Унук жаніўся ў дзедавай хаце. Як лідчане звяртаюцца да сваіх вытокаў

05 Сентября 2018 2635

Чаму нас, былых вяскоўцаў, якія даўно сталі паўнапраўнымі гараджанамі з гарадскім укладам жыцця ў добраўпарадкаваных кватэрах, цягне да месца, дзе нарадзіліся, нават нягледзячы на тое, што не сустракаюць ужо, як калісьці, ля брамкі роднай хаты старэнькія бацькі? Бо тут да драбніцы знаёмы кожны куток. Бо тут гаючы водар паветра здыме любою стому, а вада з калодзежа на падворку прагоніць любую смагу. Бо тут самыя звонкія і светлыя ў свеце ранкі і самае бяздоннае зорнае неба…


Аб настальгіі, аб любові да малой радзімы мы гутарылі з лідчанкай, ураджэнкай вёскі Ігнаткаўцы Ходараўскага сельсавета Ірынай Рубель (у дзявоцтве Ашмяна). Сышліся на тым, што ў многім гэтыя пачуцці спрыяюць таму, што нават дамы на вясковых вуліцах, якія пустуюць, дзякуючы прадаўжальнікам роду былых гаспадароў прыветліва глядзяць чыстымі аканіцамі, а садкі ля іх радуюць вока кветкамі. Дарэчы, бацькоўскі дом Ірыны Уладзіміраўны застаецца той асновай, якая па-ранейшаму звязвае паміж сабой і з Ігнаткаўцамі саму жанчыну, яе брата Уладзіміра, сястру Валянціну і іх сем’і. А нядаўна, у адныя са жнівеньскіх выхадных, тут ладзілася вяселле – жаніўся сын Ірыны Уладзіміраўны, Аляксандр. 

Калі Саша і Даніэла аб’явілі аб сваім рашэнні ўступіць у шлюб і ўсе родныя сабраліся на сямейную нараду, каб вырашыць, калі і дзе браць рэгістрацыю і праводзіць святочную гулянку, Ірына Уладзіміраўна прапанавала зрабіць гэта ў дзедавай хаце ў Ігнаткаўцах. Чаму б не ўспомніць, як спраўлялі вяселле ў вёсцы некалькі десяцігоддзяў назад, калі ўрачыстасць у адной сям’і была падзеяй для ўсіх жыхароў, калі кожны ад шчырага сэрца радаваўся за маладых і нават у думках зычыў ім шчасця? Якая асаблівая, трапяткая і родная аўра панавала на такіх урачыстасцях!

Аляксандр і Даніэла падхапілі ідэю. І пачалася падрыхтоўка да вяселля. Хата дзядулі Уладзіміра Іванавіча і бабулі Валянціны Аляксандраўны не ўпершыню збірала іх нашчадкаў на сямейныя святы, аднак мерапрыемства такога размаху магла згадаць хіба што з дваццатага стагоддзя, калі жаніліся дзеці гаспадароў. 

Жаночая палова сваякоў – сястра і швагерка Ірыны Уладзіміраўны, а таксама суседка і дзве сяброўкі – узялі на сябе падрыхтоўку святочнага стала (дарэчы, па колькасці і якасці далікатэсаў ён аказаўся не горш за рэстаранны). 

Акрамя застольнай імпрэзы, у самой хаце было вырашана правесці на месцы роспіс. Звярнуліся ў Ходараўскі сельвыканкам. Кіраўнік спраў Зоя Баклага з задавальненнем падтрымала ідэю арганізаваць і правесці шлюбную цырымонію маладых на дзедаўскім пляцы. 

Патрэбна было стварыць абстаноўку ўрачыстасці. І тут ужо свае здольнасці праявіў швагер Вацлаў Мар’янавіч – зварыў спецыяльную арку, якую і ўстанавіў на месцы роспісу. Нявеста з сяброўкамі прыбралі гэтую канструкцыю. Зрабілі сваімі рукамі гняздзечка для заручальных пярсцёнкаў. Ды і наогул яны ўзялі на сябе ўпрыгажэнне хаты і падворка. 


 Палёт фантазіі сваякоў і маладых быў бязмерным. Прычым усё рабілася амаль без затрат. Напрыклад, самабытнай атрымалася тумба для падарункаў. А асновай для яе стала звычайная кадушка. Кадушку паставілі ўверх дном, заслалі абрусам, перавязалі саматканым ручніком, а зверху паставілі ўпрыгожаны кошык. Ці, напрыклад, для правядзення аднаго з традыцыйных вясельных абрадаў “на паўзункі” ёмістасці зрабілі, узяўшы за аснову трохлітровыя слоікі.

А вось вясельны каравай арганізатары ўрачыстасці ўсё ж вырашылі заказаць на Лідскім хлебазаводзе. Маўляў, прыгожыя яны атрымліваюцца ў майстрых гэтага прадпрыемства.

 На ўрачысты роспіс на падворак да Ашмяноў, акрамя прыезджых гасцей, сабралася ўся вёска. Дарэчы, пасля прыгожай цырымоніі роспісу жаніха і нявесты ні адзін з прысутных не быў абдзелены вясельнымі прысмакамі: адны размясціліся за святочным сталом, іншых маладая, як здаўна павялося, частавала ласункамі.


 Вясельную ўрачыстасць вялі запрошаныя для гэтага музыканты. Ва ўнісон цёплай, сардэчнай атмасферы ладзілі гульні, абрады, сярод апошніх вельмі шчымлівыя для сэрца: перадача сямейнага ачага, пасвячэнне ў гаспадыні, пасвячэнне ў цешчу і іншыя. На гулянку па традыцыі прыязджалі “цыганы” – у іх пераапранулася суседская моладзь. 

Была ў вяселля і свая непаўторная асаблівасць. У якасці гасцей за сталом святкавалі бабулі – ігнаткаўскія спявачкі – Надзея Васільеўна Дзятчык, Надзея Васільеўна Гомза, Генуэфа Іосіфаўна Гомза. У свой час яны нярэдка збіраліся ў альтанцы, што ў двары Ашмяна, каб паспяваць. Разам з імі стройна выводзіла песні і гаспадыня дома Валянціна Аляксандраўна. Ды і Ірына Уладзіміраўна нярэдка далучалася да гэтай кампаніі. Дарэчы, працуючы ў бухгалтэрыі абутковай фабрыкі, яна была актыўнай удзельніцай ансамбля прадпрыемства “Чаравічкі”.

Вяселле ў народным стылі ў дзедавай хаце вельмі спадабалася не толькі больш сталым людзям, але і моладзі. На другі дзень святкавання, пераапрануўшыся ў джынсы, маладыя людзі з задавальненнем прадоўжылі адпачынак на прыродзе. “Такая ўтульнасць, прыгажосць у вас, што нават у горад вяртацца не хочацца”, – казалі сябры маладых. 



Самі маладыя муж і жонка таксама жывуць у Лідзе. Аляксандр працуе ў ТАА “Будвектар”, Даніэла – настаўніца сярэдняй школы №16. Але вясковая дзедава хата, ля якой яны зарэгістравалі свой шлюб, застанецца тым месцам, куды яны яшчэ не раз прыедуць з розных нагод. І калі ў сям’і народзяцца дзеткі, я ўпэўнена: бабуля Іра, бацькі пазнаёмяць іх з Ігнаткаўцамі. Бо калі радавая нітка моцная – яна не парвецца і з гадамі.




Текст: Людмила ПетрулевичЛюдмила Петрулевич
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться