Галоўнае ў падрыхтоўцы да Вялікадня – гэта шчырая малітва і пакаянне, лічаць парафіяне касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, што ў Дзітве

20 Апреля 2019 1497
Станіслава Лукашэвіч, Ірэна Янушкевіч, муж і жонка Лявон і Ядзвіга Юшкевічы сустрэлі карэспандэнта “Лідскай газеты” прыгожа апранутымі і злёгку ўсхваляванымі. Аднак прычынай таму быў зусім не візіт карэспандэнта – на гадзінніку было ўжо пяць вечара, і вяскоўцы вельмі перажывалі, што спозняцца на імшу. 

 Касцёл мы наведваем кожны дзень, – расказвае 82-гадовая Ірэна Янушкевіч (на здымку крайняя справа). – Едзем поплеч на роварах, толькі Стася (на здымку другая злева) дабіраецца пехатой: ёй ужо 87 гадоў, і сыны баяцца, што яна – не дай Бог – можа ўпасці з ровара. Галоўнае ў падрыхтоўцы да Вялікадня – гэта не столькі дома парадак навесці, колькі ў сваёй душы, у сваіх думках. Патрэбна штодзённая малітва. Так нам наказвалі нашы бацькі, нашы бабулі і дзядулі. Гэтым традыцыям мы вучым і нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. 

А іх у кожнага – пальцаў абедзвюх рук не хопіць, каб пералічыць. Напрыклад, Ірэна Янушкевіч выхавала ажно пецярых дзяцей, якія падарылі ёй 10 унукаў, а тыя, у сваю чаргу, 14 праўнукаў. У мужа і жонкі Лявона і Ядзвігі Юшкевічаў трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і адзін праўнучак.

– Вядома, не ўсе, але многія з іх у нядзелю прыедуць да нас, бо Вялікдзень – гэта вялікае сямейнае свята, калі ўсе збіраюцца за адным сталом, – расказвае Лявон Юшкевіч. – Вы б бачылі, колькі мы з жонкай кілбасы, “пальцам піханай”, да гэтай сустрэчы насушылі! Пачаставаць жа хочацца ўсіх.

 Нягледзячы на тое што святкаванне Вялікадня звязана не толькі з выпечкай святочных булак і фарбаваннем яек, але і ў першую чаргу са шчырай споведдзю, удзелам у набажэнствах, без шчодрых пачастункаў, зразумела, таксама не абысціся. З гэтай нагоды героі артыкула вельмі перажывалі, што карэспандэнт “Лідскай газеты” прыехаў да іх у госці так рана (у чацвер) і яны не могуць паказаць, як упрыгожваюць святочныя кошыкі, што кладуць унутр і што менавіта гатуюць на стол. Бо галоўная падрыхтоўка ў жыхароў дзітвянскай парафіі пачынаецца толькі непасрэдна перад Вялікаднем, каб асвячоныя велікодныя стравы заставаліся свежымі на працягу ўсёй нядзелі. З самага рання ў суботу кожная гаспадыня на сваёй кухні фарбуе хатнія яйкі, выпякае па фірменным рэцэпце святочныя булкі ды кулічы, рыхтуе з хатняй свініны мясныя стравы. “Святочны стол – гэта наша ўяўленне аб вечным жыцці з Богам, у якім не будзе болю і расчараванняў. Таму пачастункаў павінна быць шмат і яны павінны быць разнастайнымі”, – сказала Ірэна Янушкевіч.

…Пасля сустрэчы з героямі артыкула, па дарозе дадому, я ўспамінала сваіх дзядулю Станіслава і бабулю Яніну Жэгздрын, якіх даўно няма з намі. У маёй памяці ўсплывалі карціны, як мы з братам, сястрой і мамай на аўтобусе ездзілі да іх у Радунь на Вялікдзень. Нас там ужо чакалі маміны сёстры і брат са сваімі дзецьмі – за сталом збіралася часам больш за 15 чалавек! У святкаванні ўсё было, напэўна, як ва ўсіх: малітва, біццё яйкамі і доўгія размовы пра жыццё. І вось падчас адной з такіх сустрэч дзядуля сказаў: “Святкаваць Вялікдзень – гэта значыць усім сэрцам спазнаць сілу і веліч Уваскрэсення Хрыста, усім сэрцам і думкамі дзякаваць Богу і ўслаўляць Яго за вялікі падарунак людзям – крыніцу Яго ласкі і любові. А яна знаходзіцца ў тым ліку ў нас саміх, у нашых сэрцах, у нашых адносінах да блізкіх людзей, у нашай сям’і”.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться