Ліда на старых выявах. Рыначная плошча (фота)

10 Июня 2013 6816

Працягваем цыкл публікацый пад назвай “Ліда на старых выявах”. Падрыхтаваў іх Леанід Лаўрэш, аўтар кнігі “Ліда на старых паштоўках...” Асноўныя крыніцы цыкла – старыя паштоўкі з выявамі горада. Прапануем увазе чытача наступную падборку, звязаную са старажытным цэнтрам горада – рыначнай плошчай.

Рыначная плошча – старажытнае сэрца горада, археолагі кажуць, што археалагічны культурны слой тут дасягае 2 метраў. На гэтым месцы спрадвеку ішоў гандаль, гандлёвым днём быў панядзелак. Менавіта тут стаяла ратуша – будынак, у якім размяшчаліся органы гарадскога самакіравання. 

Справа ў тым, што, як і ўсе еўрапейскія гарады, Ліда мела самакіраванне, карысталася Магдэбургскім правам, якое атрымала 17 верасня 1590 г. Кароль Станіслаў-Аўгуст прывілеем 1788 г. дараваў гораду пляц зямлі для пабудовы на ім ратушы. Будынак гэты, пабудаваны ў XVIII ст., стаяў на рыначнай плошчы і быў упрыгожаны порцікам з калонамі. Пры ім існавала старадаўняя драўляная пабудова ў гатычным стылі. Сам будынак у XIX ст. служыў вайсковай гаўптвахтай, а прыбудова – адрынай у пажарных. Вялікі пажар 1891 г. сярод іншага знішчыў і будынак былой Лідскай ратушы (у гэтым пажары цалкам згарэла ўся цэнтральная частка горада: 400 жылых дамоў і да 600 халодных пабудоў). Зараз беларускія гарады аднаўляюць свае былыя ратушы, напрыклад, зноў адбудаваны ратушы у Мінску, Магілёве, Мсціслаўлі. Добра было б аднавіць будынак ратушы і ў нашым горадзе.

Уяўленне пра рыначную плошчу і яе ваколіцы ў XIX ст. даюць успаміны былога жыхара горада Януша Сегеня: “Рынак... за аптэкай злучаецца з вуліцай Віленскай. Аптэка была ў доме пана Пясецкага, дом мураваны, двухпавярховы. На тым кавалку рынку, які прылягаў да вуліцы Віленскай, быў адгароджаны невялікі пляц, а на ім невялікі дом для варты – «каравульны будынак». Перад ім, пры самай вуліцы, стаялі паходная вайсковая каса і палкавы сцяг. Гэта пляцоўка была брукаваная і ўтрымоўвалася вельмі чыстай...

Насупраць плошчы, каля рынку, па левым баку вуліцы былі пляц і драўляны, але вельмі прыгожы дом, вялікі падворак у кветках і ружах, быў там таксама і сапраўдны, жывы, нават ненавязаны воўк, пострах для ўсіх дзяцей... Быў гэта дом пана Будкевіча, маршалка дваранскай апекі”.

У 1920–30-я гады на рыначнай плошчы было шмат самых розных крам, тут віраваў гандаль. Цэнтр горада разам з рыначнай плошчай цалкам згарэў 22 чэрвеня 1941 г. 

***

Ліда мае даволi незвычайнае тапаграфiчнае размяшчэнне. Асноўны, гiстарычны, раён займае невысокую пляцоўку памiж балоцiстымi рэчышчамi невялiкiх рачулак Лiдзеi i Каменкi, у той час як гарады ўзнiкалi большай часткай на ўзвышшах. М. Шымялевіч пісаў, што, па сведчанні дакументаў XVII ст., г. Ліда ў старажытнасці складаўся з замка, двара, уласна горада, прадмесця Зарэчча (зараз р-н вул. Калініна). Замак быў акружаны з трох бакоў вадою р. Лідзеі і раўчука Каменкі, а з чацвёртага боку – глыбокім ровам, цераз які быў перакінуты пад'ёмны мост. Замак быў дзяржаўнай уласнасцю, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовай шляхтай і служыў для розных мэт, а менавіта: сховішчам для навакольных жыхароў пры з'яўленні непрыяцеля, складам зброі, месцам для паседжання судоў і збору павятовых соймікаў, турмой і т. п. У 1568 г. лідская шляхта прасіла караля Жыгімонта Аўгуста, «абы суды земские в оном повете Лидском отправованы были в замку, а не по корчмам на месте». Кароль задаволіў гэтую просьбу паводле Статуту, і з тых часоў да найпозняга часу паседжанні земскага суда (земскі суд – шляхецкі саслоўны суд у павеце, разгляду ў земскім судзе падлягалі крымінальныя справы шляхты) адбываліся ў замку. Яшчэ ў канцы XVIII ст. у развалінах адной з вежаў замка былі бачныя сляды паседжанняў. Двор, або замкавы фальварак, яшчэ ў XVII ст. быў размешчаны за замкам, над раўчуком Каменкай, г. зн. на тым самым месцы, дзе потым быў раён горада, які называўся Ферма (ад замка на поўнач). Інвентар 1680 г. згадвае млын, які належаў да Лідскага замкавага фальварка і быў размешчаны на р. Лідзеі.

Сам горад быў размешчаны толькі ў адзін бок ад замка. Па асобных актах XVII ст. горад меў рынак і каля яго школьны двор, а таксама чатыры вуліцы. У XV-XVII стст. у Лідзе сфарміравалася тыповая для беларускіх гарадоў планіровачная структура з двума цэнтрамі: замак i рыначная плошча з ратушай, злучаныя вуліцай. Вуліца, якая ішла каля замка, звалася Замкавай. Другая вуліца, якая выходзіла на дарогу ў Вільню, звалася Віленскай (зараз – Савецкая). Трэцяя вуліца, якая пачыналася ад Замкавай і выходзіла на дарогу ў м. Васілішкі і Астрыну, ад назвы раўчука Каменкі звалася Каменскай (зараз – Ленінская). Чацвёртая вуліца – Крывая (не захавалася) – злучала рынак з вуліцай Каменскай. Працяг вуліцы Крывой ад Каменскай да замка, уладкаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, зваўся да найноўшага часу Нова-Кармеліцкай вуліцай.

Уся зямля, цяпер занятая горадам, першапачаткова складала ўласнасць вялікага князя і належала да Лідскага замкавага двара або фальварка; але пачынаючы з XVI ст. некаторыя часткі гэтага абшару пераходзяць у прыватную ўласнасць. Так, напрыклад, у 1566 г. Павел Рошчым атрымаў ад караля Жыгімонта-Аўгуста прывілей на два пляцы ў Лідзе, у 1589 г. Аляхновічу было дадзена пацверджанне на куплю ім таксама двух пляцаў у Лідзе, у 1591 г. Рафаіл Алешыс Згірскі атрымаў прывілей на адзін пляц і г. д. Раздача пляцаў адбывалася і ў больш позні час. Так, напрыклад, да 1785 г. кароль Станіслаў Аўгуст выдаў прывілей Паўлу і Ганне Канапніцкім на пляц па Замкавай вуліцы, а ў 1787 г. там жа – Яну Ромеру. Такім чынам у горадзе ўтварыліся цэлыя асобныя кварталы, якія належалі ў XVII-XVIII стст. Куроўскім, Францкевічам, Радзімінскім, Калясінскім і інш. і аддаваліся імі яўрэям і мяшчанам на правах вечнага чыншу (арэнды).

Рыначная плошча на пачатку XX ст.

01-1

02-1

03-1

Рыначная плошча на пачатку XX ст., бачна гарадская сінагога, якая стаяла недалёка ад сучаснай вуліцы Кірава

04-1

Паўночны кут рыначнай плошчы і сінагога

05-1

Мясны павільён, месціўся бліжэй да вул. Віленскай (Савецкай)

06-1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться