Выхавальнік – першы пасля мамы настаўнік

07 Октября 2018 891
Сітуацыя «першы раз у першы клас» у жыцці Аляксандры Янкоўскай сёлета павінна была здарыцца другі раз за жыццё: Аляксандра Вітальеўна скончыла Лідскі каледж па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў” і 1 верасня, па ўсёй верагоднасці, зноў стаяла бы каля дошкі, але ўжо ў якасці маладога настаўніка. Аднак лёс склаўся так, што свой педагагічны шлях дзяўчына пачала ў ролі выхавальніка ў Ходараўскім дзіцячым садку-сярэдняй школе. 

– Другі месяц тут працую, і усё падабаецца, – з усмешкай сказала Аляксандра Янкоўская. – Дзяцей у мяне 14, усе яны – рознаўзроставыя, што патрабуе дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні. Гэта складана, бо падрыхтоўка да заняткаў займае больш часу, але я стараюся. Наогул лічу: каб чамусьці навучыцца ў сваёй справе, стаць сапраўдным спецыялістам, трэба пачынаць з самага пачатку. Вось я і пачала (смяецца). А калі казаць сур'ёзна, то толькі зараз я зразумела ўсю ступень адказнасці менавіта выхавальніка: ад таго, што ён закладзе ў дзіця, залежыць поспех апошняга ў далейшай вучобе і нават жыцці. Выхавальнік – першы пасля мамы настаўнік. У гэтым плане яго праца застаецца недаацэненай. 

На пытанне пра выбар прафесіі Аляксандра Янкоўская адказвае проста: «Люблю дзяцей, умею з імі знаходзіць агульную мову. Я сама са шматдзетнай сям'і: у мяне пяць братоў і дзве сястры, таму ролі выхавальніка і настаўніка я прымерыла на сябе ўжо даўно. Цяпер, можна сказаць, замацоўваю вывучанае».

Цікавы факт: Аляксандра Янкоўская сама праявіла ініцыятыву ў тым, каб патрапіць па размеркаванні пасля Лідскага каледжа менавіта ў Ходараўцы. Падчас вучобы дзяўчына была тут у гасцях, і аграгарадок спадабаўся ёй сваёй маляўнічасцю. 

– Я сама родам са Смаргоні, – распавядае Аляксандра Вітальеўна. – Магла паехаць адпрацоўваць на сваю малую радзіму, але Лідчына мяне паланіла. Маё сэрца тут, разам з каханым, – прызнаецца дзяўчына, –  аднак гэта асабістае. Што тычыцца прафесіі, пачынаць сваю працоўную дзейнасць у вёсцы, як мне здаецца, нават лепш, чым у горадзе: большаму можна навучыцца, ды і людзі тут добрыя, спагадлівыя. У Ходараўскім дзіцячым садзе-школе мяне вельмі добра сустрэлі, як родную, дапамагаюць, падказваюць. Калектыў выдатны, граматны. Дзіцячая група цалкам абсталявана вучэбна-метадычнай літаратурай, дастатковай колькасцю развівальных гульняў, ёсць шмат разнастайнага дыдактычнага матэрыялу, зроблены добры рамонт, што таксама немалаважна. Лепшага першага месца працы і не прыдумаеш.

Сёння Аляксандра Янкоўская будзе ўпершыню прымаць віншаванні з прафесійным святам – Днём настаўніка. Дзяўчына прызнаецца, што хвалюецца, бо адчувае адказнасць. Але ў яе ўсё жыццё наперадзе, каб пацвердзіць: яна вартая звання педагога.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться