Здзіўлялі гасцей і ўдзельнікаў свята падвор’і раёнаў Гродзенскай вобласці, у тым ліку лідскае

17 Ноября 2018 3529

Па вуліцы Карла Маркса выстраіліся тэматычныя падвор’і раёнаў Гродзенскай вобласці. Сёлета кожнае з іх было аформлена па-новаму: прэзентавала пэўную сельскагаспадарчую культуру, а абавязковым элементам афармлення павінна была стаць скульптура вышынёй не менш за два метры.

«З хлебам і капустай на стале не будзе пуста!» – весела зазывалі гасцей свята лідчане. Няцяжка здагадацца, што нашым гаспадыням дасталася менавіта гэтая агародніна. Лідскі раён прадстаўляла сельгаспрадпрыемства “Мажэйкава". Да свята працаўнікоў вёскі яно падрыхтавалася грунтоўна.

Адкрытая пляцоўка была аформлена ярка і вельмі цікава. Каля імправізаванай хаты размясціліся дэкарыраваныя саламяныя скульптуры Капусніка і Капусніцы, фігуры хатніх жывёл, капусная градка з лялькамі-дзецьмі, гульнёвая зона. Наша Лідчына гасцінная і хлебасольная. Аб гэтым гаворыць тое, што ў самой хаце быў накрыты багаты і шчодры стол. Паспрабавала палічыць колькасць страў (а ўсе яны былі з капусты) і кожны раз збівалася з ліку. Не абышлося без музыкі і добрых народных песень. Гасцей сустракалі гаспадары і народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”.

– Мы вясну і лета рупліва працавалі, а восенню ўраджай добры сабралі, – вітала гасцей гаспадынька. – Ды не толькі збожжа ў засекі паклалі, садавіны і гародніны шмат загатавалі – яблыкаў і грушаў, морквы і бульбы. А капуста – дык за зайздрасць сёлета ўрадзіла. Наша Лідчына багатая на працавітых і здольных людзей, улюбёных у сваю зямельку, у сваю гаспадарку, у сваю працу.

Мажэйкаўскія прысмакі многім прыйшліся да смаку. Дзівіліся ўдзельнікі свята, гледзячы на бутафорскі “грашовы” качан капусты, які сёлета вырасцілі ў гаспадарцы. Але і на гэтым сюрпрызы не скончыліся. Гасцям падворка можна было стаць удзельнікамі майстар-класаў па прыгатаванні бігаса “з дымком, мясам і часнаком”, квашанні капусты, запісаць рэцэпты страў і азнаёміцца з выстаўкай прадукцыі ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты”, Лідскага хлебазавода, ААТ “Лідахлебапрадукт”, ААТ “Лідскае піва”, падпець нашым артыстам: творчаму калектыву ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, народнаму ансамблю народнай музыкі “Гудскі гармонік”, салістам Алесі Ярунічавай і Кацярыне Каспорскай, а таксама Аляксандру і Інэсе Парфенчыкам.

Здзіўлялі і іншыя падворкі. Тут былі і печкі-лавачкі, і хлявы з жывёлай, і агароды з ураджаем 2018 года, але самае галоўнае – саламяныя фігуры-гіганты. Ля кожнай можна было зрабіць фота на памяць.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться