Віктар Кудла: «Усё пачыналася з бацькоў, настаўнікаў, зямлі»

11 Октября 2018 2075
Год назад на старонках «Лідскай газеты» была апублікавана нататка краязнаўца з Сяльца Мікалая Дзікевіча «Як я навучыўся чытаць і палюбіў беларускую мову». Развагі аўтара аказаліся цікавымі для нашых чытачоў і падштурхнулі да ўласных думак, а кагосьці – і самому ўзяцца за пяро...

Хутка ў рэдакцыю даслала свае ўспаміны жыхарка Лідчыны Вера Гулевіч з Табалы. Рубрыцы было наканавана працягвацца, бо следам мы атрымалі яшчэ адзін матэрыял – ад былога дырэктара эксперыментальнай базы «Ніва», а зараз фермера, краязнаўца Віктара Кудлы. Віктар Іванавіч апошнім часам плённа працуе над летапісам родных мясцін, у які ўпляліся асабістыя ўспаміны. Асобная старонка ў іх – гады вучобы ў школе, а галоўныя героі – настаўнікі. Ад іх, упэўнены аўтар, ён атрымаў галоўныя веды. Яны навучылі любіць жыццё, родную мову, малую радзіму і быць чалавекам. 

Чакаем, што і гэта нататка не апошняя ў рубрыцы «Як я навучыўся чытаць і палюбіў беларускую мову», якая стала ўжо сапраўдным праектам. Яго прысвячаем Году малой радзімы.

«Першае слова на роднай мове пахла... саладкаватым дымам ад лучыны»

«Што было ўчора, пазаўчора – не ўсё ўспомню, а вось былое, дзяцінства, школу, памятаю да дробязей. Шмат цікавых і дарагіх сэрцу ўспамінаў захавала памяць, – расказвае Віктар Іванавіч. – Памятаю, як у маіх руках апынуўся хімічны аловак: яго я мачыў у губах і на картонцы  выводзіў літары. Ад бацькі навучыўся маляваць дрэвы, кветкі, сонца, воблакі… Па вечарах, распакаваўшыся на цёплай печы, бацька і бабуля расказвалі нам байкі, казкі. Старэйшы брат пры лучыне рыхтаваў урокі, чытаў вершы, апавяданні. На ўсё жыццё  запомніўся мне саладкаваты пах смалы і дыму ад лучыны, якой  асвятлялася хата зімовымі вечарамі.

Калі настала пара ісці ў школу, ад старэйшага брата мне перайшлі ў спадчыну кашуля, кароткія порткі з адной шлейкаю цераз плячо, чаравікі. Маці пашыла з белага саматканага палатна сумку. Жучкоўская школа, у якую я пайшоў, размяшчалася пры дарозе на Беліцу, у хаце гаспадароў, якія пасля вайны выехалі ў Польшчу. У 1944 годзе будынак быў пераабсталяваны пад школу. Два пакоі з двух канцоў – класы, паміж імі – сенцы і ганачак. А пасярэдзіне – маленькая настаўніцкая, з тылу – уваход у кватэру загадчыка. Дах з нацягнутай толі, абабітай дошкамі. Падлога з непафарбаваных дошак. Невялікія, па чатыры на клас, вокны, дзе ніжнія шыбы замаляваны фарбай, каб вучні не зыркалі на вуліцу. У класах былі печкі. У два рады стаялі самаробныя, з дошак, сталы і лаўкі. Лаўкі часта падалі. На сталах былі выдзеўбаны ямкі для чарніліц з розных бутэлечак. Потым з’явіліся чарніліцы-невылівайкі, а для чарніла растваралі нейкія таблеткі ў вадзе. Ручку для пісьма майстравалі з тонкай палачкі, да якой ніткай прывязвалі жалезнае пяро-«зорачку». Макалі ў чарніліцу і выводзілі літары. Не аднойчы кропля падала – клякса ў сшытку і на адзенні.


Жучкоўская школа і настаўнік Васіль Кожураў.

Няблізкая дарога ў Жучкі была поўная прыгод, часам і небяспечных: па лясах яшчэ хаваліся «белыя» (апошнія выстралы на Лідчыне прагучалі 26 красавіка 1954 г., калі затрымалі Азёма і Мурына). Абапал шашы раслі вялікія таўшчэзныя таполі. Дрэвы хавалі дзяцей у спякоту і ад дажджу. Па мурагу ішла мяккая сцяжынка. На верхавінах дрэў – чорныя гнёзды гракоў. Увесну адтуль раздаваўся несціхаючы лямант, неаднойчы на галовы падалі галлё, птушаняты і штосьці мяккае, вадкае... 

Да самых маразоў у школу хадзілі басанож. Шаша была са жвіру,  каменьчыкі  ўпіваліся ў падэшву. Чаравікі абувалі перад уваходам у клас. Хлопцы з Масявіч хадзілі ў так званых абіяках – «трэпах»: ніз абутку – бярозавая падэшва, верх – са старых чаравікаў.
У школу прыходзілі дзеці з навакольных вёсак: Астравухаў,  Масявіч, Баравіч, Жучкоў, Дроздава. Колькасць навучэнцаў – каля шасцідзесяці. І ўсе ўмяшчаліся ў невялікім збудаванні.

«Хто дрэнна вучыцца, будзе пастухом і хавацца пад мосцікам, калі Янак будзе ехаць на машыне»

Мой першы настаўнік – Аляксандр Грос. Высокі мужчына ў сіняй гімнасцёрцы, падпяразанай шырокім рэменем з бліскучай бляшкай, у галіфэ і ботах. Быў строгі: калі вучань зрабіў кляксу, ён мог пацягнуць яго за вуха, якое потым гарэла ўвесь дзень. З-за Гроса многія дзеці зведалі «партызаншчыну». Аднойчы і мне перапала ад настаўніка. Ідучы ў школу,  я збочваў на «ямы», якія сяляне выкапалі для захоўвання бульбы. Прасядзеўшы цэлы дзень з іншымі «партызанамі» і дачакаўшыся вяртання дзяцей са школы, падстройваўся ў натоўп і прыходзіў дахаты. Так доўжылася некалькі дзён, пакуль не даведаліся бацькі і не закрылі «партызаншчыну». Хутка не стала і Гроса. 

Стала настаўнічаць Марыя Міхайлаўна Козел з хутара Дроздава. Вяла 1 і 3 класы. Трэба было за 45 хвілін даць веды абодвум класам. Пісалі на якойсьці гаспадарчай паперы, потым у настаўніцы бацькі куплялі сшыткі ў касую лінейку. Як яны пахлі! На тыльнай старонцы вокладкі была табліца множання. Пазней з’явіліся падручнікі, па іх сталі вывучаць беларускую мову і літаратуру. Далей настаўнікам быў Васіль Іванавіч Кожураў.

Пачатак урокаў і заканчэнне абвяшчаў званок з меднай гільзы ў руках прыбіральшчыцы Галіны Трапіла. На перапынку дзеці  разляталіся па школьным падворку.

У чацвёртым класе настаўнічала Рэгіна Адамаўна – сімпатычная, ветлівая жанчына. Кватаравала ў майго аднакласніка і яго маці. Янак меў ад яе добрыя адзнакі. Яна часта звярталася да вучняў: «Хто дрэнна вучыцца, будзе пастухом і хавацца пад мосцікам, калі Янак будзе ехаць на машыне». Спраўдзілася, але – наадварот.

Бітвы на «куліковым полі» за месца ў школе і смерць бацькі народаў

Ганчарская школа ў верасні 1952 года сустрэла вялікай колькасцю вучняў з розных класаў. У пяты клас сюды прыйшлі, апрача ганчарскіх,  вучні з навакольніх пачатковых школак: Жучкоў, Агароднікаў, Дзітрыкаў. Адразу ж на новых ад мясцовых быў напад. Асабліва чапляліся ні з таго ні з сяго бенеўскія хлопцы-забіякі: дай закурыць, аддай ручку… Неаднойчы новенькім давалі тумака. Крыху асвоіўшыся і згуртаваўшыся, дроздаўцы з масявіцкімі далі адпор. Па дарозе нас спыніў цэлы гурт беняўцоў, пачалася бойка кулакамі, сумкамі, у ход пайшлі камні. На «куліковым полі» мы пагналі забіяк, і канфлікт пагас.

Ад старшакласнікаў асвоілі гандаль курынымі яйкамі. Насупраць царквы, на рагу вуліцы, быў гаспадарчы магазін, тут прымалі і яйкі. Збіраючыся ў школу, каб не заўважылі бацькі, за пазуху пад кашулю ўладкоўвалі з дзясятак яек. Ішлі ціха, павольна, каб данесці дабро і на выручку атрымаць цыгарэты «Парашут» ці «Дукат». Прыёмшчык, прымаючы кожнае яйка, прасвечваў пад лямпай і бракаваў «калбатуны». Выйшаўшы, дружна стралялі «калбатунамі» ў сцяну магазіна. Доўга гэтыя адмеціны красаваліся на сцяне.

Заняткі двух 5-х («А» і «Б») класаў былі ў так званым «бункеры», дзе з аднаго боку жыў завуч Клябанаў А. М. з сям‘ёй, а ў прыбудове была бібліятэка.

Мне запомніўся 1953 год... Не толькі маразамі і снежнымі  заносамі, але і тым, што ў першыя дні сакавіка прагучаў школьны званок, у клас зайшоў завуч, чамусьці без класнага журнала. Прывітаўшыся, сказаў: «Краіна наша і ўвесь савецкі народ панеслі вялікую страту: памёр наш бацька Іосіф Вісарыёнавіч Сталін. Усе выходзьце на двор на мітынг». Усе высыпалі на школьны двор. Пад гукі горна і барабана вынеслі піянерскі сцяг. Пасля калонай ішлі да сельскага Савета, дзе ў двары стаяў бюст правадыра.

«Выдатна або кол з лейцамі»

Усе вывучаемыя ў школе прадметы ў далейшым жыцці і працы мне спатрэбіліся. Упэўнены: усе веды ідуць ад настаўнікаў!.. Яны фарміруюць чалавека.

Канстанцін Іванавіч Буйніцкі настаўнічаў у нас з польскага часу. Вёў арыфметыку, чарчэнне, маляванне. Першы запыт у пачатку ўрока – табліца множання. Патрабаваў ведаць назубок. У яго былі адзнакі: 5, выдатна, 4 з плюсам, 3, двойка, адзінка і кол з лейцамі. За дрэнныя паводзіны на ўроку мог паставіць у кут на калені ці за дзверы, а найбольш сур’ёзна – выклікаць бацькоў у школу. 

Любімымі прадметамі гэтага настаўніка для мяне з’яўляліся маляванне, чарчэнне, яны заўсёды былі на выдатна. (Пазней самастойна асвоіў маляванне маслянымі краскамі, разьбу па дрэве, пісаў плакаты, афармляў наглядную агітацыю, газеты.) Добра ведаў матэматыку, алгебру, геаметрыю, стэрэаметрыю. Пасля заканчэння дзесяцігодкі планаваў паступіць у Ленінград на картаграфічны факультэт. Прайшоў сумоўе ў ваенкамаце, медкамісію, атрымаў накіраванне-рэкамендацыю. Але здарылася непрадбачанае: на ўроку фізкультуры паслізнуўся на лапіку лёду, упаў і зламаў нагу. Так, з гіпсам, на кастылях, заканчваў дзясяты клас. Планы рухнулі. 

Беларускую мову выкладала Лілія Мікалаеўна Буяк – ветлівая, але і строгая настаўніца. Мне не вельмі ўдавалася дыктоўка па беларускай мове, а пераказ і сачыненне, наадварот, пісаў добра. У той час усе  падручнікі былі беларускамоўныя і прадметы выкладаліся на беларускай мове (У далейшым, на працягу больш 50-і год, шкада, што вельмі мала прыйшлося пісаць і размаўляць на роднай мове. Зараз імкнуся навярстаць.) Рускую мову і літаратуру з пятага па восьмы клас вяла Марыя Ермалаеўна Кучынская. За нявывучаны вершык вучня пакідала пасля ўрокаў – «у казе». Яна і Лілія Мікалаеўна выйшлі замуж за ганчарскіх хлопцаў, тут і жылі.

Добры, таленавіты  педагог,  справядлівы чалавек, уважлівы класны кіраўнік Ганна Адольфаўна Сегень выкладала нямецкую мову. Гэта быў адзіны прадмет, па якім мне паставілі «добра» з нацяжкай, – я не любіў «нямеччыну». Падцягнуць нямецкую мову ў жыцці дапамог лёс: напаткаў жонку – выкладчыцу нямецкай мовы.

Дырэктарам школы з 1953 па 1955 гады запомніўся Іосіф Людвікавіч Пазняк. Невысокі, шпаркі, з шырокім крокам, валасы – дагары. У старэйшых класах выкладаў матэматыку, геаметрыю, пасля заняткаў вёў гурток па шахматах. Толькі ў яго былі фабрычныя фігуры. Але ў хуткім часе з дапамогай бацькі мы зрабілі свае. Дошку з картона размалявалі ў чорна-белыя клеткі. Фігуры – шпулькі ад нітак – разразалі напалову, верх фігур выразалі з паленца. Дзеці так захапіліся гульнёй, што ў вольную хвіліну ці вечарамі на пасядзелкі ішлі з шахматамі. Двое гулялі «на высадку», астатнія – група падтрымкі. У шахматную гульню ўцягнуліся і бацька, і суседзі. Іншы раз сцямнее, маці гукае бацьку: «Ідзі ўходжвацца, карміць скаціну!» Бацька: «Пачакай, партыю закончу». Не вытрымаўшы, падкраўшыся, маці рукою згортвала фігуры ў кучу. Гвалт, крык! Партыі канец! (Некалькі год таму на сустрэчы з вучнямі я папрасіў падняць руку, хто ўмее гуляць у шахматы. Адзін падняў, засаромеўся і апусціў.)

Фізкультурнае жыццё значна ажывілася з пераводам у Ганчарскую сярэднюю школу Мікалая Мікалаевіча Дзікевіча (дарэчы, яму не так даўно споўнілася 94 гады). За дарогай, на выгане, быў арганізаваны школьны стадыён, вакол – бегавая дарожка. Меліся футбольнае поле, баскетбольная пляцоўка, сектары для скачкоў у даўжыню, вышыню, кідання гранаты. Валейбольная пляцоўка была і за «бункерам». На перапынках там ішлі баталіі паміж камандамі. Адну ўзначальваў дырэктар Іосіф Людвікавіч, другую – Мікалай Мікалаевіч. Гульню падтрымлівалі балельшчыкі: школьнікі і настаўнікі. Валейбол любілі ўсе. Мікалай Мікалаевіч уклаў у нас, хлапчукоў, не толькі спартыўныя навыкі, азарт пераможцы, але і чалавечыя паводзіны ў жыцці: акуратнасць, працавітасць, абавязковасць, любоў да роднага краю, яго гісторыі. Запомніліся веласіпедныя маршруты ў Навагрудак, дзе наведвалі Курган Бессмяротнасці і музей А. Міцкевіча.


Стральцы-пераможцы з настаўнікам фізкультуры Мікалаем Дзікевічам.

З 1955 па 1957 гады дырэктарам нашай школы быў Анатоль Аляксандравіч Шандзяровіч, гаваркі, па-ваеннаму шустры. Захапляюча выкладаў геаграфію. Я назубок ведаў усе сталіцы дзяржаў, рэкі, моры і акіяны. Пазней, за чатыры гады службы на баявым крэйсеры, прайшоў водамі Балтыйскага і Паўночнага мораў. З візітамі дружбы ваенных маракоў наведаў Данію і Швецыю. За апошнія гады савецкага перыяду наведаў больш за дваццаць краін, новы 1991-ы сустракаў на Кубе.

«Навука аб зямлі і ад зямлі стала справай на ўсё жыццё»

У трэцім памяшканні, пабудаваным з перавезеных драўляных хат, размяшчаліся 8-ы, 9-ы, 10-ы класы. Вялікія вокны, пячное ацяпленне, узімку холадна, памяшканні прадуваліся. Уваход у кожны клас быў асобным. Паміж 9 і 10 класамі была перагародка, якая падчас агульнашкольных мерапрыемстваў рассоўвалася, і ўтваралася прасторная зала. Тут праводзіліся школьныя вечары, ставіліся сцэнкі, акрабатычныя нумары, спяваліся песні... 

Завучам, а потым дырэктарам школы (з верасня 1957 па жнівень 1960 года) быў Аркадзь Міхайлавіч Клябанаў. Ён выкладаў гісторыю. Вывучалі старажытны Егіпет, Грэцыю, Рымскую імперыю, Аўстра-Венгрыю. А вось з гісторыі дарэвалюцыйнай Расіі ўпаміналі толькі пра прыгоннае права, памешчыкаў і капіталістаў, з гісторыі Беларусі – савецкі перыяд.

Алгебру і геаметрыю выкладала Вольга Сцяпанаўна Шут, маладая дзяўчына, адразу пасля інстытута. Чытала яна звычайна з канспекта. А я сядзеў на першай парце адзін. Ад папярэдніх настаўнікаў меў добрыя веды, таму вёў сябе вальготна, рашаў задачкі першым і другім варыянтамі, чым ставіў настаўніцу ў нязручнае становішча. Тая чырванела, тушавалася, а аднойчы праз слёзы вымавіла: «Я ж цябе малога на руках насіла…» Для мяне гэта быў ступар. Потым маці расказвала, што ў вайну Шуты жылі па суседстве, і Вольга – малое дзяўчо – цягала мяне на руках. Мне стала не па сабе, сорамна, надалей паводзіў сябе прыстойна. Але і цяпер каюся і шкадую, што не прыйшлося папрасіць прабачэння. Вольга Сцяпанаўна рана памерла. З гэтай сям’і быў камсамолец-партызан Генадзій Шут. Мажліва, дзякуючы ў тым ліку і яму маім бацькам удалося выжыць у часы ліхалецця. 

