«Людзі, прачніцеся! Гэта ж лахатрон!» Гісторыя аб тым, як у Лідзе прадавалі масажныя крэслы за дзве тысячы долараў

16 Июня 2019 2584
Аб тым, як нас абдурваюць, напісана і сказана ўжо так шмат, што, здавалася б, здзівіць няма чым. Але... Не будзьце такімі самаўпэўненымі. Кожны дзень з'яўляюцца новыя мудрагелістыя схемы падману, у пастку якога трапляюць усё новыя ахвяры. Чарговы «бясплатны сыр», на які лавілі нядаўна даверлівых лідчан, – масажныя крэслы за дзве тысячы долараў.

...Некаторы час таму на мой мабільны патэлефанавалі. Прыемны мужчынскі голас спяшаўся паведаміць добрую навіну: у нашым горадзе адкрываецца сучасны масажны салон. Будзе прэзентацыя дзіўных масажных крэслаў, сеўшы ў якія можна забыцца аб усім!

Для наведвальнікаў будуць і падарункі. Тут жа, мімалётам, суразмоўца перапытаў: «Вы ж з Ліды?» «Так», – ледзьве паспяваю я адкрыць рот, як пачынае сыпацца слоўны паток, які распісвае перавагі гэтай прэзентацыі. Адным словам, чарговы закід чарговага лахатрону, слухаць які не хацелася, і я адключыла тэлефон.

Магчыма, праз нейкі час і забылася б пра гэты выпадак, калі б не званок знаёмай, якую таксама запрашалі на гэтую ж прэзентацыю. Яна, Алена, «раскусіла» суразмоўцу, але вырашыла схадзіць – з цікавасці. А пазней папрасіла мяне на старонках газеты расказаць аб тым, як абдурваюць людзей, папярэдзіць, зберагчы ад падману лідчан.

Паколькі знаёмая, у адрозненне ад мяне, працягнула дыялог па тэлефоне, ёй сказалі: кожнаму, хто прыйдзе на прэзентацыю, у падарунак будзе ручны пыласос. Дарэчы, адразу перапыталі пра ўзрост і, даведаўшыся, што яна не на пенсіі, як быццам нават трохі засмуціліся, але сказалі: «Прыходзьце».

– Прэзентацыя праходзіла ў адным з кафэ горада. Калі я прыйшла, у зале сядзела ўжо дзясятка паўтара чалавек, пераважна сталага ўзросту, – расказвае Алена. – Усё было прыгожа, святочна абстаўлена. Прыемная музыка. Прыгожыя рэкламныя плакаты, на якіх у масажных крэслах сядзелі шчаслівыя, усмешлівыя мужчыны і жанчыны. Плакаты красамоўна распавядалі, як адно толькі крэсла, без усялякіх там лекаў, уколаў, бальніц і іншага, дапамагае пазбавіцца ад цэлага букета хвароб. І чалавек будзе такі ж шчаслівы, як гэтыя людзі з плакатаў.

Самі масажныя крэслы нагадвалі дзіцячыя аўтакрэслы. «Я выдатна ведаю, што такое масажнае крэсла і якая яго карысць на самай справе. А тут па кошце добрага масажнага крэсла прадаюць пародыю на яго, – кажа Алена. – Бабуль запрашалі сесці ў гэтае крэсла. Побач стаяў менеджар і ў мікрафон гучна апісваў, як добра Галіне Сцяпанаўне сядзець у ім, як лёгкасць прыходзіць у яе цела, як забылася яна пра свой астэахандроз. Увогуле, крэсла – цуд, ды і толькі! А што чакае ўладальнікаў крэсла ў будучым? Усе суседкі і знаёмыя будуць хадзіць да вас як у масажны салон. Вы забудзецеся пра адзіноту і сум. Нават акупіць часткова крэсла зможаце, калі будзеце браць сімвалічную плату. Ды і кошт вас няхай не палохае. Яно таго варта. Да таго ж, кампанія ідзе насустрач сваім пакупнікам і прапануе самыя выгадныя ўмовы растэрміноўкі (на самай справе – крэдыт пад вялікія працэнты). І штомесячны плацеж складзе значна менш, чым рэгулярныя траты на таблеткі».

Дзеянне зацягвалася. Праводзіліся шматлікія розыгрышы. Раз-пораз вядучы абвяшчаў: «Вы выйгралі! Не адну падушку, а цэлы камплект». Алена зразумела, што пераможцы – гэта не звычайныя пакупнікі, а падстаўныя асобы. І як жа спрытна ўсё працуе на масавы эфект!

У іншых розыгрышах тых, хто выйграваў, запрашалі ў другі пакой нібыта за прызам, але адтуль у залу яны чамусьці не вярталіся. Менеджары, здавалася, спецыяльна зацягвалі час, каб чалавеку пайсці без пакупкі было немагчыма. Яны раз-пораз казалі: «Дачакайцеся фіналу, і абяцаны прыз абавязкова будзе ваш». Праўда, папярэдзілі, што з'явіўся форс-мажор. Заяўленыя пыласосы аказаліся няякаснымі, яны ўзрываюцца ў руках. Але будуць іншыя прызы, вельмі прыемныя.

Алена не магла больш вытрымліваць гэтага відовішча ў тэатры падману і вырашыла пайсці. На выхадзе падала купон. Мужчына пачаў нешта шукаць у скрыні. А потым прапанаваў... зубную шчотку або крэм для пятак. Калі яна пачала абурацца, яе паспяшаліся выправадзіць за дзверы. Яна паспрабавала вярнуцца назад, у залу, але ёй не дазвалялі. Адзін з менеджараў стаў крычаць: «Нельга!» І ўсё ж Алене ўдалося гэта зрабіць.

– Людзі, прачніцеся! – заклікала яна прысутных. – Гэта ж лахатрон! Вам дадуць не пыласос, а крэм для пятак.

«Мне стала да глыбіні душы балюча і крыўдна за людзей, якіх так падманваюць. Самае страшнае – што гэта ўзроставая катэгорыя пенсіянераў. Яны не разумеюць, што гэта пастка, дурман, – кажа Алена. – Я ўсё жыццё працую з людзьмі (Алена – цырульнік. – Аўт.). Яны прыходзяць і дзеляцца сваімі бедамі і праблемамі. Пажылых людзей дастаткова зачапіць за балючае месца. Старыя зацыкленыя на здароўі. І вось махінатары націснулі на гэта балючае месца. Яны ведаюць, як і што гаварыць. Яны навучаны ўгаворваць. Учора, напрыклад, у мяне была адна з такіх ахвяр. А яшчэ адна знаёмая судзілася: крэсла ў яе зламалася праз месяц. Колькі сіл і нерваў каштаваў судовы разбор, каб хаця б часткова вярнуць грошы!”

Пра падобныя аферы «Лідскай газеце» таксама добра вядома. Аднойчы да нас прыходзіла жанчына з братам, інвалідам, які купіў на такой жа прэзентацыі набор нажоў за паўтары тысячы рублёў. Толькі пазней зразумеў, што трапіў у пастку. Яго сястры давялося звяртацца ў пракуратуру, а потым ехаць у Брэст, дзе была зарэгістравана фірма.

На жаль, падобных выпадкаў шмат. Махінатарам мала горада – яны выходзяць у вёскі, дзе жывуць яшчэ больш даверлівыя людзі.

Настойліва раім лідчанам быць вельмі ўважлівымі і не паддавацца ні на якія ўгаворы. Перш чым прыняць нечаканую прывабную прапанову (нават проста схадзіць паглядзець і паслухаць), узважце ўсе «за» і «супраць», парайцеся з дзецьмі, сваякамі, знаёмымі. Не сумнявайцеся: проста так пайсці з прэзентацыі ў вас не атрымаецца. Вас абавязкова ўгавораць. А ці вартая пакупка такіх казачных грошай і ці не рызыкуеце вы страціць яшчэ больш – свае нервы і, адпаведна, здароўе?
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться