«Як тупне Каза нагою, збожжа пасыплецца гарою!» У Лідзе працягваюцца калядкі

15 Января 2020 2050

Да чаго ж добры час у Лідзе! Калядкі!.. Многія, напэўна, ужо і забыліся, што гэта такое. А многія і не ведаюць. А варта. Варта ведаць, бачыць, чуць, а яшчэ лепей удзельнічаць у іх. Вось напрыклад маленькія выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г. Ліды ведаюць, самі ўдзельнічаюць, ды яшчэ і бацькоў вучаць.

Старадаўнія народныя абрады тут ставяць не ўпершыню. І не ўпершыню запрашаюць паназіраць за гэтым карэспандэнта “Лідскай газеты”. Бо кожны раз гэта нешта асаблівае. Вось і сёлетнія калядкі адрозніваліся ад леташніх. Ды і ўвогуле, з-за папулярнасці, абрад прыйшлося праводзіць двойчы на дзень: зранку і пад вечар, бо зал не ўмяшчаў усіх жадаючых: выхаванцаў, педагогаў, бацькоў. Што ж, пара выхаванцам выходзіць на вялікую сцэну. Я ўжо пра гэта казала ў адным з артыкулаў. Ды і самі педагогі з выхаванцамі мяркуюць у перспектыве пайсці з калядкамі за межы ўстановы, у госці да шэфаў, на прадпрыемствы.

Але – вернемся ў залу, а дакладней – у імправізаваную хату, дзе ўсё да дробязей нагадвае сапраўдную вясковую хату, дзе ўвіхаецца ля печы гаспадыня (педагог Рамуальда Сцепаненка, кіраўнік адукацыйнай ініцыятывы “Цікава вучым беларускую мову”) і дзе тупае побач дзед. Раптам у хату дружна заходзяць калядоўшчыкі – вясёлыя, неўгамоныня дзеці, якія сыплюць трапнымі і прыгожымі пажаданнямі. Па традыцыі наперадзе нясуць Зорку. Хутка з’яўляецца Каза, якая скача і гуляе з дзецьмі, за што гледачы адорваюць яе цукеркамі. У дзейства ўступае Кот. Але трэба бачыць, што гэта за Кот!.. Так арганічна ўлілася ў гэты вобраз выхавацель Галіна Банцавіч. Тоненькім галаском ён жаліцца гаспадыні, як на прыпечку ляжаў і як дзед яго прагнаў. Які ён галодны, і як баліць у яго жывоцік... Тым часам Дзед, які ўжо схадзіў пакалядавць, прынёс мех падарункаў. А замест іх у мяху аказаўся Чорт. Ён напалохаў прысутых, але хутка ўцёк, акроплены святой вадой. Не абышліся калядкі без Цыгана ды Цыганкі, якія вялі Мядзведзя. Касалапы выдаваў розныя акцёрскія фігуры, чым шчыра рассмяшыў гледачоў.

Дзеці гулялі ў беларускія народныя гульні, танчылі, спявалі, сыпалі прыказкамі і прымаўкамі, і усё – на чыстай, прыгожай беларускай мове. Радасць была на тварах, ва ўсмешках, бліскучых вачах. Час прайшоў мімалётна, развітвацца нікому не хацелася. Ды і развіталіся выхаванцы з беларускім народным абрадам не надоўга – не за гарамі Масленіца, а потым Гуканне вясны.

***

Калі сціхлі смех і вяселле, у зале сабраліся педагогі цэнтра, каб абмеркаваць убачанае, падзяліцца вопытам. Па-за прыгожым дзействам засталася вялікая праца па яго падрыхтоўцы. Калядкі, дарэчы, як і ўсе іншыя абрады, у ДЦРДз №1 ставяць самыя сапраўдныя, арыгінальныя. Дзеля гэтага педагогі працуюць з гісторыкамі і краязнаўцамі. Складаючы сцэнарый, прадумваюць кожную дробязь, бо на гэтых абрадах вучаць дзяцей (а тыя – бацькоў) сапраўднаму, роднаму.

Варта аддаць належнае творчасці і працы педагогаў. Сёлетні сцэнарый, напрыклад, стаў творчым здабыткам кіраўніка адукацыйнай ініцыятывы “Цікава вучым беларускую мову” Рамуальды Сцепаненка,  музычных кіраўнікоў Святланы Завала і Людмілы Статкевіч (яна ж выканала ролі Казы і Чорта). Абрад удаўся дзякуючы акцёрскаму таленту настаўніка-дэфектолага Ліліі Лапуць, якая трапна іграла Мядзведзя, выхавацеля Галіны Банцавіч, якая выконвала ролі Ката і Цыгана, выхавацеля Святланы Алексы, якая іграла Дзеда, выхавацеля Вольгі Ёкуш, якая была Зорканошай, і выхавацеля Марыі Місы – Цыганкі.

Дарэчы, звяртае ўвагу, як чыста і хораша гавораць маленькія дзеці па-беларуску. Яны вывучаюць беларускую мову, праводзяць шмат гутарак, гульняў. Але галоўнае – арганічна сябе адчуваюць у беларускім асяроддзі. У іх варта вучыцца бацькам, ды і ўсім нам.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться