Такія шчырыя і родныя калядкі, або Як маленькія лідчане па-даўнейшаму калядавалі

11 Января 2019 869

У цэнтры Ліды, сярод жылых шматпавярховак і дзіцячых садкоў, ёсць адзін незвычайны куток, дзе неяк асабліва па-роднаму цёпла і па-хатняму ўтульна, вельмі душэўна і хораша... Гэта дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 – куток Бацькаўшчыны, дзе маленькім выхаванцам так нязмушана, умела і прыгожа прывіваюць любоў да ўсяго роднага.

Чарговая нагода зазірнуць у дашкольны цэнтр развіцця №1 была ўчора – тут ладзіліся калядкі. Самыя сапраўдныя, такія ж, да дробязей, як у даўніну. З казою, якая вельмі ўдала выконвала сваю ролю: танчыла, спявала, а потым... упала і толькі ледзь-ледзь голас падавала: “Ме-е”. І ўстала толькі пасля таго, як яе кошык напоўніўся прысмакамі. Былі тут і цыганка з мядзведзем. Цыганка варажыла, а мядзведзь, выдатнейшы акцёр, выдаў шмат пародый і з дзецьмі ў Бэрака гуляў...

Сапраўднай была і атмасфера калядак, якая міжволі пераносіла ў вясковую хату – з печчу, куфрам, лавамі, засланымі даматканымі дзяружкамі, і інтэр’ерам, упрыгожаным рушнікамі. Нават адзенне ў дзетак было сапраўднае, беларускае – з ільну і з вышыванкай. Але найбольш яскрава гэтая сапраўднасць адбівалася на дзіцячых тварах – ва ўсмешках і бліскучых вачах, жывых эмоцыях радасці і захаплення. Задаволенасці ад ўсяго, што адбываецца вакол і ў чым яны ўдзельнічаюць.

Асобнай увагі вартая гаспадыня хаты – педагог Рамуальда Францаўна Сцепаненка, якая так лёгка і хораша ўвіхалася і нязмушана, паміж справай, сыпала прыказкамі і прымаўкамі, расказвала пра асаблівасці старадаўніх калядак... У думках прысутных гледачоў, дарослых, напэўна, міжволі праносілася думка: у рукі такога педагога, сапраўды, варта аддаць дзіця, каб яно навучылася любіць роднае, беларускае.

Уражанне было тым мацней, што самі дзеці непасрэдна і трапна выконвалі свае ролі. З дзіцячых вуснаў родная мова лілася хораша і чыста, яе хацелася слухаць і слухаць. А тое, што адбывалася, – глядзець і глядзець. Такія шчырыя і шчодрыя калядкі праляцелі на адным дыханні.

Намеснік загадчыка ДЦРР №1 па асноўнай дзенасці Ірына Шут распавяла карэспандэнту “Лідскай газеты”, што ў дашкольным цэнтры шмат работы праводзіцца па выхаванню ў дзяцей любові да беларускай мовы і культуры. І праводзяцца тут не толькі калядкі, але і ўсе беларускія народныя святы: гуканне вясны, купалле... І не толькі сярод дзяцей, але і з удзелам бацькоў, спонсараў дашкольнага цэнтра. Учарашняе свята – таму яскравы прыклад. На яго былі запрошаны бацькі, бабулі, дзядулі і прадстаўнікі прадпрыемставў-шэфаў, якія сябруюць з дзецьмі і дапамагаюць ім у рэалізацыі шматлікіх цікавых праектаў. Загадчык цэнтра развіцця Павел Карней ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Падзякі  прадстаўнікам прадпрыемстваў – “ЗАА “ЛіпластСПб”, ТАА “Негалак” і рэдакцыі “Лідскай газеты”.

У 2017 годзе ў цэнтры распачата рэалізацыя адукацыйнай ініцыятывы “Цікава вывучаем беларускую мову”, кіраўніком якой з’яўляецца Рамуальда Францаўна Сцепаненка. Змест навучання ў ёй цікавы і разнастайны. Акрамя таго, у цэнтры створаны спецыяльны пакой з афармленнем і абсталяваннем у беларускім стылі – каб вучыць беларускае было яшчэ цікавей.

Больш таго, летась ДЦРР №1 на прасторах Інтэрнэта створана аб’яднанне “Аб малой радзіме”, якое сабрала разам выхаванцаў, іх бацькоў, выпускнікоў. У ім – шырокая прастора для творчасці, натхнёнай малой радзімай, – вершаў, малюнкаў, відэазамалёвак і г.д. У  цэнтра ёсць намер гэты праект прэзентаваць на міжнародны конкурс.

Нядзіўна, што калядкі, ды і іншыя падзеі, святы, праходзяць тут як па масле! Бо гэта ж сваё, роднае, беларускае.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться