70-гадовы юбілей мясцовай школы адсвяткавалі сёння ў аграгарадку Бердаўка

06 Ноября 2018 2777

Атмасфера грандыёзнага свята адчувалася ва ўсім. У вестыбюлі школы, дзе настаўнікі ветліва сустракалі кожнага госця, было ажыўлена: цёплыя поціскі рук і абдымкі, воклічы і гутаркі, кветкі... Вядома, многіх сустрэла ўжо не тая альма-матэр, якую яны пакідалі шмат гадоў назад, а новая, пасля рамонту, які цалкам змяніў яе аблічча, – светлая, цёплая, чыстая. Сцены калідора ў гэты дзень сталі адмысловым гідам: кожнай важнай падзеі прысвечаны асобны стэнд, на парце – альбомы. У фотазоне ля цэнтральнага ўваходу можна было зрабіць здымак на памяць, падзяліцца ўражаннямі ад сустрэчы ў юбілейнай кнізе водгукаў. Там жа, у фае, размяшчаліся выстава старых фотакартак, імправізаваная стужка часу і інтэрактыўныя лісты выпускнікоў, прадстаўнікоў розных прафесій.

Госці разглядалі фотаздымкі, дзяліліся ўражаннямі, казалі шмат цёплых слоў віншаванняў былому дырэктару, настаўніку з вялікай літары Анатолю Крупе, які з настальгіяй успомніў гады педагагічнай працы:

– Юбілей школы асабіста для мяне – значная падзея, бо тут працаваў больш за тры дзесяцігоддзі, – заўважыў Анатоль Леанідавіч. – Я прыйшоў у школу ў 27 гадоў. За плячамі былі пэўны жыццёвы вопыт, служба ва ўзброеных сілах (ваенна-марскім флоце), навучанне ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Канешне, мог застацца ў вялікім горадзе, але мы з жонкай вырашылі вярнуцца на маю малую радзіму. Два гады я працаваў дырэктарам Семашкаўскай школы, а ў 1984 годзе прыйшоў сюды, у Бердаўку, таксама дырэктарам, тут мяне сустрэў дружны калектыў настаўнікаў. Пра кожнага хочацца сказаць, што гэта вельмі таленавітыя педагогі. Амаль 40 год наш школьны званок кліча ў клас Крысціну Іосіфаўну Новікаву і Рэгіну Іванаўну Гілевіч. Рэгіна Іванаўна, дарэчы, большую частку гэтага перыяду займала вельмі адказную пасаду – самааддана працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Хутка 30 год, як у якасці настаўніка-філолага ўвайшла ў родныя сцены Галіна Антонаўна Альшэўская. Большую частку свайго педагагічнага шляху (28 год) працуе выхавальнікам у нашым дзіцячым садку Наталля Станіславаўна Піута. Амаль два дзясяткі год тут жа шчыруе і Тарэса Іосіфаўна Кандыба. Нават складана прыпомніць, калі ўпершыню ў роднай школе пачала праводзіць урокі музыкі Зінаіда Іванаўна Унучко, якая спачатку была настаўнікам Першамайскай музычнай школы. У апошнія гады яна нязменны настаўнік і музычны кіраўнік нашай установы адукацыі. Прыемна, што прафесійныя шляхі сучасных выпускнікоў Бердаўскага дз/с-СШ таксама прыводзяць у родныя сцены. Напрыклад, настаўніца абслугоўваючай працы Анастасія Пятроўна Данюш – наша выпускніца 2002 года. Другі год працуе малады спецыяліст Мікалай Паўлавіч Каламіец.

Былыя вучні ўстановы адукацыі сёння – людзі розных прафесій. У іх ліку -- медыкі і сталяры, інжынеры і камбайнёры, электрыкі і бухгалтары, педагогі і тэхнолагі, людзі творчых прафесій. Калектыў сёння можа ацаніць вынікі сваёй працы на цвёрдую дзясятку.

– У школу вяртаюся рэдка, але заўсёды з такім унутраным перажываннем, уражаннем, – заўважыў выпускнік школы 1994 года, ксёндз Антоній Грэмза, віцэ-канцлер Гродзенскай рымска-каталіцкай курыі, выкладчык духоўнай семінарыі. – Усё мяняецца. Не змяняецца толькі галоўнае прызначэнне школы -- быць цэнтрам культуры, асветы і выхавання. Сёння яна сучасная, камфортная, светлая. Ад усёй душы хочацца пажадаць калектыву настаўнікаў натхнення, аптымізму, поспехаў, творчых пошукаў і інавацый. Хай праца прынясе як мага больш душэўнага задавальнення.

У святочнай зале сабраліся настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, выпускнікі, вучні і бацькі – усе тыя, для каго юбілей школы стаў старонкай асабістага лёсу. Прысутнічалі на свяце і прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, якія прыехалі не з пустымі рукамі. Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, якая ўручыла Падзячныя лісты. Шмат цёплых слоў сказаў намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, які, дарэчы, ад Лідскага райвыканкама падарыў школе тэлевізар. Граматамі адзначыла настаўнікаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Вольга Тарасюк, павіншавалі юбіляраў прадстаўнікі мясцовай улады і сельгаспрадпрыемства «Бердаўка-Агра» (гаспадарка таксама паднесла школе падарунак – музычную калонку).

Школа – гэта ў першую чаргу людзі, якія аддавалі і аддаюць дзецям усе свае сілы, розум, энергію і любоў. З хваляваннем і гонарам віталі прысутныя на ўрачыстасці педагогаў, якія шмат гадоў прысвяцілі ўстанове адукацыі і цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. На жаль, самая старэйшая з педагогаў-ветэранаў сёння не мела магчымасці прысутнічаць на свяце. Сёлета, у жніўні, Зінаідзе Фёдараўне Кучынскай споўнілася 90 год. Але ўсе прысутныя далучыліся да віншаванняў, якія прагучалі ў яе адрас з нагоды такога шаноўнага ўзросту. З цікавасцю паслухалі ўспаміны Зінаіды Фёдараўны ў відэазапісе.

70-гадовы юбілей школы – гэта вельмі важная дата. Яна гаворыць аб тым, што пройдзены пэўны шлях, укладзена велізарная праца некалькіх пакаленняў педагогаў, са сцен школы выйшла больш за тысячу выпускнікоў. Для ўсіх яна стала часткай жыцця. Арганізатары юбілея падрыхтавалі вялікую, насычаную праграму, прысвечаную гісторыі школы. Пасля прывітання навучэнцамі гасцей юбілея вядучыя расказалі аб гісторыі школы з дэманстрацыяй на экране фатаграфій, дакументаў. Чуллівым момантам урачыстасці стала ўручэнне кветак у знак найвялікшай павагі ветэранам педагагічнай працы. Са сцэны гучалі песні і вершы, у тым ліку ад настаўнікаў, вучняў і народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў.

У Бердаўскім гістарычна-краязнаўчым народным музеі Анатоль Леанідавіч Крупа з групай школьных экскурсаводаў правёў цікавую экскурсію для гасцей школы. Гэты пазнавальны і вельмі цікавы падарунак і стаў фінальным акордам сённяшняга свята.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться