«Уладар вялізных стэпаў Азіі, які знайшоў прытулак ля Лідзейкі». Тры гады ў нашым горадзе жыў нашчадак Чынгісхана, былы хан Белай, Сіняй і Залатой Арды Тахтамыш

20 Апреля 2022 1919

Наш горад Ліду за яго сямівекавую гісторыю наведвалі вялікія князі, каралі, імператары, камісары, маршалы, міністры. Некаторыя з іх жылі ў Лідзе тыдзень-другі, але ніхто з гэтых высокапастаўленых асоб не затрымліваўся ў нас больш за месяц. Затое цэлых тры гады, у 1396-1399 гадах, жыў у нашым горадзе нашчадак Чынгісхана, былы хан Белай, Сіняй і Залатой Арды Тахтамыш. Жыў ён са сваімі жонкамі, мурзамі і воінамі ў вялікай юрце на беразе Лідзейкі. Месца гэтае некалі называлі “Тахтамышаў двор”.

Летапісец Літоўскай і Жамойцкай хронікі аб пражыванні Тахтамыша ў Лідзе напісаў коратка: “…Такътомыш… утекл был до Витолта и мъшкал в Литве зо всъми уланы и мурзами своими на Лидъ”. Адам Кіркор у трэцім томе “Жывапіснай Расіі” ўказаў месца пражывання хана ў Лідзе: “Хан жыў у асобным доме, які захаваў надоўга назву Тахтамышава двара, дзе зараз парафіяльны дом рымска-каталіцкіх святароў”.

Аб хане Тахтамышы, аб тым, як ён трапіў у наш горад, аб яго сумесных справах з Вялікім князем літоўскім Вітаўтам, аб Тахтамышавым двары і аб Тахтамышавым кладзе – у сённяшнім выпуску нашага гістарычнага праекта, які, як і папярэднія, дапамог падрыхтаваць старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Валерый Васільевіч СЛІЎКІН.

Нашчадак Чынгісхана

Гісторыя хана Тахтамыша да таго, як ён быў выгнаны са Стэпу і знайшоў прытулак у Лідзе, наступная.

Нарадзіўся ў 1342 годзе на тэрыторыі сучаснага Казахстана. Адзін з нашчадкаў Тукай-Цімура, трынаццатага сына Джучы, які, у сваю чаргу, быў старэйшым сынам Чынгісхана. Бацька Тахтамыша, кіраўнік Мангышлака Туй-хаджа-аглан, быў пакараны смерцю па загадзе Урус-хана – хана Залатой Арды. Тахтамыш уцёк у Самарканд да легендарнага Тамерлана (Цімура) – эміра эміраў Маверанахра. Тамерлан даў яму прытулак і ў 1378 годзе пасадзіў на ханскі трон Белай Арды. Па праве атрымання ў спадчыну, як чынгізід, Тахтамыш аб’яднаў Белую і Сінюю Арду. Восенню 1380 года разграміў Мамая.

У 1382 годзе здзейсніў “Тахтамышава нашэсце” на Маскоўскае княства: узяў Маскоўскі Крэмль, спаліў Падмаскоўе. Толькі ў Маскве яго воіны выразалі 24 тысячы чалавек, мноства людзей павялі ў палон. Гэтае нашэсце знайшло адлюстраванне ў сумным народным сказанні “Аб Маскоўскім узяцці ад цара Тахтамыша і аб паланенні зямлі Рускай”. Тахтамыш вярнуў Вялікае Маскоўскае княства ў “абдымкі” Залатой Арды. Вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый Данскі вымушаны быў зноў (пасля перамогі ў Кулікоўскай бітве!) прызнаць залежнасць ад Арды і выплаціць татарам вялікую даніну.

За сем наступных гадоў Тахтамыш аднавіў адзіную дзяржаўнасць у Вялікай Ардзе.

«Сёння цар, а заўтра бягляк»

У 1389 годзе Тахтамыш уступіў у ваенны канфлікт з Тамерланам. У 1395 годзе ў бітве на берагах Церака, ля Жалезных варот, Тамерлан атрымаў перамогу над сваім пратэжэ. Гарады Арды былі знішчаны, Тахтамыш выгнаны са Стэпу, а на ханскі трон узведзены Цемір-Кутлуй – унук Урус-хана. Нізложанаму хану Тахтамышу даў прытулак тагачасны Вялікі князь літоўскі Вітаўт і вызначыў яму ў трыманне і пражытак Ліду.

Новы хан Залатой Арды Цемір-Кутлуй не мог спаць спакойна і патрабаваў ад Вітаўта, каб той выдаў яму беглага Тахтамыша: “Выдай мне цара беглага Тахтамыша, ён мой вораг, не магу заставацца ў спакоі, ведаючы, што ён жывы і ў цябе жыве, таму што зменлівае жыццё наша: сёння цар, а заўтра бягляк, сёння багаты, заўтра жабрак, сёння шмат сяброў, а заўтра ўсе ворагі. Я баюся сваіх, не тое што чужых, а цар Тахтамыш чужы мне і вораг мой, ды яшчэ злы вораг, так што выдай мне яго”. Вітаўт на гэта патрабаванне адказаў: “Цара Тахтамыша не выдам, а з Цемір-Кутлуем хачу пабачыцца сам”.

У Вялікага князя літоўскага былі свае грандыёзныя планы. Тахтамышу ён казаў: “Я цябе пасаджу ў Ардзе на царства, а ты мяне пасадзіш на вялікае княжанне ў Маскве”. Трэба адзначыць, што ў той час у Крамлі жыла ў шлюбе Вялікай княгіняй дачка Вітаўта Соф’я. Аднак была адна невялікая праблема: у Васіля Дзмітрыевіча і Соф’і Вітаўтаўны пакуль што не было нашчадка мужчынскага полу. А хан Залатой Арды меў права даваць ярлык – прызначаць на княжанне ў Маскве.

Удача распаляе амбіцыі

Спачатку агульныя справы Вялікага князя літоўскага і былога хана складваліся ўдала. У 1397 годзе яны схадзілі ў паход пад Азоў. Сабраўшы войска, Вітаўт прайшоў ля Кіева, перайшоў Дон і дайшоў “до замку Озова; там надошли татаре напередъ и положилися кошем. А гды дали поле Витолту раз и другой звычаем своим, за третым разом поразил их наголову, ногайских и заволжских татар и забрал все их користи, верблюды, бахматы, быдла, стада; а так их поразил на сто тысячей и болш”. З Азоўскага паходу Вітаўт прывёў некалькі тысяч палонных татараў і рассяліў іх па Літве. “Одну орду Витолт до Литвы припровадил, которую над Вакою рекою посадил, другую часть орды тои ж послал кролеви Ягейлу до Полши”.

Ваенная ўдача распаліла амбіцыі і ўяўленне Вялікага князя. У 1399 годзе Вітаўт прывёў у Стэп незлічонае войска, якое сучаснай мовай можна назваць інтэрнацыянальным: “литва, и поляне, и немцы, лахове, жамойт, татарове, волохове”, 500 рыцараў, 50 літвінскіх князёў, прывёз гарматы, пішчалі. Аднак на гэты раз удача адвярнулася ад Вялікага князя: у бітве 12 жніўня 1399 года на рацэ Ворскле Вітаўт і Тахтамыш пацярпелі сакрушальную паразу. З поля бітвы першым пабег Тахтамыш: за сваё жыццё ён неаднаразова цярпеў паразу і таму дакладна ведаў, калі трэба, як кажуць, рабіць ногі.

«І пачалі слабець нашы ад вялікасці іх войска…»

Вось як аб гэтай бітве напісана ў хроніцы Літоўскай і Жамойцкай: “…А гды пришол над Ворсклу, зараз обачили на полях татарских войск стоячих стънами Едига царя, вожа войск Тимиртиклуевых. Страх проникл през кости гуфов Витолтовых… А затым огромне скочили до себе з великим криком, труб слыхати храпливых голосы, бубны выдают голосы, кони ржут, “алла, алла” татаре кричать, а наши христиане и литва, шаблями и стрелбою ручничною биючи их, волают: “Господи помогай”. Татаре з луков безпрестанку также стръляють… Крик, гук отвсюль валяючихся як волнам морским для вътров бурачихся, кули стрелы, як дождь, свищучи, летят з обу сторон в полях як рой пчолный; кричат, шабли, мечи гримят, зброи от копий трещат. А в том наших огорнули татаре и почали слабъти наши от их великости войска… И так татаре збили все наше войско и распорошили, мало где кто сховался або ушол, и то пъхотою… А Витолт з Швидригайлом в малой дружинъ утекли, кони перемъняючи, до Литвы”.

Усё вялікае міжпляменнае воінства з арбалетамі, навамоднымі гарматамі і пішчалямі палегла на Ворскле. Рэшткі войска хан Цемір-Кутлуй загнаў да Дняпра, узяў з Кіева ў водкуп тры тысячы рублёў літоўскага срэбра і, паграміўшы Вялікае княства Літоўскае да самага Луцка, вярнуўся ў свае ўлусы.

«Цар Шадзібек забіў Тахтамыша ў Сібірскай зямлі»

Тахтамыш жа пасля паразы на Ворскле ў Ліду не вярнуўся – пайшоў у Стэп. Падпарадкаваў сабе якісьці ўлус на тэрыторыі сучаснай Цюмені. Паводле рускіх летапісаў, быў забіты ў 1406 годзе: “Цар Шадзібек забіў Тахтамыша ў Сібірскай зямлі”. Шадзібек – брат Цемір-Кутлуя, тагачасны хан Залатой Арды.

У Тахтамыша было восем сыноў і пяць дачок. Пецярых сыноў Тахтамыша Вітаўт саджаў на ханства ў Залатой Ардзе, але ні адзін з іх доўга на ханскім троне не пратрымаўся. Зелядзін Тахтамышавіч (ён жа Зеляні-Султан, Зедзі-Салтан, Джалал-эд-дзін) адзначыўся ў еўрапейскай гісторыі як камандуючы татарскай конніцай у Грунвальдскай бітве 15 ліпеня 1410 года. Менавіта татары Зелядзіна выразалі ў праследаванні найлепшых рыцараў Тэўтонскага ордэна, у тым ліку Вялікага магістра.

– Вось такі ён быў, Тахтамыш, – падагульняе Валерый Сліўкін, – нашчадак знакамітага мангольскага заваёўніка Чынгісхана, пераможца Мамая, хан Белай, Сіняй і Залатой Арды, на працягу пятнаццаці гадоў уладар вялізных стэпавых прастораў Азіі, асабісты сябар, а пасля асабісты вораг знакамітага азіяцкага заваёўніка Тамерлана, бацька героя Грунвальдскай бітвы Зелядзіна, адзін з найрадчайшых людзей XIV стагоддзя, які бачыў пустыні і паўпустыні Сярэдняй Азіі, Каўказскія горы, стэпы, лясы і вялікія рэкі Рускай раўніны. І гэты чалавек тры гады жыў у нашай Лідзе, недалёка ад замка, на правым беразе Лідзейкі.

Умацаванне Лідскага замка

Аднак вернемся да паразы на Ворскле, скажам некалькі слоў і аб Вялікім князі Вітаўце, аб Лідскім замку.

Як ужо адзначалася, Вітаўт і Свідрыгайла змаглі, мяняючы коней, уцячы ў Літву. Татары гналіся за імі некалькі сутак. 1399 год сакрушыў усе надзеі і амбіцыёзныя планы Вітаўта. Бяда здарылася і ў яго стрыечнага брата – караля Ягайлы: у яго памерла жонка, каралева польская Ядвіга. Абодва браты аказаліся ля разбітага і пустога карыта.

У той год рэзка ўзрасло значэнне Лідскага замка: замак закрываў дарогу на поўдзень, адкуль маглі з’явіцца татары. Вітаўт, не адкладваючы справу ў доўгую скрыню, прыступіў да ўмацавання Лідскага замка. У 1402-1405 гадах была ўзведзена паўночна-ўсходняя вежа (вежа Вітаўта), павялічана вышыня муроў, перабудавана баявая галерэя, зроблены байніцы, закрыты паўднёвы і паўночны праезды, з паўночнага боку выкапаны роў, ва ўсходнім муры прабіты праём, аформлены малы ўсходні ўваход, які быў умацаваны жалезнымі варотамі і ўзмоцнены з боку двара падковападобным каменным тамбурам. Даліна ракі Лідзейкі была перагароджана дамбай. Узнік вялізны стаў, які затапіў з поўдня прызамкавую тэрыторыю. Лідскі замак набыў астраўное становішча. У яго можна было трапіць толькі на лодцы, праз адзіны ўваход – усходні.

Тахтамышаў двор, ён жа Дэканка

Варта крыху расказаць і аб Тахтамышавым двары – месцы ў Лідзе, дзе пражываў беглы хан.

У пачатку XV стагоддзя Тахтамышаў двор быў затоплены водамі замкавага става. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя мясцовасць атрымала назву Дэканка – ад слова “дэкан”. Тут быў пабудаваны дом для лідскіх дэканаў. Адрэзак ракі Лідзейкі ў гэтым месцы называлі Лідзейкай Дэканскай і нават Дэканкай. Мост цераз Лідзейку Дэканскую быў пабудаваны для невялікага вадзянога млына, які ў 1870 годзе стаў уласнасцю саборнай царквы.

У 1893 годзе млын быў перададзены лідскаму яўрэю Давіду Мардуховічу. Пасля Першай сусветнай вайны вадзяны млын знік, застаўся мост. Вуліцу, якая вяла на мост, называлі Дэканка, за мостам жа вуліца станавілася Дзёрзкай (Ліхой). Пазней вуліца Дэканка была названа Касцельнай.

– У пачатку 1950-х гадоў, – усмпамінае Валерый Васільевіч, – з цэнтра горада ў Зарэчча і Паўднёвы гарадок хадзілі дзвюма дарогамі: звычайнай па вуліцы Калініна і кароткай, але рызыкоўнай – праз паўразбураны мост на Дэканцы. Дом дэкана знаходзіўся за невялікім ставам і быў, наколькі я памятаю, блакітнага колеру. Пасля пераходу праз мост вузкая сцежачка ішла праз зараснікі высокага кустоўя, некалькі разоў раздвойвалася, адна са сцежак выводзіла да перакрыжавання вуліц Калініна і Лётнай. Зімой хадзіць гэтай дарогай было небяспечна: мост быў абледзянелы – цяжка было не паслізнуцца, а ідучы па свежым снезе, можна было збіцца са сцежкі. Калі палі згнілі – мост абрушыўся, кароткі шлях у Зарэчча знік.

У цяперашні час былая Дэканка, былы Тахтамышаў двор – гэта ціхі куток у трохвугольніку паміж вуліцамі Грунвальдскай, Ленінскай і ракой Лідзейкай.

Да пытання аб кладзе Тахтамыша

І ў завяршэнне мы пацікавіліся ў Валерыя Васільевіча, ці мае пад сабой доказны фундамент байка аб кладзе Тахтамыша, які хан быццам бы схаваў у Лідзе.

– Пад кожнай такой байкай хаваецца чутка, падазрэнне, здагадка, думка, – разважае Валерый Сліўкін. – Тахтамыш са сваім найбліжэйшым акружэннем жыў у Лідзе. Ці быў пры ім залаты сямейны запас? Безумоўна, быў. А вось на пытанне, ці схаваў ён частку сямейнага дабра ў Лідзе, адказу няма.

Я дзесяць гадоў працаваў у Казахстане, спачатку ў Казахскім універсітэце, затым са сваімі выпускнікамі перайшоў у Каратаускую залатарудную экспедыцыю, у якой кіраваў пошукам і разведкай залатых россыпаў у гарах Каратау. Былі адкрыты залатыя россыпы ў далінах рэк Тарузен, Кенузен, Алтынтаўсай і Кумысты. На рацэ Алтынтаўсай пры разведцы са здзіўленнем знайшлі шматлікія старажытныя выпрацоўкі, якія паказалі, што ў старажытныя часы (3-4 тысячы гадоў назад) гэтыя россыпы золата адпрацоўваліся. Старажытныя выпрацоўкі там называюць чудскімі, іх пакінуў народ па імені чудзь.

У тыя гады я неаднаразова прысутнічаў на мерапрыемствах, на якія жанчыны-казашкі надзявалі свае ўпрыгажэнні – такія накідкі з мноствам старажытных залатых манет, вырабаў з каштоўнымі камянямі, у некалькі радоў, некаторыя з іх важылі некалькі кілаграмаў. Тады мяне здзівіла не гэтая залатая пышнасць, а думка: дзе гэтую пышнасць яны хавалі на працягу стагоддзяў? Жылі казахі заўсёды ў юртах – разборных дамах, перамяшчаліся штогод з поўдня на поўнач і назад па бясконцых адкрытых, бязлесых прасторах. Там і схавацца няма дзе.

– З гэтых маіх успамінаў вынікае наступнае, – падагульняе свае разважанні Валерый Васільевіч. – Па-першае, у Тахтамыша, напэўна, было шмат залатога дабра, ён нават уласную залатую манету чаканіў. Па-другое, гэтае дабро ўмелі вельмі добра хаваць. Да гэтай пары шукаюць золата Чынгісхана.

Ціхімі начамі ў Лідзе (Урывак з паэмы “Тахтамыш”)

 …Вось каля Лідзейкі юрта

Тахтамышава стаіць.

Воінаў і коней гурты

бачаць з замкавых байніц.

Не ідзе вайна-грымота

з чынгізідавых мазгоў!

Ад бяздзейнасці дрымота

цела хутае яго.

Галаву нагнуў, як цурку.

Сон зліпае дзіркі воч.

На зямлю, на край, на юрту

апускае крылы ноч.

Маладзік з-за хмаркі выйдзе –

і пасерабрыць кастэль.

Ціхімі начамі ў Лідзе

Тахтамышу сніцца Стэп.

 


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться