“Белая Русь” ідзе ў калектывы і робіць стаўку на моладзь

15 Апреля 2019 396

Што такое “Белая Русь”, на Лідчыне ведае, напэўна, кожны дарослы і школьнік. Гэта тая арганізацыя або тыя людзі, якія робяць усё дзеля Беларусі. Каб яна была моцнай, прыгожай, багатай, утульнай. У прынцыпе, членам гэтага грамадскага аб’яднання тэарэтычна можа лічыць сябе кожны беларус – патрыёт, сумленны і неабыякавы грамадзянін. Так ці інакш, але афіцыйна пад крылом “Белай Русі” сёння больш ста сямідзесяці тысяч беларусаў, у тым ліку звыш васьмісот лідчан. Адзін раз у два гады раённая арганізацыя “Белай Русі” збірае сваіх дэлегатаў, каб падвесці вынікі, прааналізаваць плюсы і мінусы, паставіць задачы на будучае і абраць свайго лідара. Чарговая справаздачна-выбарчая канферэнцыя адбылася на мінулым тыдні ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Гасцямі канферэнцыі сталі намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк і намеснік абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” Святлана Вараніца, а таксама лідары арганізацый-сацыяльных партнераў “Белай Русі”. Сёлетняя нарада распачалася нетрадыцыйна – з хвіліны маўчання, якой ушанавалі памяць спачыўшага Юрыя Вострыкава, што стаяў ля вытокаў “Белай Русі” у Лідзе і ўзначальваў яе на працягу дзесяці год.

Старшыня раённай арганізацыі Аляксандр Кадлубай, аналізуючы дзейнасць з красавіка 2017-га па красавік бягучага года, адзначыў:

– Яна была звязана з рэалізацыяй сацыяльна арыентаванага праекта «Белая Русь» Лідчыны: мы разам». Гэта вялікая калектыўная справа, накіраваная на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і стваральнай дзейнасці лідчан праз папулярызацыю асабістага ўклада ў развіццё рэгіёну і павелічэнне колькаснага складу арганізацыі.

Дарэчы, летась было створана дзве пярвічкі “Белай Русі” – у ліцэі мелыяратыўнага будаўніцтва і бальніцы “Астроўля”. “Усяго дзве”, – зазначыў лідар раённай структуры. Бо для арганізацыі з амбіцыёзнымі планамі і вялікім жаданнем рабіць як мага болей дабра, гэта няшмат. На будучае ставіцца задача – прыйсці ў новыя працоўныя  калектывы.

– Дзейнасць “Белай Русі” ўключала ў сябе мноства накірункаў, – расказваў Аляксандр Уладзіміравіч. – «Маладыя душой, дужыя целам» – пад такім дэвізам праведзены турыстычныя злёты навучэнцаў і працоўнай моладзі. Варта ўспомніць «Лідскую лыжню», а таксама акцыю "Белая Русь" – за бяспеку дзяцей на дарогах». “Белая Русь” з'явілася спонсарам для ўдзельнікаў і трэнера ў Першынстве Еўропы па таэквандо, які праходзіў у Іспаніі. Раённая арганізацыя не пакідала па-за ўвагай тых, хто сваёй плённай працай ўслаўляе малую радзіму. Па ініцыятыве пярвічак Крупаўскага сельвыканкама, Лідскага райвыканкама, ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты», Лакаматыўнага дэпо “Ліда” актывісты арганізацыі былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі напярэдадні прафесійных святаў. Яшчэ адна яскравая падзея – паспяховы ўдзел і 1 месца на республіканскім этапе конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі» выхавальніцы дзіцячага сада №26 Веранікі Пакшыс, лепшай у намінацыі «Майстар сваёй справы» конкурса відэапраектаў пра людзей, якія знайшлі прызванне ў прафесіі. Увогуле, падтрымка таленавітай моладзі – у прыярытэце “Белай Русі”, бо наша будучыня залежыць ад яе. Раённая арганізацыя спансіравала ўдзельнікаў міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы IERhO-2018. І не дарма – навучэнец СШ №17 Сяргей Лаза атрымаў дыплом 3 ступені.

Не засталася ў баку “Белая Русь” ад мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы. Сумесна з раённым цэнтрам турызму і краязнаўства праводзяцца раённы злёт юных краязнаўцаў, фестываль школьных музеяў, адкрыты дыялог «Стаім на варце Радзімы: актуальнасць і перспектывы». Пры фінансавай падтрымцы раённага савета была выдадзена брашура вершаў лідскай паэтэсы Людмілы Шахлай-Краснадубскай «Мой адбітак на пяску часу». Чалавечае жыццё – бясцэннае. Таму клопат пра маленькіх, пажылых і тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, – наш абавязак. Не засталася ў баку раённая арганізацыя ад цяжкай жыццёвай сітуацыі бярозаўчанкі Ірыны Арловіч. Яе сын меў патрэбу ў рэабілітацыі пасля аперацыі па зроку. “Белай Руссю” сям’і была аказана матэрыяльная дапамога.

Слова ўзялі і старшыні пярвічак прадпрыемстваў. Наталля Буча, старшыня пярвічкі Лідскай ЦРБ распавяла аб тых справах, якія праводзіць “Белая Русь” ва ўстанове аховы здароўя. Члены пярвічкі арганізуюць тут шэраг акцый: аднымі з апошніх сталі “У Новы год з “Белай Руссю” і віншаванне матуляў, якія нарадзілі немаўлят у Дзнеь жанчын, 8 сакавіка.  Старшыня яшчэ адной пярвічкі, у дзіцячым садку №10, Марына Грынюк чатырнаццаць год у “Белай Русі”. Калегі бяруць прыклад: сёння ў складзе пярвічкі 56 чалавек (87 працэнтаў калектыву).

Адбыліся выбары ў савет арганізацыйнай структуры. У яе ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ірына Рабец, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Наталля Буча, старшыня Бярозаўскага гарвыканкама Валерый Яводзік, намеснік дырэктара лясгаса Часлаў Борка, намеснік галоўнага рэдактара Лідскага тэлерадыёаб’яднання Аляксей Вадэйка, дырэктар дзіцячага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Уладзімір Бажок, а таксама начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Кадлубай і дырэктар раённага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнцаў Любоў Прадка. Быў абраны і новы старшыня арганізацыі. Ім стаў дзеючы кіраўнік – Аляксандр Кадлубай.

Намеснік старшыні абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” Святлана Вараніца, віншуючы новапрызначанага старшыню і актыў раённай арганізацыі, ацаніла яе дзейнасць:

– Калі б я выстаўляла адзнаку па дзесяцібальнай шкале, то паставіла б 8. Гэта знак бясконцасці. І зачын на будучае: ёсць яшчэ два пункты, да якіх трэба імкнуцца. 9 і 10 вы яшчэ атрымаеце, я ўпэўнена.

 Святлана Уладзіміраўна выказала словы падзякі ад імя старшыні абласной арганізацыі “Белай Русі” – доктара медыцынскіх навук, прафесара, заслужанага работніка адукацыі, старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ігара Жука ўсім, хто ўнёс уклад у дзейнасці аб’яднання і пажадала і надалей актыўна ўдзельнічаць у агульнай справе – пабудове моцнай і квітнеючай Беларусі. Лідар абласной структуры ўручыла ўзнагароды актыўным членам аб’яднання – Наталлі Бучы, Валянціне Набагез, Віктару Пранюку, Ірыне Рабец, Марыне Грынюк. Завяршылася канферэнцыя “Белай Русі” на лірычнай ноце – выступленнем юных талентаў эстраднай студыі “Дамінанта” гімназіі №1, і з натхненнем на новыя шматлікія добрыя справы. 
Поделиться
1Комментарии
Авторизоваться
img
Вітольд Ашурак Пожаловаться
Цудоўныя фота адлюстроўваюць мэсідж артыкула -- "Белая Русь" робіць стаўку на моладзь!!!!!  Калі моладзь "Белай Русі" ва ўзросьце ад 45 да 60 год, то неважныя справы ў гэтай арганізацыі.)))
19:2720 Апреля 2019