Гасанна ў вышынях! Вербную нядзелю адзначаюць католікі з Лідскага раёна

14 Апреля 2019 2337

Католікі ўсяго свету сёння адзначаюць Вербную нядзелю. Яна распачынае перажыванне цэнтральнай таямніцы хрысціянскай веры – падзей, якiя адбылiся больш за дзве тысячы гадоў таму – смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. 

Ва ўсіх касцёлах Лідскага раёна праходзяць урачыстыя набажэнствы, а вернікі збіраюцца разам, каб успомніць дзень уваходжання Ісуса Хрыста ў Іерусалім і асвяціць “пальмы”. Як правіла, гэта тры галінкі вярбы вышынёй каля 50-ці санціметраў, якія сімвалізуюць Святую Тройцу. Менавіта яны з’яўляюцца асновай, якая пазней упрыгожваецца кветкамі, стужкамі, сухавейкамі і абавязкова ядлаўцом.

Асвечаную ў Пальмовую нядзелю вербачку вернікі на працягу года з пашанай захоўваюць у сваіх дамах, на самых відных месцах, напрыклад, побач з абразом ці крыжам, каб вярба прыгадвала ім пра ўваскрасенне і бессмяротнасць душы.

У касцёлах сёння святары нагадваюць, што Пальмовая нядзеля ўводзіць вернікаў у апошні этап падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята і распачынае Вялікі тыдзень, або Тыдзень пакутаў Гасподніх, падчас якога асаблівым чынам звяртаецца ўвага на такія падзеі, як апошнія дыскусіі Хрыста з іудзеямі ў святыні, прадказанне аб разбурэнні Іерусаліма, апошняя вячэра з вучнямі (Вялікі, “чысты” чацвер), арышт і ўкрыжаванне Ісуса (Вялікая пятніца), прабыванне Хрыста ў труне (Вялікая субота).

Згодна з народнымі традыцыямі, у апошні тыдзень перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак дома. Аднак святары рэкамендуюць распланаваць гэтую нядзелю так, каб мірскія клопаты не перашкаджалі духоўнаму ачышчэнню, наведванню храма і малітве.





























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться