У Лідзе ўручылі чарговыя ордэны Маці

20 Ноября 2018 2224

З рук старшыні райвыканкама Міхаіла Карповіча іх атрымалі мама шасці дзяцей, лідчанка Анастасія Грышан і мама пяці дзяцей Валянціна Клімава.

Гледзячы на ​​маладых, дагледжаных, спакойных і ўсмешлівых жанчын, адразу і не скажаш, што кожная з іх – шматдзетная мама, што ў кожнай – шмат клопатаў і турбот. “Проста ў мяне ўсё добра, – тлумачыць Анастасія Грышан. – Я жонка выдатнага мужчыны, мама выдатных дзетак. Мяне па некалькі разоў на дзень абдымаюць адразу шэсць пар рук, я атрымліваю адразу шэсць пацалункаў, чую шэсць “Люблю цябе, мамачка”. Порцыя шчасця настолькі вялікая, што для адмоўных эмоцый месца проста не застаецца”.

Яшчэ адной нагодай для радасці стане засяленне ў бліжэйшыя дні ў новую трохпакаёвую кватэру па вуліцы Машэрава. Шматдзетная сям'я доўга чакала гэтага моманту. “Не перадаць словамі адчуванне, калі табе кажуць: "Ваша чарга на кватэру падышла". Нарэшце свой дом!” – дадала Анастасія Грышан.

Валянціна Клімава добра разумее гэтыя пачуцці. Яе сям’я трохпакаёвую кватэру па вуліцы Куйбышава атрымала таксама зусім нядаўна.

– У мяне пяцёра дзетак: два хлопчыкі і тры дзяўчынкі. Старэйшы сын ужо працуе – слесарам на “Лідаграпраммашы”, а малодшая дачка яшчэ зусім маленькая – вясной ёй споўніўся толькі годзік… Канешне, быць мамай цяжка, але прыемна. Наогул, жыццё мае сэнс тады, калі ёсць аб кім клапаціцца, за каго перажываць. Я сама са шматдзетнай сям’і: у мамы нас было чацвёра – таму не ўяўляла, што ў мяне магло быць неяк па-іншаму. Хтосьці шчасце ў кар'еры бачыць, а я – у сям'і. Ці будуць яшчэ дзеткі? Падтрымка ад дзяржавы адчувальная, сям'я наша дружная, любячая і вельмі добрая, свая кватэра ёсць – таму хто яго ведае?! – з усмешкай адзначыла Валянціна Клімава.

Перад тым як уручыць узнагароды, старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч пацікавіўся ў жанчын, што іх хвалюе, ці ёсць у сем’яў праблемы, ці патрэбна дапамога. Пасля выказаў шматдзетным маці словы падзякі за іх подзвіг. «Сёння я з непрыхаваным пачуццём захаплення аддаю кожнай з вас даніну павагі. Вы з годнасцю ўмацоўваеце асновы нашай дзяржаўнасці», – адзначыў Міхаіл Канстанцінавіч.

Да ведама

Усяго ў Лідскім раёне сёння налічваецца 1611 шматдзетных сем'яў, дзе падрастаюць трое і больш дзяцей. Самая вялікая шматдзетная сям'я рэгіёна пражывае ў Лідзе і выхоўвае 10 дзяцей. Як адзначылі ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, колькасць шматдзетных сем’яў штогод павялічваецца. Такая тэндэнцыя прасочваецца і ў гэтым годзе.

Гэтаму дапамагаюць дзейсныя віды сацыяльнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, такія як выплаты ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, штомесячныя дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, прадастаўленне сямейнага капіталу шматдзетным сем’ям, сацыяльныя гарантыі ў сферы працоўнага заканадаўства і многія іншыя. Акрамя таго, у некаторых сем'ях дзеці ва ўзросце да двух гадоў забяспечваюцца бясплатнымі прадуктамі харчавання. У гэтым годзе, напрыклад, такую ​​падтрымку ў Лідскім раёне атрымліваюць больш за 120 шматдзетных сем'яў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться