камісіі кожны другі і чацвёрты чацвер месяца. Аднак бываюць і выключэнні. Так, зараз, напярэдадні пачатку ацяпляльнага сезона, іх назіральная камісія збіралася дадаткова, каб паспець своечасова і якасна праверыць на прадмет гатоўнасці і бяспекі домаўладанні, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. І на сённяшні дзень іх абследавана амаль 90 працэнтаў. У камісію акрамя прадстаўнікоў мясцовай улады (старшыня сельскага Савета яе ўзначальвае) уваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый і службаў: РАНС, РАУС, Лідскіх электрычных сетак, ВУ “Лідагаз”, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, устаноў аховы здароўя і адукацыі і іншыя. Асаблівая ўвага суб’ектаў прафілактыкі – да дамоў, у якіх ёсць пячное ацяпленне і ў якіх пражываюць адзінокія састарэлыя грамадзяне, сем'і, дзе злоўжываюць спіртнымі напоямі, шматдзетныя сем’і. 

Па правілах і па-чалавечы

Шлях назіральнай камісіі сёння ляжыць праз вёску Дроздава. 

– Тут прапісана 126 грамадзян, – гаворыць кіраўнік спраў Ганчарскага сельскага Савета Людміла Ярмантовіч. – Аднак некаторых састарэлых людзей з наступленнем халадоў (як павялося паўсюдна) дзеці забіраюць да сябе ў горад. Пэўная частка застаецца ў вёсцы, карыстаецца пячным і газавым ацяпляннем, эксплуатуе электрапрыборы. Таму нагадаць аб бяспецы і ўвачавідкі ўбачыць, што маецца на самай справе, не будзе лішнім. 

– Пажары з’яўляюцца адной з найбольш распаўсюджаных надзвычайных сітуацый, якія забіраюць чалавечыя жыцці. Страты і сацыяльная значнасць трагедый, звязаных з пажарамі, узрастаюць, так як разам са стратай чалавечага жыцця агнём знішчаюцца матэрыяльныя каштоўнасці. Таму і праводзіцца абследаванне падвор’яў на прадмет выяўлення парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі, – уступае ў размову член назіральнай камісіі, начальнік сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лідскага РАНС Яўген Місура. – Дарэчы, кожны работнік РАНС замацаваны за пэўным сельсаветам.

Памяткі аб пажарнай бяспецы сям'і Макаравых уручае Яўген Місура.

Яўген Часлававіч кажа, што патрабаванні зусім нескладаныя. Патрэбна, каб быў пабелены і абтынкаваны комін у паддахавым памяшканні, там не павінны складзіравацца гаручыя матэрыялы, дошкі, смецце. Заўвага робіцца гаспадару дома, калі ля ацяпляльнай печы адсутнічае перадтопачны ліст, на ёй маюцца расколіны, побач з печчу складзіруюцца гаручыя матэрыялы. Пры адсутнасці аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка выказваецца рэкамендацыя яго ўстанавіць.

– Пры правядзенні абследавання падвор’яў кожны член камісіі складае сваю дакументацыю, заносіць у базу даныя, – кажа Яўген Місура. – А вось адміністрацыйныя пратаколы на гаспадароў на сённяшні дзень ніхто з суб’ектаў прафілактыкі, якія ўваходзяць у склад назіральнай камісіі, не складае. Мы ў вуснай форме тлумачым, расказваем, што неабходна чалавеку зрабіць для яго бяспекі. Устанаўліваюцца тэрміны, у якія парушэнне трэба ліквідаваць. Ёсць прыклады, калі ў доме пражывае адзінокая бабуля ці інваліды 1-й, 2-й групы, якія самі не могуць выправіць парушэнне. Тады мы пішам лісты дзецям з просьбай ліквідаваць парушэнне ці на дапамогу нямогламу чалавеку прыходзіць сацыяльная служба. Яе прадстаўнік заўсёды ўваходзіць у склад назіральнай камісіі. Вядома, калі гаспадар дома сам працаздольны, патрабуем, каб ён сачыў за бяспекай і сваімі сіламі навёў парадак. Ну, а калі чалавек гультай ці пьяніца і не прыслухоўваецца да парад, то яго выклікаюць на пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку.

Дарэчы, падчас назіральных камісій супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях звяртаюць увагу і на тое, які парадак на прысядзібных участках: ці няма там складзіраванага смецця, сухой расліннасці. Журналіст, карыстаючыся выпадкам, пацікавіўся, якія асноўныя патрабаванні пажарнай бяспекі да распальвання вогнішчаў і мангалаў. Бо не сакрэт, што жыхары прыватнага сектара робяць гэта (асабліва стала папулярным адпачываць “пад шашлыкі”). Як растлумачыў Яўген Місура, пры распальванні вогнішчаў нарматыўная адлегласць да бліжэйшых будынкаў і збудаванняў – 8 метраў, пры распальванні мангалаў – не менш за два метры. Безумоўна, у наяўнасці павінны мецца першасныя сродкі пажаратушэння. Няхай і не вогнетушыцель – можа быць вядро з пяском ці вадой, лапата. І абавязкова – пастаянная прысутнасць чалавека, які распальвае вогнішча або мангал.

Журналіст пагутарыў і з некаторымі іншымі ўдзельнікамі назіральнай камісіі. Майстар Лідскіх электрасетак Уладзімір Бушміч кажа, што пяты год удзельнічае ў такіх аглядах. Глядзіць стан электраправодкі ў дамах і на ўводзе ў іх, падказвае гаспадарам, што трэба зрабіць, калі нешта не так. “Вельмі хочацца, каб людзі заўсёды разумелі, што ўсё гэта робіцца дзеля іх бяспекі”, – зазначае суразмоўца. 

Гаспадыня аднаго з дамоў Марыя Заяц.

Віктар Бутурля прадстаўляе ў назіральнай камісіі пры Ганчарскім сельскім Савеце сацыяльную службу. Віктар Іванавіч, дарэчы, завочна знаёмы журналісту, паколькі не раз у “Лідскую газету” яму ад яго падапечных як сацыяльнага работніка прыходзілі падзякі. Працуе Віктар Бутурля на гэтай пасадзе больш за 20 гадоў, дапамагае старым адзінокім людзям па гаспадарцы. Для многіх жыхароў вёсак Істакі, Сіманы, Дзітрыкі і Зарачаны Віктар Іванавіч стаў як родны сын. Дарэчы, вяскоўцы таксама вылучылі яго старастам сваіх вёсак. 
– Што датычыцца падрыхтоўкі да зімовага перыяду, – кажа Віктар Іванавіч, – то такая катэгорыя грамадзян, як пенсіянеры, падрыхтавана добра. Больш праблем з тымі працаздольнымі, хто злоўжывае спіртным. Бо хто хоча жыць, той сапраўды жыве, а хто выбраў для сябе шлях выжывання – выжываць і будзе, як ты яму ні дапамагай і колькі ні патрабуй стаць на правільную дарогу.

«Калі ласка, заходзьце»

Што датычыцца жыхароў вёскі Дроздава, то ва ўсіх хатах, куды заходзілі ўдзельнікі назіральнай камісіі, гаспадары сустракалі іх прыветліва. Цікава, што гутарку вялі з гасцямі не толькі аб тым, як іх домаўладанні падрыхтаваны да зімовага перыяду, але і аб сваім асабістым.

Зінаіда Уладзіміраўна Клешч расказала, што, хоць і жыве адна, мае добрых дачку і ўнукаў, якія яе не забываюць.
Аднак я рада і пабочнай падтрымцы. Гэта добра, што прадстаўнікі розных службаў наведваюць, за бяспеку пажылых людзей хвалююцца, – адзначыла Зінаіда Уладзіміраўна.

Кіраўнік спраў Ганчарскага сельскага Савета Людміла Ярмантовіч і Зінаіда  Клешч.

Уладзімір Міхайлавіч Мурын паказаў, што ў яго маюцца і печка, і газавае ацяпленне. Надарылася магчымасць падвесці газаправод да хаты, калі пракладвалі трубаправод з блакітным палівам, да новых дамоў, якія будавалі ў Дроздаве па прэзідэнцкай праграме адра-джэння сяла. Атрымаўшы павучальную інфармацыю па бяспецы ў час ацяпляльнага перыяду, Уладзімір Міхайлавіч узняў і тыя пытанні, якія яго хвалююць. Звярнуўся і да журналіста, калі гутарка зайшла аб якасці спажывецкіх тавараў. Маўляў, падніміце ў газеце пытанне: чаму апошнім часам у соль вытворцы пачалі дабаўляць дабаўкі, каб яна не злежвалася? Ці не адаб’ецца гэта на здароўі людзей? 

Газавым ацяпленнем у доме ганарыцца Уладзімір Мурын.

Марыя Леанідаўна Заяц, маці пецярых дарослых дзяцей, якая ў свой час была ўзнагароджана ордэнам Маці, паказала, як падрыхтавала печку да зімы. Зазначыла, што не толькі сама заўсёды клапацілася аб бяспецы, але і дзяцей гэтаму вучыла. Да яе, як і да Аляксандра Пятровіча і Валянціны Міхайлаўны Макаравых, заўваг з боку членаў назіральнай камісіі не ўзнікла. Тым не менш начальнік сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лідскага РАНС Яўген Місура уручыў памятку аб супрацьпажарнай бяспецы. Веды аб тым, як захаваць сваё здароўе, жыццё і маёмасць ад непрадбачаных выпадкаў, ніколі не будуць лішнімі. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться