«Не магу маўчаць!». Журналіст «Лідскай газеты» дзеліцца ўражаннямі ад падзей, якія адбываліся ў цэнтральнай частцы нашага горада ў мінулую нядзелю

01 Октября 2020 1395
Шаноўныя чытачы! “Лідская газета” працягвае друкаваць шэраг артыкулаў пад загалоўкам “НЕ МАГУ МАЎЧАЦЬ!”. Водгукі на іх працягваюць паступаць, пацвярджаючы, што нераўнадушных лідчан, якія хочуць бачыць нашу Бацькаўшчыну спакойнай і квітнеючай, якія таксама чакаюць перамен, але мірным і стваральным шляхам, непараўнальна больш, чым тых, хто ўсё яшчэ працягвае баламуціць нашу чыстую ваду.

Калі на першыя матэрыялы з гэтага цыкла большасць водгукаў была ў электронным выглядзе, то цяпер дасылаюцца і ў канвертах, а тыя, хто хоча выказацца хутчэй, прыходзяць у рэдакцыю, тэлефануюць, спыняюць мяне, як аўтара, на вуліцы. Як я ўжо казаў раней, ёсць і крытычныя заўвагі ў мой адрас, хоць іх і значна меней. Вельмі радуе, што на старонках “Лідскай газеты” ідзе спрэчка, выказваюцца розныя меркаванні, і ўсе разам, рана ці позна, мы прыйдзем да агульнай стваральнай асновы.

 Варта памятаць толькі адно: ні ў адной дзяржаве меншасць не кіруе большасцю, няма такой краіны, дзе чалавек, якога да выбараў ніхто не ведаў, які быццам узнік немаведама адкуль, прапаноўваў бы сваю кандыдатуру на пост Прэзідэнта і такім чынам дамагаўся ўлады, як гэта робяць сёння альтэрнатыўныя кандыдаты. Такімі дзеяннямі яны самі капаюць пад сабою магілу, трапілі ў бязвыхаднае становішча і спадзяюцца на дапамогу замежных “добразычліўцаў”, якія, быццам сарвашыся з ланцуга, брэшуць на Беларусь, яе кіраўніцтва і народ што папала. 

“Не дапамогуць, – звяртаюся да шаноўнай спадарыні, цяпер ужо літоўкі ці варшавянкі Ціханоўскай і яе такіх жа аблудных паплечнікаў, – а яшчэ болей зацягнуць вас у бруд, бо вы для іх ніхто, хіба толькі выпадковыя спадарожнікі ў ажыццяўленні іх палітычных амбіцый”. 
Мы і толькі мы – самі беларусы, а не спадарыня Ціханоўская і невялікае кола людзей, якія круцяцца вакол яе, – маем поўнае права вырашаць, як нам жыць далей, якую краіну нам будаваць, а не нашы суседзі з Захаду і падпарадкаваная ім невялікая частка беларускай грамадскасці, якая бадзяецца па вуліцах з бела-чырвонымі сцягамі…

А пакуль, паважаныя лідчане, я падзялюся з вамі ўражаннямі ад падзей, якія адбываліся ў цэнтральнай частцы нашага горада ў мінулую нядзелю. 

«Добрых людзей, сын, заўсёды шукай, дрэнныя знойдуцца самі…»

Гэтыя словы з песні вядомага беларускага спевака Аляксандра Ярмоленкі зачапілі мяне за самыя патаемныя стрункі душы. І яны, і заварожваючая мелодыя нават падштурхнулі да своеасаблівага аналізу сённяшніх падзей. Як чытач неаднойчы змог упэўніцца, я не падзяляю ў сваіх матэрыялах з цыкла “Не магу маўчаць!” людзей на ворагаў і не ворагаў, на нашых і не нашых, а вось на добрых і дрэнных падзяліў бы. 

Да тых, каго я аднёс бы сёння да нялепшых (каб было больш зразумела, да тых, якія заблудзілі), адносяцца і тыя, хто выходзіць на несанкцыянаваныя мітынгі і, на іх думку, вяршыць вялікія справы, а на самай справе заганяе сам сябе ў балота і, што яшчэ горш, нас таксама кліча туды. Калі я праходжу міма іх “збюрак”, мне бывае нават шкада іх, але калі пачуеш, чаго яны патрабуюць (а мне здаецца, самі не ведаюць чаго), ахінаюць далёка не вясёлыя думкі. Я не раз ужо ўпэўніваўся, стоячы ў іх натоўпе, што яны падпарадкаваны не ідэі, а тым, хто імі кіруе па Telegram-каналах. Ужо дакладна вядома, што іх галоўны офіс знаходзіцца ў Варшаве, у так званым беларускім доме. Але аб гэтым мы пагаворым больш падрабязна ў наступны раз, а цяпер вернемся да падзей, якія адбываліся ў нашым горадзе ў мінулую нядзелю.

Парушальнікі спакою, якія ўжо нагналі большасці лідчан такую вострую аскому, што хутка і яблыка не ўкусіш, на гэты раз пачалі збірацца не ў адным месцы, як звычайна, а купкамі. Потым то згуртоўваліся, то аддаляліся, а калі на гарызонце з’явіліся амапаўцы, пачалі разлятацца хто куды: адны – у бок вуліцы Савецкай, другія накіроўваліся на “камароўку”, трэція – у бок “Ёўраопта”, што па вуліцы Гагарына...

Мне нават хацелася крыкнуць: “Г-э-э-эй, вы куды?! Калі вы сапраўдныя змагары, а не купленыя кіраўнікамі каляровай рэвалюцыі, дык чаго спалохаліся? Змагайцеся сабе і далей, толькі такім чынам, каб не парушаць спакой астатніх гараджан. Вы эгаісты, бо думаеце толькі аб сабе, толькі аб сваім, навязаным вам з Варшавы клопаце, а аб астатніх – халера іх бяры. Памыляецеся, бо мы выстаім і пераможам, ды і вашы шэрагі, як я ўжо заўважыў, дзякуй Богу, прыкметна радзеюць…”

«Добрых людзей, сын, заўсёды шукай, добрых усё-такі болей!..» 

Па ўсім бачна, што мітынгуючыя і самі не планавалі доўга затрымлівацца навідавоку. Дарэчы, так было і ў мінулы раз, калі пасля інаугурацыі Прэзідэнта яны акупавалі праход у Дом гандлю. Каб прыдбаць што-небудзь смачненькае на вячэру, я ледзь прасунуўся ў магазін, а выйшаўшы, міжволі стаў сведкам шмат чаго цікавага. Аказваецца, у апошні час тактыка мітынгаў па ўказанні зверху ўдасканальваецца: хуценька сабрацца, гуртам перайсці вуліцу (у дадзеным выпадку ў бок кінатэатра “Юбілейны”), дастаць сцягі і транспаранты, а ў гэты час з боку Дома гандлю іх здымаюць на відэа, якое неўзабаве з’явіцца на адным з Telegram-каналаў з подпісам: “У Лідзе адбыўся масавы мітынг!”, хаця ў гэтым мітынгу прынялі ўдзел лічаныя людзі. Але “карцінка” створана, паляцела ў эфір, і такім вось падманным шляхам фарміруецца думка аб тым, што ў Беларусі склалася тупіковая сітуацыя, якую можна рашыць толькі з дапамогай міжнароднай супольнасці.

А вось хто выклікаў у мяне гонар, дык гэта гараджане, якія разам са мной былі міжвольнымі сведкамі нядзельных падзей, якія аднесліся да ўсяго, што адбывалася ў той дзень у цэнтры горада, спакойна і разважліва. Бо вельмі ўжо моцна даліся ўсім у знакі і гэтыя несанкцыянаваныя мітынгі, і размахванне недзяржаўнымі сцягамі, і задраныя ўгору два пальцы, і дзікі енк машын…

Але галоўнае – добрых людзей у нашым горадзе і на нашай Лідчыне, як і ў цэлым у краіне, значна больш, і гэта факт!
Текст: Тадэвуш Чарнавус.Тадэвуш Чарнавус.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться