У дзясятую пятніцу пасля Вялікадня (сёлета – 26 чэрвеня) ёсць нагода пакланіцца мясцовай лідскай святыні – іконе Маці Божай Крывіцкай

26 Июня 2020 1046
Калі ў красавіку бягучага года на старонках “Лідскай газеты” выйшаў артыкул “Цуд спыніўся над Нёманам” аб іконе Маці Божай Крывіцкай, якая ўшаноўваецца і католікамі, і праваслаўнымі і была з’яўлена ў глыбокай даўнасці на грушы ў в. Крывічы Беліцкага сельсавета, тэлефон жыхаркі в. Табалы Веры Гулевіч не змаўкаў.

Многа дзён адусюль ішлі водгукі, словы падзякі за тое, што захавала яна памяць пра абраз, што рассказала шырокаму колу чытачоў. Артыкул многія лідчане старэйшага ўзросту ўспрынялі літаральна са слязамі на вачах. Тэма атрымала працяг. У сямейным фотаархіве Веры Аляксандраўны ёсць унікальны фотаздымак 1947 года. На ім фэст Дзясятуха у Беліцкай царкве: свята, прысвечанае з’яўленню іконы Маці Божай Крывіцкай, якое калісьці шырока адзначалася ў беліцкіх мясцінах у дзясятую пятніцу пасля Вялікадня. На гэтым фэсце была і Вера Аляксандраўна, тады яшчэ 19-гадовая дзяўчына… На фотаздымку змогуць убачыць маладымі сваіх бацькоў, дзядоў многія сучасныя жыхары Лідчыны. 

– Незабыўны і непаўторны 1947 год, – расказвае Вера Аляксандраўна. – Зніклі пражэктары, якія ўсю ноч грэмзалі неба. Вярнуліся з фронту салдаты, з Нямеччыны – палонныя. Сем’і сабраліся разам. Два гады прайшлі пасля Перамогі, у жыцці павеяла мірам. Ажылі. Адзеліся трохі, каб было, як выйсці да людзей. Душа рвецца кудысьці!.. А можа, гэта мой дзевятнаццаты год рвецца ў палёт?! На той час вырасла многа дзяўчат. Куды дзеўкі, туды і я – на фэсты ў цэрквы.

А фэсты ў тыя часы праводзіліся часта – з нагоды кожнага вялікага хрысціянскага свята. 

“6 мая – свята Юр’я, фэст у Баброўскай царкве, – працягвае Вера Гулевіч. – І я з дзяўчатамі пайшла. Дарога праз няцецкі лес, страшна, але зайшлі. Скончылася служба ў царкве, ідзём вуліцай дамоў: на адным з падворкаў іграе музыка. Хлопцы сустрэлі нас, Коля Гушчынскі запрасіў мяне на баброўскі вальс, пасля вальса правёў. Вечная памяць Колю. 


22 мая – свята Мікола, фэст у Ганчарскай царкве. З Табалы ў Ганчары 15 км. Але ідзём. Ішоў Коля Васілевіч, і я з ім. 13 чэрвеня ў Жалудоцкім касцёле фэст Святога Антонія. Нас сабраўся цэлы “атрад”: дзяўчаты і жанчыны. З Беліцы ў Жалудок 20 км, шаша з каменю. Нас вяла Надзя Ненартовіч палявымі сцежкамі. Ішлі басанож, туфлі неслі ў руках. Калі падышлі блізка, прычасаліся, абуліся. На вуліцы – людзей-людзей, не праціснуцца, у касцёл не ўвайсці. Стаялі ля сцен касцёла. 

Скончылася святая імша, выйшла працэсія – дзеткі 6-8 гадкоў, адзетыя ў белае, на плячах крыльцы, на галоўках вяночкі, на грудзях карзінкі з кветкамі – іх яны сыпалі ксяндзам пад ногі. Неапісаная прыгажосць! 12 ліпеня – Пятрок, фэст у Голдаўскай царкве. Ішлі восаўскія дзяўчаты сакалоўскія, і я з імі. Дарога праз кусты лазы, праз в. Маргі. Абышла кругом усе цэрквы!”

А на Дзясятуху – дзясятую пятніцу пасля Вялікадня – вернікі з усёй Лідчыны сыходзіліся і з’язджаліся на фэст у Беліцу. 
– Беліцкая царква святкуе Дзясятуху ў гонар з’яўленага абраза Маці Божай Крывіцкай, якая называецца яшчэ “Во чреве”. Абраз з’явіўся на грушы ў вёсцы Крывічы даўным-даўно, яшчэ пры паншчыне. Там збудавалі каплічку, а святам назначылі дзясятую пятніцу пасля Вялікадня, – расказвае Вера Аляксандраўна. 


І вось – пятніца, Дзясятуха 1947 года. “У Беліцкай царкве служыў святар Сергій Бяляеў. Ён загадзя папрасіў прыхаджан прыйсці ў царкву, запрасіў гасцей з другіх прыходаў, шмат святароў. З самага рання пачалі збірацца людзі, прыязджалі павозкамі, ставілі вазы ўздоўж магільнага плоту. Коней распрагалі, прывязвалі да вазоў, накрывалі прыгожымі дзяругамі, як на выставу. Прыехалі з Дакудава Антон і Антося Кудзі – маміны сваякі. Людзі падыходзілі і падыходзілі, віталіся, абдымаліся, радаваліся сустрэчы пасля доўгай вайны, абменьваліся навінамі пра свае лёсы. Рух, як у Лідзе на вул. Сувальскай, – успамінае Вера Гулевіч. – Святары падрыхтаваліся да службы, хор да спеваў. Празвінеў звон, заклікаў на малітву. Усе прыціхлі... Вакол прастола – восем бацюшкаў, пасярод – благачынны са сваім дыяканам. Голас у яго – звон. Хор спявае ўсю службу па нотах – аж мурашкі па целе. Душа ўспрымае святыя словы, хоча, каб яшчэ і яшчэ доўжылася служба. Літургія скончылася. Пайшлі крэсным ходам вакол царквы.
Абышлі тры разы і спыніліся насупраць увахода. У працэсіі насілі і копію абраза Маці Божай Крывіцкай. Благачынны выступіў з пропаведдзю, павіншаваў прысутных са святам. Хор праспяваў “Многае лета”, а фатограф зрабіў здымак фэсту. Тата даў мне грошы, і я купіла фота сабе на памяць. На ім: пасярэдзіне – благачынны, святар Дзікушскай царквы, а таксама бацюшкі Дакудаўскай, Ганчарскай, Беліцкай, Зблянскай цэркваў, дыякан Дзікушскай царквы. З правага боку ў белай рубашцы з кнігай у руцэ Іосіф Цыунель, які служыў дыяканам у Табольскай царкве ў 1921-1928 гадах, ажаніўся з табольскай дзяўчынай, у 1943 годзе немцы вывезлі яго з сям’ёй у Германію. Пасля Перамогі прыехаў у Табалу, служыў дыяканам у Беліцкай царкве. На гэтым жа фота Іосіф Васілевіч, які чытаў у царкве “Часы”, “Апостал”, спяваў у хоры. Грыша Каральчук – спяваў у хоры, потым служыў бацюшкам у Расіі. Міхась Вяршыла – голас-арган. І дзеўкі побач – як на падбор. Анюта Місюкевіч – галоўная пеўчая (крайняя злева). Такога хору і спеваў я не чула больш ніколі!.. Восем прыходаў, успомніце сваіх бацюшкаў! Табольцы, адшукайце на фота бацькоў, дзядоў, аднавяскоўцаў і не шкадуйце слёз. 

Слёзы радасці на вачах і ў самой Веры Аляксандраўны. Ад таго, што мара – захаваць памяць пра цудадзейны з'яўлены  мясцовы абраз – збылася.

– Абраз Маці Божай Крывіцкай стаяў у Крывіцкай каплічцы з таго часу, як з’явіўся, – гаворыць яна. – У 1921 годзе каплічка перайшла да католікаў і абраз таксама. Але, калі ў 1970 годзе прыехалі каплічку разбіраць, Марыя Вайцяк, што жыла блізка, прыбегла і схапіла абраз. Ратуючы, несла яго да свайго дому. З яе рук абраз забраў Янак Качан і занёс яго ў Беліцкую каплічку, што на могілках. Там прастаяў абраз паўстагоддзя. Потым быў перанесены ў Беліцкі касцёл. А ў Беліцкай царкве была напісана яго копія. У 2014 годзе былы прыхаджанін Беліцкага касцёла Мечыслаў Жыгала спансіраваў абнаўленне (рэстаўрацыю) абраза. Ксёндз Валянцін з парафіянамі пастаівлі на тым месцы, дзе была Крывіцкая каплічка, высокі жалезны крыж. 6 верасня 2014 г. пад крыжам сабралася многа людзей, прыехалі госці з Ліды, Мінска, чакалі, што прывязуць святы абраз пад крыж. І вось адзінаццаць ксяндзоў з працэсіяй прынеслі абраз, паставілі на тое месца, дзе ён і з’явіўся. Ксяндзы адслужылі святую імшу, асвяцілі крыж. У канцы былі сказаны словы: “Можа, хто і каплічку збудуе?” 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться