Калі да зямлі – з душой. У Лідскім раёне дадзены старт уборцы збожжавых культур

30 Июля 2021 2357
У раёне дадзены старт уборцы збожжавых культур. Гаспадаркі Лідчыны, карыстаючыся добрым надвор'ем, імкнуцца хутчэй сабраць усё, што вырасла на палях. Актыўна вядзецца ўборачная кампанія ў КСУП “Ёдкі-Агра”, ЛРСУП “Мажэйкава”, КСУП “Ваверка-Агра”, КСУП “Беліца-Агра”, філіяле “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт”. Добрымі тэмпамі вядзецца жніво ў КСУП “Пескаўцы”, ЛРСУП “Саўгас  “Лідскі” і КСУП “Ходараўцы-Агра”.  

Жніво для ўсіх хлебаробаў – экзамен на трываласць і вытрымку. І ёсць упэўненасць у тым, што хлебаробы, як і ў мінулыя гады, здадуць яго на выдатна.

Сёлета ўборачная кампанія ў філіяле “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт” стартавала 17 ліпеня. Аграрыі пачалі зжынаць азімы рапс і паралельна яравы ячмень. Усяго ж трэба будзе ўбраць 2150 гектараў збожжавых і зернебабовых культур і 490 гектараў азімага рапсу. На жніве задзейнічаны ўсе адзінкі тэхнікі. На калектыў можна спадзявацца. Усе людзі вопытныя і не першы год удзельнічаюць ва ўборцы. А гэта сур'ёзная дапамога гаспадарцы. 

Не праходзіць і гадзіны, а вадзіцелі велікагрузных МАЗаў па меры напаўнення бункераў камбайнаў збожжам накіроўваюць аўтамабілі да кожнага з іх. Некалькі хвілін – і паток залатой масы ўжо ў кузавах машын. Потым дарогі вадзіцеляў і экіпажаў часова разыходзяцца: адны імчаць на зернясклад – да вагаў і сушыльных комплексаў, другія далей працуюць у полі. https://bracuniversitybd.info

Генрых Гінцэвіч (на здымку вышэй) 15 гадоў удзельнічае ў летняй уборцы ўраджаю. Пачынаў калісьці на «Лідзе-1300». Цяпер ездзіць на камбайне «Палессе». Увесь гэты час машына працуе як гадзіннік. Камбайнер запэўнівае: часткова гэта яго заслуга. Паломак не здаралася, а значыць, падрыхтоўка тэхнікі ў канцы мінулага сезона вялася з належнымі стараннасцю і ўвагай. Але нават гэты аргумент не дае дастатковай упэўненасці ў тым, што так і будзе. Кожны дзень, кіруючы складанай машынай, ён увесь час прыслухоўваецца да працы матора, праглядае ўсе датчыкі, сочыць за паказаннямі камп’ютара. Добрасумленны, працавіты, адказны – сапраўдны герой жніва.

– Так, горача, пыльна, але я да зямлі – з душой, – адзначыў камбайнер. – Такую любоў можна ўвабраць толькі калі нарадзіўся ў вёсцы. Бацька мой таксама працаваў на камбайне ў гэтай гаспадарцы. Памятаю, маці збярэ клуначак (абед у поле), і да вечара мы яго не бачым. Я таксама вырашыў пайсці па яго слядах. І калі прыходзіць час уборачнай, заўсёды хвалююся, а душа радуецца. Залатая ніва паспела!

Настроены на рэкорд

Пасля службы ў арміі прыйшоў у гаспадарку вадзіцель Яўген Кравель. Летась малады чалавек ужо прымаў віншаванні ад прафсаюза АПК за важкія вынікі ва ўборачнай кампаніі. Цяперашняя гарачая пара не выключэнне: імкненне стаць пераможцам спаборніцтва ёсць.

– Так, машына не новая, – кажа Яўген. – Але нават у гэтым моманце трэба шукаць станоўчы бок. У мінулым годзе, напрыклад, яна не падвяла, таму што сам рамантаваў і ведаю ўсе яе слабыя месцы.

Малады чалавек працы не баіцца. Калі патрабуецца, то можа часова кіраваць іншай машынай, ды і падмяніць таварышаў па шафёрскай працы таксама заўсёды гатовы. Ён адказна і сур'ёзна падыходзіць да эксплуатацыі машыны, ясна разумеючы, што ад працы адной адзінкі тэхнікі можа залежаць вынік усяго калектыву.

Чацвёртая ўборачная і новыя выпрабаванні гарачым надвор'ем. І што дзіўна, хоць напаўняльнасць кузава ЗІЛа Яўгена Кравеля – усяго пяць тон, рэкорды, упэўнены ён сам, абавязкова будуць.

Застаўся на гады

За штурвалам камбайна працуе адзін з найлепшых механізатараў сельгаспрадпрыемства Валерый Шынкевіч. Спрытна і ўмела вядзе ён свой «карабель» па залатым моры поля. Прыйшоў пасля службы ў арміі і таксама застаўся ў гаспадарцы. Першыя дзесяць гадоў працаваў на трактары. А затым вырашыў вывучыцца на камбайнера. Дапамаглі старэйшыя калегі. У выніку ў гэтым сезоне на камбайне КЗС-1218 упершыню выйшаў убіраць новы ўраджай збожжа.

– Машына выходзіць у поле пяты сезон, надзейная. У спякоту працаваць на ёй можна. На рэкорды пакуль не замахваюся – як атрымаецца. 

З размовы з Валерыем Шынкевічам адразу стала зразумела, што гэты чалавек вельмі любіць сваю справу, якой займаецца ўсё жыццё, і зямлю, на якой нарадзіўся, вырас, працуе і якая дзякуе за працу шчодрымі ўраджаямі.

Малады і працавіты

Ідзе самы разгар жніва. У гэты перыяд на палях і ва ўрочышчах працуе мноства людзей, праца кожнага з якіх па-свойму важная. Аднак асаблівае месца сярод працаўнікоў заўсёды займае моладзь.

Яраслаў Вашкінэль прыйшоў у гаспадарку адразу пасля заканчэння ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва. Вучыўся на механізатара. А ў гаспадарцы адразу прапанавалі паспрабаваць сілы ў ролі памочніка камбайнера.

– Хлопец сціплы, ініцыятыўны, працавіты, – апавядае пра свайго напарніка камбайнер Генрых Гінцэвіч. – Працы не баіцца. Заўсёды выконвае ўсе даручэнні. І, што немалаважна, задае пытанні. Значыць, яму цікава.

Сам малады спецыяліст расказаў, што прыязджае на працу з Ліды. У поле экіпаж выязджае, як толькі спадзе раса, таму ў майстэрню ён прыходзіць раніцай. Бо перш чым машына выйдзе на залатую ніву, трэба ачысціць бункер, прадзьмуць фільтры, ліквідаваць дробныя паломкі (калі такія маюцца), падкруціць усе важныя дэталі.

У гаспадарцы да Яраслава пакуль прыглядаюцца, але ёсць упэўненасць, што малады спецыяліст дасягне высокіх вынікаў, рэалізуе сябе ў прафесіі і абавязкова зможа стаць добрай зменай тым, хто на працягу многіх гадоў шчыруе на хлебнай ніве.
Як не падсілкавацца!

Дадзены старт уборачнай кампаніі, а значыць, трэба не толькі арганізаваць працу людзей, але і добра іх накарміць. У сувязі з чым актыўна працуюць сельскія сталовыя. У кожнай – вараць, тушаць, смажаць, каб штодня гарачыя абеды адпраўляліся ў палі.

У дзевяць гадзін раніцы пачынае свой маршрут па сельскіх дарогах сталовая на колах ААТ «Лідахлебапрадукт». Раздатчыца абедаў Наталля Комінч спяшаецца накарміць працаўнікоў гаспадаркі. Наведаць 10-15 палёў у дзень для яе норма. Галоўнае – каб ежа заўсёды была гарачай, сытнай, смачнай.

Абед хлебаробаў сёння бедным не назавеш. У дзень, калі давялося пабываць у полі, аграрыі за абедзве шчакі апляталі на першае расольнік, на другое – грэчку з падлівай, катлету «Папараць-кветка», смажаную кілбаску (заўважце, гэта не на выбар!), а на закуску – кісель і булачку. Абедаюць хлебаробы непадалёк ад уласнай тэхнікі, седзячы ўсёй кампаніяй у цені адной з машын.

– Кормім ужо больш за тыдзень, – адзначыла Наталля. – Камбайнеры і вадзіцелі любяць смачна паесці.
 
Паабедаўшы, хлебаробы шчыра дзякавалі работніцы сталовай за смачны абед. Здавалася б, адно слова «дзякуй» і добразычлівая ўсмешка. Але ці не гэта найвышэйшая падзяка кухарам?

З клопатам аб людзях

Старшыня Лідскага раённага аб'яднання «Белая Русь» Генадзь Уладыка яшчэ ў пачатку ўборачнай кампаніі адзначыў, што праца хлебароба вельмі нялёгкая і важна падтрымаць людзей, якія ўбіраюць ураджай у палях. Генадзем Анатольевічам была ініцыяваная пакупка спецыяльных тэрмасумак, каб камбайнеры ва ўмовах спякоты заўсёды мелі пры сабе астуджаную ваду.

Падтрымалі ініцыятыву іншыя грамадскія аб'яднанні раёна. У прыватнасці, пяць тэрмасумак аграрыям у поле прывёз старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Віктар Міранцоў. Ён уручыў іх кіраўніку філіяла «Дзітва» ААТ «Лідахлебапрадукт» Ігару Волчаку. 

– Для вас, працаўнікоў вёскі, уборка збожжавых культур з'яўляецца адным з самых адказных і напружаных відаў работ, – адзначыў Віктар Канстанцінавіч. – Ад усёй душы хачу пажадаць, каб спраўна працавала тэхніка, каб надвор'е не замінала жніву. Хай вам заўсёды спадарожнічае поспех. У добры час, хлебаробы!

Мовай лічбаў

У Лідскім раёне збожжавымі і зернебабовымі культурамі занята 17266 гектараў. Пад азімую пшаніцу адведзена 3258 гектараў, пад азімую трыцікале – 3056, пад азімае жыта – 3743, пад яравы ячмень – 3037, пад азімы ячмень – 659 (ён ужо ўбраны), пад авёс – 850, пад зернебабовыя – 694 гектары плошчаў. Па стане на 25 ліпеня ўбрана 2725 га (а гэта 15% плошчаў ад агульнага плана, бо ўборачная кампанія толькі набірае тэмп). Намалочана 7227 тон збожжа новага ўраджаю.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться