Шматдзетная маці з Ліды: «Мае дзяўчынкі – гэта мае «кветачкі»

14 Октября 2019 2002

Мацярынства для Наталлі Будзевіч стала доўгачаканым і вялікім шчасцем. Вялікім утрайне, бо яна мама трох дочак.

Наталля Васільеўна – урач лабараторнай дыягностыкі (загадчык клінічнай лабараторыі) станцыі пералівання крыві Лідскай ЦРБ. Лідчанкай яна стала не так даўно, пасля замужжа. Дзеці ў сям’і з’явіліся не адразу. Іх чакалі. А потым яны пайшлі адно за адным – дзяўчынкі-пагодкі: Таццяна, Кацярына, Маргарыта.

– Усіх дзяўчынак называў тата. Яны яго любіміцы, – гаворыць Наталля Будзевіч. – Я была ўпэўнена, што ў мяне будуць толькі сыны. Але атрымалася наадварот. Галоўнае ж – каб дзеці былі здаровыя.

Дзяўчынкі ў сям’і Будзевіч актыўныя, рухавыя і жыццярадасныя. Бацькі імкнуцца развіваць іх. “Таню з чатырох год я вазіла ў гурткі: танцы, спевы... Пакуль яна не знайшла тое, што найбольш падабалася. Напрыклад, яна вельмі любіць іграць на барабаннай устаноўцы. Сярэдняя – Каця – любіць танцаваць. У садку наведвае харэаграфічны гурток. Па характары разважлівая, напэўна, як і я, – расказвае Наталля Васільеўна. – А Маргарыта ў дзіцячы сад пайшла ў два гады. Я палічыла, што малодшае дзіця развіваецца ў шматдзетнай сям’і вельмі хутка. Вельмі многа дзецям дае дзіцячы сад – дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1. Не трэба дадаткова нікуды вазіць – тут і харэаграфія, і спевы, і англійская мова, і іншыя накірункі. Мы вельмі задаволены сваім садком. І хаця жывём на вуліцы Кааператыўнай, усіх дзяцей возім сюды”.

– Я не марыла аб шматдзетнай сям’і, – прызнаецца Наталля Будзевіч. – Але вельмі рада, што ў мяне трое дзетак. Не бачу ў гэтым для сябе асаблівай цяжкасці. Я заўсёды вяла актыўны лад жыцця, займалася спортам, гуляла ў зборнай па гандболе. Зараз многія абавязкі па доме мне дапамагаюць выконваць дзяўчынкі.

Дзеці амаль увесь дзень у садку. “І яны, і я крыху сумуем адны па адных, – расказвае мама. – Таму ўвечары стараюся знаходзіць хвіліну, каб пабыць разам з імі: збіраем “Лега”, малюем, любім прагулкі на веласіпедах, пакарміць птушак на Лідзейцы. Нядаўна я нават ролікі купіла, каб катацца разам з дзецьмі”.

Звычайна на Дзень маці Наталля Васільеўна пячэ любімы сямейны торт (“Графскія разваліны”), атрымлівае кветкі ад таты і падарункі, зробленыя сваімі рукамі, ад дзяцей.

– Сёння я ўжо бачыла свой партрэт на стэндзе ў Танінай групе, – усміхаецца Наталля Васільеўна. – Каця сказала, што мяне чакае сюрпрыз. А Маргоша па-змоўніцку маўчыць.

– Дзеці – гэта сапраўды вялікае шчасце, – упэўнена Наталля Будзевіч. – Гэта дар Божы. Гэта адчуванне палёту. Мамай траіх дзяцей быць няцяжка, калі дома добрая атмасфера і ёсць надзейнае плячо – лепшы тата і муж.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться