Жыхары Ліды расказалі аб тым, якія артыкулы Канстытуцыі яны лічаць для сябе самымі важнымі

15 Марта 2019 939
Выстава “Закон вышэйшай юрыдычнай сілы”, прысвечаная 25-годдзю прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пачала працаваць у чытальнай зале раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з асноўнымі палажэннямі дзеючага дакумента, яго значэннем і месцам у сістэме дзяржаўнага ладу краіны.

На выставе прадстаўлены кнігі, энцыклапедыі і даведачныя выданні, прысвечаныя канстытуцыйнаму праву, гісторыі дзяржавы, дзяржаўнай сімволіцы Беларусі і гісторыі стварэння Канстытуцыі.

– Аналагічныя выставы або кніжныя паліцы аформлены ва ўсіх 19 філіялах раённай бібліятэчнай сістэмы, – расказвае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дар’я Марцінкевіч. – Наогул, з 13 па 15 сакавіка ў нас пройдзе цэлы цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных важнай гістарчынай даце – 25-годдзю Канстытуцыі. Будуць ладзіцца інфармацыйныя і прававыя гадзіны, дыялогі, тэматычныя сустрэчы. На базе шасці бібліятэк працуюць цэнтры прававой інфармацыі, яны таксама актыўна ўключацца ў працу.

У Лідзе Канстытуцыю чытаюць, таму ведаюць. З пачатку года наведвальнікі чытальнай залы раённай бібліятэкі не раз звярталіся да асноўнага дакумента краіны і да каментарыяў, напісаных да яго.

– Наша краіна жыве ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі, якая з'яўляецца краевугольным каменем сучаснай беларускай дзяржаўнасці, – гаворыць Дар’я Марцінкевіч. – Веданне і захаванне Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь, як і ва ўсіх краінах свету, характарызуе ступень сталасці грамадства, гатоўнасць грамадзян удзельнічаць у кіраванні дзяржавай, адказна ставіцца да сваіх правоў і абавязкаў.

Правы, напісаныя жыццём

Права на годны ўзровень жыцця, свабоду меркаванняў, недатыкальнасць асобы, ахову здароўя, годную адукацыю... Гэта толькі нямногае з таго, што гарантуе Канстытуцыя нашай краіны, свята якой з’яўляецца дзяржаўным і адзначаецца штогод 15 сакавіка. З гэтай нагоды напярэдадні важнай даты карэспандэнт “Лідскай газеты” пацікавіўся ў лідчан, якія артыкулы дакумента яны лічаць для сябе самымі важнымі.

Караліна Баборык, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі:

– Важнейшым для сябе артыкулам Канстытуцыі лічу артыкул 49, згодна з якім кожнаму гарантуецца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступныя для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі. Я гэтым правам скарысталася: узяла мэтавае накіраванне і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Адвучылася і вярнулася ў Ліду. Два з паловай гады працую ў раённай бібліятэцы. Сумна, што мы часта забываемся аб артыкуле 17 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з’яўляюцца беларуская і руская. Зразумела, у паўсядзённым жыцці я размаўляю на рускай, але родную мову люблю, яе забываць нельга. Сярод наведвальнікаў чытальнай залы ёсць тыя, якія гавораць выключна на беларускай мове. Гэта радуе. Заўсёды ўступаю з імі ў дыялог і з асалодай таксама размаўляю на нашай мове. Яна такая мілагучная!  

Ірына Аплевіч, урач-неанатолаг аддзялення для нованароджаных дзяцей Лідскай ЦРБ, называе самымі важнымі артыкулы 32 і 33:  

– Яны нават ідуць адзін за адным! У першым сказана, што шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Я, як урач-неанатолаг, вельмі трапятліва стаўлюся да гэтых паняццяў. Бо калі глядзіш, як нараджаецца новае жыццё, вельмі хочацца, каб кожнае дзіця, якое толькі з’явілася на свет, было абаронена, расло і развівалася ў здаровай сацыяльнай атмасферы. Гэта важна для таго, каб у будучыні сфарміраваўся думаючы, адданы сваёй Радзіме грамадзянін. 

Як для маладой, актыўнай дзяўчыны, для мяне таксама важны артыкул 33, згодна з якім кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і свабоднае выказванне. За моладдзю наша заўтра. І для таго, каб яно было светлым, неабходна творча думаць і не баяцца выказваць свае думкі. У кожнага з нас ёсць свой пункт гледжання, сваё меркаванне, і да гэтага трэба ставіцца не проста з разуменнем, а з павагай. У працэсе грунтоўнай спрэчкі нярэдка нараджаецца ісціна.

Лідчанка Кацярына Гомза з’яўляецца равесніцай Канстытуцыі, сваё 25-годдзе дзяўчына таксама адзначыць 15 сакавіка.

– Памятаю, як у школе на 14-годдзе мне ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі Канстытуцыю. Тады я добрасумленна ўсю яе прачытала, захоўваю  гэты дакумент дагэтуль. Шчыра кажучы, ніякіх цікавых для журналіста гісторый у мяне з гэтай датай не звязана. Адзінае – бацькі 15 сакавіка заўсёды спачатку віншуюць мяне з Днём Канстытуцыі, а ўжо потым – з днём нараджэння. Гэта ўжо свайго роду сямейная традыцыя. Пытанне аб тым, які артыкул галоўнага дакумента краіны я лічу для сябе самым важным, прымусіла мяне задумацца і… перачытаць Канстытуцыю. Таму што ў сілу ўзросту змяняецца светапогляд, прыярытэты і некаторыя рэчы, якія здаваліся вельмі важнымі 5 або 10 гадоў таму, сёння адыходзяць на другі план. 

Найбольш значным для меня з’яўляецца 9-ы артыкул: тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту. Тэрыторыя краіны адзіная і неадчужальная. У гэтым бачу глыбокі сэнс. З гадамі вастрэй адчуваецца любоў да Радзімы. Гэта не проста месца, дзе чалавек нарадзіўся, – гэта месца, дзе ён склаўся як асоба. Гэта пряўляецца ў звычаях, традыцыях, культуры, менталітэце. І ні ў якім разе гэтай сваёй прыналежнасці нельга саромецца. Для кагосьці, магчыма, гэта прагучыць пафасна, але гэтыя словы ідуць ад сэрца: я шчыра люблю Беларусь і ганаруся, што нарадзілася і жыву тут.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться