Лідскі раённы аддзел унутраных спраў адзначыў 80-годдзе

21 Ноября 2019 1173

Палац культуры горада Ліды прымае пад сваім дахам шмат мерапрыемстваў. Але далёка не кожнае распачынаецца і заканчваецца дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь. Аднак сённяшняе мерапрыемства было проста немагчыма без сімвала нашай краіны, гэта было абумоўлена самой нагодай – сваё 80-годдзе з дня заснавання адзначаў раённы аддзел унутраных спраў.

За гэты доўгі шлях гісторыя міліцыі Лідчыны змясціла ў сябе многае: перыяды станаўлення і развіцця, слаўныя перамогі і горыч ад страт баявых таварышаў. Змяняўся час, умовы, але прыярытэтнымі задачамі для міліцыянераў заўсёды былі і застаюцца ахова правапарадку, забеспячэнне законнасці і абарона кожнага грамадзяніна ад злачынных дамаганняў.

– Сёння мы кажам словы прызнання ветэранам, былым кіраўнікам аддзелу, дзякуючым якім праца заўсёды была арганізавана на высокім прафесійным узроўні, што неаднаразова адзначалася як кіраўніцтвам Міністэрствам унутраных спраў, так і ўпраўлення ўнутраных спраў. Словы падзякі за ўзаемадзеянне, плённую і канструктыўную працу заслугоўваюць таксама кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый рэгіёна, калегі па праваахоўным блоку, – у гутарцы з журналістам “Лідскай газеты” успомніў кожнага начальнік Лідскага РАУС Дзмітрый Уляшка.

Дмітрый Мечыслававіч нагадаў, што аддзел унутраных спраў Лідскага райвыканкама адзіны ў Гродзенскай вобласці, які двойчы, у 2014 і ў 2016 гадах, прызнаваўся лепшым у сваёй катэгорыі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У сувязі з гэтым аддзел быў узнагароджаны ганаровымі пераходзячымі прызамі батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава і Мікалая Судзілоўскага.

Але вернемся да 80-годдзя. Яго, напэўна, неардынарнасць была ў тым, што святкавалі юбілей адразу тры пакаленні: магчыма, будучыя міліціцыянеры, а сёння пакуль навучэнцы юрыдычнага класа СШ №10, цяперашнія супрацоўнікі аддзела, а таксама ветэраны службы. Сабраліся і сям’і захавальнікаў правапарадку, грамадскасць. Акрамя таго, павіншаваць калектыў РАУС з юбілеем, як і належыць, прыйшлі шматлікія госці – кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, кіраўнікі сумежных структур, ваеннага блоку, кіраўнікі арганізацый горада і раёна.

Сярод тых, хто падымаўся на сцэну са словамі віншавання, была і рэдактар “Лідскай газеты”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Гродзенскай вобласці Кацярына Серафіновіч. Кацярына Адамаўна падзякавала за плённае супрацоўніцтва і выказала перакананне, што ўзаемадзеянне журналістаў і прадстаўнікоў парадку будзе працягвацца ў такім жа аператыўным ключы. “Сёлета творчы праект “Аўтасерпантын”, які не адзін год рэалізуецца рэдакцыяй сумесна з АДАІ Лідскага РАУС (вядучая праекта – Жанна Пінеўская), стаў лаўрэатам XV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, намінацыя “Лепшы сумесны праект з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі”. Годам раней “Лідская газета” стала пераможцам сярод раённых газет у творчым конкурсе МУС”, – нагадала апошнія сумесныя дасягненні Кацярына Серафіновіч.

…У гэты святочны дзень на сцэну, чаканячы крок, за заслужанымі ўзнагародамі выходзілі многія. Супрацоўнікі РАУС былі адзначаныя граматамі і падзякамі Лідскага райвыканкама і Савету дэпутатаў, грамадкімі арганізацыямі прафсаюзаў і “Белая Русь”, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, юбілейнымі медалямі, рознымі нагруднымі знакамі, былі прысуджаны таксама чарговыя званні – усіх узнагарод і не пералічыць. Але галоўна іншае – з вуснаў кожнага міліцыянера з гонарам гучала: “Служу Рэспубліцы Беларусь!”.


























































































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться