«Уся справа ў капелюшы!» – сцвярджалі сёння ў Ёдках

11 Ноября 2017 4083

Капелюшы і капелюшыкі: жаночыя і мужчынскія, шыракаполыя і мініяцюрныя, саламяныя і фетравыя – служылі калісьці і сёння служаць дзеля самых розных мэтаў: прыцягнуць увагу, выклікаць цікавасць, падкрэсліць індывідуальнасць, стыль... А што ведаем аб капелюшах мы?.. Адказ на гэтае пытанне можна было адшукаць на ёдкаўскім свяце капелюша, у назву якога быў пакладзены ўсім вядомы, з філасофскім падтэкстам, афарызм – “Уся справа ў капелюшы”.

Хаця сучасная мода і дыктуе шмат варыянтаў галаўных убораў: кепкі, берэты, шапкі, – не звярнуць увагу і не задумацца аб капелюшы ў сваім гардэробе наведвальнікам Ёдкаўскага Дома культуры было немагчыма. Тым больш, што свята адкрывалася выставай (якую арганізатары нездарма прыгожа назвалі вернісажам) капелюшоў. Былі тут сапраўдныя шляпы элегантных дам і джэнтльменаў (прадстаўленыя на свята з тэатральнай касцюмернай Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра) і шляпкі, вырабленыя ўласнымі рукамі ўдзельнікамі гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Аксаміт” Ёдкаўскага Дома культуры. Іх можна было прымераць, палюбавацца сабой у люстэрка і – задумацца, а чаму б і не?.. Тым больш, самы час насіць капялюш. А каб яшчэ больш зацікавіць наведвальнікаў, вядучыя свята: мастацкі кіраўнік і культарганізатар Кацярына Каспорская і Алеся Ярунічава – правялі экскурс у гісторыю і сучаснасць капелюша.

У глядацкай зале юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Ёдкаўскага Дома культуры Венера Жвірко і Аляксандра Іванова прадставілі на суд гледачоў пастаноўку спектакля лялечнага тэатра “Жывая шляпа” па аднайменнай казцы Мікалая Носава. Дарэчы, гэтыя дзяўчынкі былі не толькі актыўнымі акцёрамі, але і касцюмерамі – самі пашылі лялькі. Пастаноўка была тым больш цікавая, што ўтрымлівала элементы інтэрактыву, а замест антракту ў ёй адбыўся танцавальны флэшмоб з запрашэннем да ўдзелу гледачоў.

1

314

Працягам свята стала гульнёвая праграма. Галоўнымі ўдзельнікамі яе былі зноў жа дзеці – асноўны кантынгент наведвальнікаў і гледачоў сённяшняга свята. Яны падзяліліся на дзве каманды, якім неабходна было прайсці шэраг выпрабаванняў і праявіць свае спрытнасць і дапытлівасць, каб раскалдаваць каралеву шляп. Пераможцаў чакала ўзнагарода – салодкія прызы і, вядома ж, мора эмоцый.

2

5

Добры настрой, уражанні і падстава задумацца аб тым, каб літаральна ў бліжэйшы час абавязкова ўнесці ў свой гардэроб штосьці новае атрымалі ўсе наведвальнікі свята. А справа ўся – ў капелюшы.

1213

7

4

6

11

10

98

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться