Жніво – гэта не толькі камбайн у полі, але і карпатлівая работа механізатараў па яго падрыхтоўцы і наладцы

03 Августа 2022 2084
Сапраўды, жніво – гэта не толькі камбайны ў полі, але і карпатлівая работа механізатараў па папярэдняй іх падрыхтоўцы і бягучай наладцы, а таксама сушка сабранага ў полі зерня для далейшай яго перадачы на перапрацоўчыя прадпрыемствы. 

 Вынік цяжкай працы земляробаў часта залежыць ад кліматычных умоў. На Лідчыне ў нядзелю і панядзелак ішлі даволі працяглыя і моцныя дажджы, што, канешне, перашкаджала збіраць з палёў паспелае зерне. Таму ў першы дзень тыдня карэспандэнты “ЛідаМедыяКампаніі” вырашылі зазірнуць у рамонтна-механічныя майстэрні філіяла “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт”, каб на свае вочы ўбачыць, што там робіцца ў непагадзь.

 На падворку майстэрняў нас добразычліва сустрэў Дзмітрый Бураў, галоўны інжынер “Дзітвы”:

 – Дзякуючы таму, што сёлета гаспадарка купіла два новыя камбайны, іх, разам з тымі, што былі, якраз хапае па колькасці, каб правесці ўборку хутка і якасна. Хапае і каму працаваць на іх. Канешне,  незалежна ад надвор’я, падчас уборкі ўраджаю мы не адпачываем. Калі суха – жнём у полі, калі дождж – у кожнага механізатара знойдзецца што падцягнуць ці адрэгуляваць у замацаванай за ім тэхніцы. Шчыра кажучы, асноўную работу зрабілі яшчэ ў нядзелю – засталіся толькі нейкія дробныя клопаты. У гэту пару выхадных не бывае: здарыцца раптам у панядзелак сонца – тады адразу ў поле, – расказвае Дзмітрый Эдуардавіч, пакуль ідзём да бліжэйшага камбайна, каля якога завіхаецца Генадзь Гінцэвіч.

 Падчас гутаркі Генадзь Генрыхавіч паведаміў нам, што сёлетняе жніво ў яго пятнаццатае, таму вопыт дазваляе працаваць якасна, нават нягледзячы на тое, што ён працуе на камбайне, якому мінула 13 год. Машына па-ранейшаму служыць выдатна. Галоўны сакрэт гэтага – якасная падрыхтоўка яе напярэдадні ўборачнай кампаніі. Потым застаецца толькі па-гаспадарску да яе адносіцца і своечасова праводзіць бягучую наладку. 

 – Адзін працуеце ці з памочнікам? – пытаемся.

 – Пакуль адзін. Чакаю маладое папаўненне. Тады кагосьці размяркуюць да мяне ў экіпаж. Буду перадаваць свой вопыт, на практыцы паказваць што да чаго.

 – А як прыйшлі ў гэту прафесію?

 – У прамым сэнсе слова – з маленства. Тата некалі таксама працаваў на камбайне. Мама рыхтавала яму абед, а я заносіў яго ў поле. Там, падчас перапынку, прыходзілася нешта рамантаваць, і мяне прасілі падаць ключ або нейкую дэтальку, пазней самому давяралі нешта падкруціць. Так і навучыўся гэтай справе. Зараз, калі ў госці прыязджаюць унукі і бачаць мае рукі, якія цяжка адмыць дабяла, тлумачу ім, які сапраўдны кошт кожнага кавалачка хлеба…

 Пажадаўшы Генадзю Генрыхавічу поспехаў у працы і добрага надвор’я і рушыўшы назад да рэдакцыйнай машыны, мы не змаглі прайсці міма зернесушыльнага комплексу, які таксама працуе ў любое надвор’е. Тут мы пазнаёміліся з яго загадчыкам Віктарам Раманоўскім, які паведаміў нам, што зараз тут сушаць рапс, які паспелі сабраць, пакуль не было дажджу; крыху раней сушылі азімы ячмень. Колькасць высушанага за суткі зерня залежыць ад яго вільготнасці: меншая – хутчэй сохне, большая – марудней. У сярэднім – каля 120 тон. 

 Далей на гэтым тыдні сіноптыкі абяцаюць спрыяльнае для жніва надвор’е. Спадзяёмся, што яно будзе дастаткова працяглым і дазволіць сабраць вырашчаны ўраджай без страт. А мы і надалей будзем вам расказваць пра тых людзей, чые рукі пахнуць хлебам, нават калі яны ў мазуце…

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться