Сабрала поле спелае, поле жытнёвае. У КСУП «Пескаўцы» адбыліся навучальны семінар і раённае свята «Зажынкі»

16 Июля 2021 2843

У цяперашнім летнім сезоне працаўнікам гаспадаркі трэба будзе ўбраць 1750 га (а па ўсіх гаспадарках – 17866 га) плошчаў, адведзеных пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. І ўжо ў гэтую пятніцу тэхніка выйшла ў поле. На рахунку ў працаўнікоў вёскі кожная хвіліна. Нездарма ў народзе гаворыцца: «Летні дзень год корміць».

Перш за ўсё веды!

Папярэднічала пачатку ўборкі хлябоў выстава новенькай сельгастэхнікі ў мехмайстэрнях гаспадаркі ў аграгарадку Лайкаўшчына. На месцы перад кіраўнікамі, інжынерамі, эканамістамі, работнікамі васьмі гаспадарак Лідчыны быў праведзены навучальны семінар. Аб уборцы хлеба і азімай сяўбе расказаў госць нашага краю – дырэктар Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Якаў Яроцкі.

Перш за усё спецыяліст заўважыў, што, як бы далёка сёння тэхналогіі ні пайшлі наперад, у нашых прыродна-кліматычных і глебавых умовах без умення збіраць і садзіць ураджай не абысціся. Мала вырасціць – трэба яшчэ якасна яго сабраць. Па гэтай прычыне галоўнае пытанне ў парадку дня – тэхналагічнае і эксплуатацыйнае рэгуляванне збожжаўборачных камбайнаў.

Пераходзячы ад аднаго агрэгата да другога, вучоны падрабязна і грунтоўна тлумачыў асноўныя недахопы, якія сустракаюцца ў працы машын, і тут жа даваў парады па іх рэгуляванні і наладцы для дасягнення станоўчага выніку. На семінары быў паказаны тэхнічны, тэхналагічны, супрацьпажарны інструмент, якім трэба карыстацца ў час уборачнай кампаніі, паказана, як павінны быць экіпіраваны механізатар і яго памочнік, каб спрацаваць якасна.





Хорам спяваць – ніву праслаўляць

Ва ўсе часы жніво падводзіла вынік шматдзённай працы селяніна. Да пачатку летняй гарачай пары рыхтаваліся, як да вялікага свята: гаспадыня мыла дом, гаспадар прыбіраў надворак, гумно. Стол засцілалі белым абрусам. А затым хадзілі аглядаць свае нівы: ці паспеў колас, ці пара жаць? У некаторых месцах праводзілі спецыяльны абрад. І сёння гэтая традыцыя мае працяг.

На ўчастку поля з азімым ячменем сабраліся спецыялісты і работнікі КСУП “Пескаўцы”, артысты, жыхары навакольных вёсак, госці. Падаспелі экіпажы камбайнаў і шматтонныя МАЗы. Тэхніка гатовая да чарговага іспыту – жніва-2021. Тэатралізаванае прадстаўленне пачалося са старадаўняга абраду: жанчыны, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, сярпамі зрэзалі налітыя каласы, а потым, сабраўшы іх у сноп, прагаварылі замову на добры ўраджай. Песнямі гасцей цешылі народны ансамбль народнай музыкі «Гудскі гармонік», артысты Ганчарскага Дома культуры і гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.


(Старшыня Лідскага раённага аб'яднання «Белая Русь» Генадзь Уладыка выступіў з ініцыятывай набыць для ўдзельнікаў жніва-2021 ізаляцыйныя сумкі. Сюрпрыз спадабаўся хлебаробам)

  

– Песні, якія сёння прагучалі ў полі, надаюць абраду асаблівую таямнічасць, – адзначыла дырэктар Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Троцкая. – І тое, што сёння мы беражліва захоўваем традыцыі і звычаі нашых продкаў, асабліва значна. Зажынкам ва ўсе часы надавалася важнае значэнне. У народзе казалі, што гэта свята – свайго роду рубеж: лета да гэтага часу «даспявае», гарачыя дні ідуць на змяншэнне, ночы паступова халадзеюць.

Усё дзейства суправаджалася народнымі песнямі. Затым начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага райвыканкама Вользе Наройчык быў уручаны першы сноп новага ўраджаю.

– Настаў самы адказны момант у нашай працы – уборка збожжа, – звярнулася да прысутных на свяце хлебаробаў Вольга Анатольеўна. – Мы доўга да яго ішлі, рыхтаваліся. Кожны з нас уклаў часцінку сваёй душы ў той ураджай, які маем сёння. І цяпер агульнымі намаганнямі мы павінны яго сабраць, не страціўшы ніводнага зярнятка. У добры шлях усім!

Спакон вякоў так павялося, што, не атрымаўшы Божага благаславення, ніхто жаць не выходзіў. Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, што знаходзіцца ў вёсцы Збляны, айцец Георгій прачытаў малітву, акрапіў святой вадой удзельнікаў уборачнай кампаніі і тэхніку.

Права першымі прыступіць да жніва было дадзена аднаму з найлепшых работнікаў гаспадаркі Івану Руткоўскаму і яго напарніку Аляксандру Барташэвічу. На сваім камбайне яны ўзначалілі калону тэхнікі. Машыны рушылі ў поле, напаўняючы бункеры залатым зернем новага ўраджаю. Зусім хутка ў гаспадарцы пачнуць адзначаць першых тысячнікаў. Застаецца толькі пажадаць добрых намалотаў і здароўя тым, хто абраў для сябе гэтую нялёгкую і вельмі патрэбную прафесію – хлебароба.

Дарэчы, у гэтым сезоне аграрыі КСУП «Пескаўцы» спадзяюцца сабраць добры ўраджай. 

– Лідскі раён не раз звяртаўся да нас з просьбай аб правядзенні семінара-вучобы. Значыць, людзі хочуць працаваць на выдатна. І гэта радуе. Дыялог атрымаўся канструктыўным, – у канцы сустрэчы адзначыў Якаў Яроцкі. – Упэўнены, што лідскія хлебаробы будуць задаволены вынікам сваёй працы.














Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться