Неабыякавыя лідчане разам з камунальнымі службамі ўладкавалі дваровую тэрыторыю
11 Августа 2020
778
Выйсці з пад’езда і ступіць на асфальтаваную дарожку, прыпаркаваць аўтамабіль на абсталяванай аўтастаянцы, адпусціць дзіця на пляцоўку і не турбавацца аб яго бяспецы. Аб утульным, чыстым двары, напэўна, марыць большасць гараджан. Аднак пакуль адны скардзяцца ва ўсе інстанцыі, б’юць у грудзі: “Мне павінны!” – і чакаюць, калі прыйдзе “дзядзя” і навядзе парадак, другія выступаюць з ініцыятывай: “Давайце зробім гэтую справу разам!” Менавіта па такім шляху – сумеснай адказнасці за добраўпарадкаванне – пайшлі жыхары дамоў 9 і 11 па вуліцы Машэрава.
Спачатку невялікая перадгісторыя. Гэты двор з’явіўся ў 1988 годзе. Па яго перыметры стаяць тыпавыя пяціпавярховыя “панэлькі”. Згодна з будаўнічымі нормамі таго часу, двор ствараўся настолькі кампактным, што шырыня праезджай часткі была ўсяго некалькі метраў.
Зразумела, ні пра якія парковачныя месцы размовы не ішло. Але ў тыя гады гэта і не было актуальна. Усё змянілася з развіццём аўтамабілізацыі – паўстала вострая неабходнасць уладкаваць стаянку для аўтамабіляў, пашырыць дарогу. Таму што калі на ёй лоб у лоб сустракаліся дзве машыны, то аднаму з вадзіцеляў прыходзілася здаваць назад, бо не было ніякай магчымасці размінуцца.
– За апошнія 32 гады ніхто з нас не памаладзеў, большасць ужо выйшлі на пенсію, – апавядае жыхарка дома №11 па вуліцы Машэрава Лілія Лапко (на здымку). – Дык для хуткай дапамогі заехаць і выехаць з нашага двара было цэлай задачай! Ды і самім жыхарам было нязручна, аўтамабілі часам ставілі проста на тратуарах пад пад’ездам. У гэтым годзе ў нашым двары вяліся работы па замене цепласетак. Зразумела, усё параскопвалі. І мы, пагутарыўшы з суседзямі, вырашылі: “Трэба карыстацца момантам. Цяпер або ўжо ніколі!” Я разам з другой жыхаркай запісалася на асабісты прыём да старшыні райвыканкама Сяргея Ложэчніка. Ён не абяцаў, што будзе зроблена так, як мы хочам, але сказаў, што выедзе на месца, каб паглядзець і вырашыць, чым можна дапамагчы. Ведаеце, не паспелі мы вярнуцца дадому, а ён разам з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо быў тут. А ў мінулым месяцы нам пашырылі праезджую частку, уладкавалі больш за 40 парковачных месцаў. Так прыемна, што мясцовая ўлада нас пачула.
Двор па вуліцы Машэрава, 9-11 змяніўся, але яшчэ не да канца. Як расказаў намеснік дырэктара Лідскага ГУП ЖКГ Руслан Аршанскі, у хуткім часе будзе заліты фінішны асфальт, будуць добраўпарадкаваны пешаходныя тратуары. Падчас будаўнічых работ некаторыя кветнікі, кусты, якія ў свой час садзілі пад вокнамі самі людзі, прыйшлося выкапаць. Але расліны ў поўнай захаванасці – яны былі перавезены на тэрыторыю зелянгаса. Калі прыйдзе час, камунальшчыкі вернуць іх гаспадарам. А яшчэ падвязуць чарназёму, каб кветкі добра прыжыліся пасля “адпачынку” на новым месцы. З работ, якія маюцца адбыцца, таксама пасадка газона. Прынамсі, для яго і неабходна было выраўнаваць зямлю, прыбраць камяні. “Мы дапаможам! Мы самі гэта зробім, толькі скажыце калі,” – выступілі з ініцыятывай жыхары двара. І не толькі з ініцыятывай на словах, але і потым з граблямі, лапатамі і вёдрамі на справе.
Таму што быць гаспадаром сваёй зямлі – гэта браць адказнасць за яе добраўпарадкаванне ў тым ліку на сябе.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.