Яшчэ адна настаўніца, Вольга Фёдараўна Сей, таксама працавала першы год пасля інстытута. Дзесяцікласнікам выкладала фізіку і астраномію. Умела зацікавіць вучняў сваімі прадметамі і асабліва практычнымі заняткамі і вопытамі. На яе ўроках мы атрымалі першыя навыкі радыёмайстроў. З часопіса «Юны тэхнік» бралі схемы дэтэктарнага прыёмніка. Здабывалі ферытавыя стрыжні, медны дроцік, антэну, слухаўкі, паялі, выраблялі каробку... Якая ж была радасць, калі праз трэск і шум у слухаўках праскоквалі музыка, гаворка!

Таццяна Міхайлаўна Гаўрош выкладала хімію і біялогію. На падворку школы была сабрана амаль прыгодная на той час сельскагаспадарчая тэхніка: плугі, бульбакапалка, сеялка і іншае. Наглядны матэрыял для вывучэння школьнага курсу земляробства згодна з хрушчоўскім заклікам «Увесь клас – у калгас». Скончылася тым, што праз некаторы час увесь «матэрыял» здалі на металалом.

У апошні год я быў старшынёй вучнёўскай вытворчай брыгады. Восенню школьнікаў пасылалі дапамагаць калгасу імя Булганіна выбіраць бульбу. Я са сваім класам працаваў у Баравічах, дзе брыгадзірам быў Уладзімір Раік. Бульбу выгортвалі парай коней, дзеці падбіралі клубні ў кошыкі. Трызубцамі перакопвалі баразну, бульбай напаўнялі скрыню на возе, і конь адвозіў яе ў бурт. Было спаборніцтва паміж класамі. Па выніках наш клас атрымаў прэмію з рук старшыні калгаса Давіда Яфімавіча Галямполя, даволі аўтарытэтнага ў раёне кіраўніка. Ён, едучы па дарозе, заўсёды прыпыняўся і падбіраў вучняў  у «козлік». Сельскагаспадарчая навука аб зямлі і ад зямлі стала для мяне справай на ўсё жыццё: працаваў заатэхнікам, намеснікам старшыні калгаса, каля 15 гадоў – дырэктарам саўгаса.


Выпускны 7 клас Ганчарскай школы з настаўнікамі.

Васіль Канстанцінавіч Папковіч вёў гурток фотасправы, і я палюбіў яе на ўсё жыццё. Па храналогіі жыццёвых падзей і пра краіны, дзе пабываў, аформіў больш за дваццаць фотаальбомаў. 

У чэрвені 1959 года – выпускныя экзамены. Першы і галоўны – сачыненне па рускай мове і літаратуры. Тэмы былі засакрэчаны Міністэрствам асветы, і канверт адкрываўся камісіяй у 9 гадзін. Запомніліся тэмы: па творы Максіма Горкага «Маці», Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь», Міхаіла Шолахава «Паднятая цаліна». На напісанне адводзілася чатыры гадіны. Трэба было ў поўнай меры раскрыць тэму і напісаць не менш чым на 8-10 старонках. А галоўнае – не дапусціць памылак. Потым былі яшчэ сем вусных іспытаў: па беларускай літаратуры, алгебры, геаметрыі, гісторыі, фізіцы, хіміі і нямецкай мове. 

Вечар выпускнікоў быў з удзелам бацькоў. На сталах няхітрая вясковая закуска, духмяныя кветкі, паміж імі ў графінчыках – самагонка. Да самага світанку мы, выпускнікі, гаманілі, весяліліся. Марылі аб будучыні, планавалі сустракацца кожны год. Але не спраўдзілася ні разу. 

Прайшло каля 60 год, як мы пакінулі сцены роднай школы. Але і цяпер з удзячнасцю ўспамінаем сваіх настаўнікаў і нашу «маму» – класнага кіраўніка Ганну Адольфаўну Сегень. Для кожнага з нас яна знаходзіла добрае слова, аддавала часцінку сваёй душы. З цікавасцю праводзіла класныя мерапрыемствы: канцэрты, экскурсіі, рыхтавала нас да далейшай вучобы і жыццёвых дарог».


Выпускны клас і яго класны кіраўнік Ганна Сегень.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться