Вакзал для ўсіх. Як забяспечваюцца спакой і парадак у шматлюдным месцы

29 Января 2019 1195
Сустракаючы аднойчы расійскіх гасцей на Лідскім чыгуначным вакзале, з першых крокаў па пероне пачула прыемныя ўражанні аб горадзе. А выкліканыя яны былі такой карцінай: на невялікай абмежаванай тэрыторыі ў баку ад вакзала, каля знака “Месца для курэння”, стоўпіліся некалькі мужчын з папяросамі ў руках.

“Вось гэта выхаванне! – здзівіліся госці. – Усюды бы так”. Падобны эксперымент станцыі Ліда па барацьбе з курэннем сапраўды паспяховы і паказальны як для шматлікіх пасажыраў, якія штодзень праходзяць праз чыгуначны вакзал, так і для многіх арганізацый і прадпрыемстваў, прычым не толькі ў Лідзе, але і за яе межамі. А заслуга ў паспяховасці эксперымента належыць як адміністрацыі мясцовай чыгункі, так і аб’яднанай добраахвотнай дружыне станцыі Ліда па ахове правапарадку. 

Суполка лідскіх чыгуначнікаў і праваахоўнікаў аддзялення ўнутраных спраў на транспарце, аб’яднаных адной мэтай – зрабіць так, каб на чыгунцы (і на вакзале ў прыватнасці) было камфортна і спакойна кожнаму, – афіцыйна створана пятнаццаць год таму. У яе ўваходзяць супрацоўнікі лакаматыўнага дэпо Ліда (і іх колькасны склад найбольшы), станцыі Ліда, дыстанцыі сігналізацыі і сувязі і дыстанцыі пуці – усяго 27 чалавек. Больш за пяць год узначальвае дружыну намеснік начальніка па кадрах дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Іван Бандарэнка.

На чыгунцы Іван Барысавіч працуе з 2006 года, у 2008-м сам стаў дружыннікам, а ў 2013-м быў абраны камандзірам. Галоўная ідэя дружыннікаў – ахова правапарадку на станцыі – гэта і яго асабістая неабыякавая пазіцыя.

– Усе мы жыхары свайго горада, – адзначае Іван Барысавіч. – І калі кожны прыкладзе хаця б крыху сваіх намаганняў, то па вуліцах нашага агульнага дома можна будзе хадзіць заўсёды ўпэўнена і спакойна, а паслухмянасць закону стане абавязковым правілам жыцця няхай і не для ўсіх, але для большасці дакладна.

Штодзень, па графіку, добраахвотныя дружыннікі выходзяць на дзяжурствы. Патрулююць тэрыторыю каля чыгуначнага вакзала і сам вакзал, суправаджаюць цягнікі ў накірунках Ліда – Беняконі, Ліда – Масты, Ліда – Наваельня і Ліда – Юрацішкі. 

– Як правіла, не імкнёмся прымяняць пакаранні, у большасці выпадкаў дзейнічаем папярэджаннем, – расказвае Іван Бандарэнка. – Падыходзім, ветліва гаворым, што той ці іншы ўчынак, парушэнне закону могуць выклікаць непрыемнасці і абярнуцца немалым штрафам ці іншым пакараннем. У асноўным людзі разумеюць, правільна рэагуюць і нават дзякуюць за папярэ-джанне. У рэдкіх выпадках, калі бачым, што чалавек знарок парушае закон, здзяйсняе злосны ўчынак або збіраецца гэта зрабіць, прымяняем іншыя меры. Тым больш што міліцыя побач.

Іван Барысавіч адзначае: “Быць дружыннікам на лідскай чыгунцы прэстыжна. Гэта павага і меры матэрыяльнага заахвочвання (на чыгунцы гэта дзесяць працэнтаў ад базавай велічыні за кожную гадзіну ўдзелу ў ахове правапарадку). З ахвотай уступаюць у нашыя рады многія, у тым ліку моладзь. Тым больш што і прыклад ёсць, добраахвотніцтва – гэта ўжо традыцыя, якую атрымлівае ў спадчыну кожнае новае пакаленне чыгуначнікаў”. 

Нездарма аб’яднаная добраахвотная дружына станцыі Ліда – фаварыт на абласным аглядзе-конкурсе добраахвотных дружын. Іван Барысавіч успамінае: калі ўдзельнічалі ў конкурсе першы раз, то занялі дванаццатае месца, потым было пятае. У 2017-м і 2018-м – другое і трэцяе месцы адпаведна. А добраахвотная дружынніца Вольга Стракоўская, кладаўшчык лакаматыўнага дэпо Ліда, другі год запар прызнаецца лепшай дружынніцай Гродзенскай вобласці. Дарэчы, дружыну хутка чакаюць змены. Праз некалькі месяцаў кіраўніцтва пяройдзе ў жаночыя рукі: плануецца, што дружыну ўзначаліць Аліна Іода, спецыяліст па кадравай рабоце лакаматыўнага дэпо Ліда.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться