Сям'я з Лідскага раёна стала ўладальніцай абласной прэміі «Бацькоўская слава»

11 Октября 2018 3725

Святочная музыка, упрыгожаная зала Палаца культуры, шматлікія гледачы, сярод якіх – вялікія, дружныя сем'і Гродзеншчыны, шчодрыя на матчыну і на бацькоўскую любоў… У рамках выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” адбылося ўручэнне прэміі “Бацькоўская слава”. Другі раз у гісторыі, і першы – менавіта на Лідскай зямлі.   

– Прэмія была заснавана ў мінулым годзе і ўручалася ў Гродне, – нагадала старшыня абласной арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” Ірына Сцепаненка. – Тады вырашылі, што ўзнагароджванне будзем праводзіць штогод, але ў новым рэгіёне. Сёння мы на гасціннай Лідчыне… У апошні час вельмі шмат увагі надаецца пошуку брэнда. Мне здаецца, у Беларусі яго шукаць не трэба, бо ён – у людзях, у нашых беларускіх сем'ях. Што можа лепш прадстаўляць краіну, казаць пра яе поспех, чым шчаслівая, дружная і паспяховая сям'я, дзе растуць будучыя навукоўцы, спартсмены, школьныя актывісты, якія і самі падаюць прыклад аднагодкам і знаходзяць на каго раўняцца.

Сям’я з аграгарадка Гуды Лідскага раёна – яскравы таму прыклад. Бацька, Пышынскі Андрэй Дзмітрыевіч, – індывідуальны прадпрымальнік. Мама, Пышынская Святлана Анатольеўна, знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за двухгадовым Аляксандрам. Старэйшы сын Андрэй вучыцца ў 9-м класе Гудскай школы. Апошнія чатыры гады хлопчык актыўна займаецца біятлонам. І паспяхова. Штогод Андрэй з'яўляецца прызёрам “Лідскай лыжні”. У 2018 годзе ён заняў першае месца ў абласным этапе спаборніцтваў “Снежны снайпер”, што дазволіла ўвайсці ў склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці. У складзе зборнай у змяшанай эстафеце сярэдняй узроставай групы на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Андрэй заваяваў трэцяе месца. Зараз падлетак пачаў падрыхтоўку да спаборніцтваў 2019 года.

– Мы самі не спартсмены, але заўсёды сочым за выступамі сына, ганарымся яго поспехамі і разам перажываем няўдачы. А калі здараюцца няўдачы – гэта ж спорт! – кажам, што абавязкова атрымаецца ў наступны раз, што пройгрыш у гэтым забегу – стымул трэніравацца больш старанна. Бо калі таленты і здольнасці выяўляюцца, становяцца відавочнымі, наша задача, як бацькоў, убачыць іх, падтрымаць і развіць, а ні ў якім разе не сяліць у душы дзіцяці сумненне, ці на правільным шляху ён знаходзіцца, – упэўнены Андрэй і Святлана Пышынскія.

Прэмію “Бацькоўская слава” сёлета атрымалі яшчэ чатыры сям’і: адна з Ашмян – у намінацыі “Інтэлект”, і тры з Гродна – “Талент”, “Поспех” і “Творчасць”.

Да ведама

Узнагарода “Бацькоўская слава” заснавана Гродзенскай абласной арганізацыяй грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын”. Праводзіцца пры падтрымцы і садзейнічанні Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання “Белая Русь”, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, а ў гэтым годзе – яшчэ і Лідскага райвыканкама, Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”.
































Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться