Лідскі замак у 1891-1939 гады

17 Мая 2017 2581

Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка, і абсалютна розныя аўтары заўжды пісалі і будуць пісаць пра наш замкак і хвалявацца за ягоны лёс.

Статус гістарычнай каштоўнасці вандалаў не спыніў

Яшчэ ў 1878 г. лідскі павятовы прадвадзіцель дваранства Сцяпан Буткевіч хадайнічаў перад генерал-губернатарам пра знос сцен Лідскага замка, але генерал-губернатар Альбедзінскі адмовіў. 27 верасня 1882 г. знос замкавых сцен абмяркоўваўся гарадской думай. Пасля вялікага пажару 1891 г. лідзяне самі, без дазволу пачалі разбіраць замак на будаўнічыя матэрыялы, але дзякуючы ўмяшальніцтву Імператарскай археалагічнай камісіі, якая прыслала вывучаць замак археолага Пятра Пакрышкіна, Лідскі замак атрымаў статус гістарычнай каштоўнасці.

Тым не менш замак працягвалі патроху разбіраць. У пачатку 1908 г. газета «Кур’ер Літоўскі» надрукавала развагі невядомага жыхара нашага горада пра адносіны гараджан да замка Гедыміна: «Маем у горадзе замак ... але хутка помнік гэты ператворыцца ў руіны, бо з-пад падмурка гараджане для сябе выгортваюць жоўты пясок, і сцены замка з-за гэтага могуць абваліцца. І робіцца гэта днём, проста на ажыўленай вуліцы, паліцыянты і дзяржаўныя чыноўнікі праходзяць каля «замініраваных» сцен замка, якія пры абвале пагражаюць смерцю тым, хто выграбае пясок, і тым, хто выпадкова будзе праходзіць побач».

У жніўні 1908 г. другі невядомы жыхар горада пад псеўданімам «Z» заўважыў у тым жа выданні: «Нарэшце і ў нас з'явілася нейкая шырэйшая думка і жаданне нешта зрабіць для агульнай карысці ... На працягу многіх гадоў мы бачылі пастаяннае знішчэнне муроў замка Гедыміна, аднак ніхто і не думаў пра яго выратаванне. Калі ж мы зацікавіліся гэтай справай, то даведаліся, што руіны знахо-дзяцца пад апекай Імператарскай археалагічнай камісіі. Звярнуліся да камісіі з просьбай аб выдзяленні грошай і пра дазвол на правядзенне работ па кансервацыі гэтага гістарычнага помніка. Калі прыйдзе адказ і ці будзе ён станоўчым, яшчэ невядома, але, пэўна, калі дапамога і будзе аказана, дык сума будзе недастатковай. Таму гарадскія ўлады павінны пачаць збіраць прыватныя сродкі сярод жыхароў горада і землеўладальнікаў Лідскага павета». На жаль, немагчыма даведацца, хто аўтар гэтай заметкі, як звалі аднаго з першых лідзян, які пачаў бараніць галоўны помнік гісторыі і архітэктуры ў нашым горадзе. Трэба заўважыць, што ідэя аховы старых помнікаў нарадзілася ў Еўропе дастаткова позна, прыкладна ў канцы XIX ст. І як бачым, асэнсаванне каштоўнасці гістарычнай спадчыны з’явілася ў нас у пачатку XX ст.

Першыя рэканструкцыя і кансервацыя

Ужо ў кастрычніку 1909 г. «Кур'ер ...» паведамляе, што Міністэрства ўнутраных спраў асігнавала 1000 рублёў на рэстаўрацыю руін замка ў Лідзе. Прарабам быў прызначаны інжынер А. Фофанаў. Але грошы паступілі толькі ў пачатку 1910 г., і хутка стала вядома, што 1000 рублёў на рэстаўрацыю замка не хопіць, і таму з большага прыйшлося абмежавацца кансервацыяй муроў, але і яна была не зусім удалай.

01

Паўночная сцяна замка да рэстаўрацыі 1910 г.

Пасля першай у гісторыі замка ў Лідзе рэканструкцыі і кансервацыі яго абследаваў жыхар Лідчыны, акадэмік Кракаўскай акадэміі ведаў, гісторык і археолаг Вандалін Шукевіч разам з выбітным знаўцам помнікаў архітэктуры, ксяндзом-канонікам Казіцкім і вядомым даследчыкам мінулага Вільні Вацлавам Студніцкім: «… мы аглядалі сцены як найпільней. Галоўным чынам пан Казіцкі, не зважаючы на сваю стомленасць, узлазіў некалькі разоў ажно на самы верх мура па драбіне, звязанай з дзвюх, якая ўгіналася пад кожным крокам». Шукевіч са скрухай адзначае: «Незайздросны лёс помнікаў мінулых вякоў у нашым краі! Дзесьці там, у цывілізаванай Еўропе, як урады, так і грамадства атачаюць такія помнікі клапатлівай апекай, шануюць іх, амаль пакланяюцца, сцерагуць ад усялякай шкоды. У нас наадварот, калі і існуюць яшчэ нейкія абломкі, то толькі дзякуючы нечуванай іх трываласці, бо ў нас усё робіцца, каб іх знішчыць...». Далей вучоны справядліва заўважаў, што «для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне». Шукевіч паказваў, што Лідскаму замку не пашанцавала яшчэ болей, чым іншым. Бо «вельмі мала тут чаго засталося, а тое, што ёсць, падлягае сістэматычнаму руйнаванню не толькі хцівымі на такі адборны матэрыял, як каменне з муру, жыхарамі слаўнага града, але і нязванымі апекунамі, якія як бы задаліся мэтай знішчыць усялякія рысы ўласцівай такім помнікам прыгажосці і замяніць яе на нічога не вартыя сцены з камення». Акадэмік апісваў працэс паступовага разбурэння замка, які ішоў на яго вачах на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў: «Гавораць, што некаторы з паноў-спраўнікаў лідскіх, пранікшыся трывогай за цэласць ілбоў давераных яго апецы жыхароў слаўнага града Ліды, загадаў значную частку муру разабраць па крузе, што і было зроблена з вывазам камення на брукаванне вуліц, а цэглы, праўдападобна, на пабудову яўрэйскіх печаў». Адмоўна ацэньваў археолаг і першую рэканструкцыю: будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а паверхні сцен абмазалі цэментнай рошчынай. Якасць кансервацыйных работ была дрэннай: «У цэлым можна сказаць, што ў спусташэнні замка больш вінаватыя людзі, чым разбуральны час. Спрыялі руйнаванню не толькі нядобрасумленныя людзі, але нават і асобы з самымі лепшымі намерамі. … пасля «ўпарадкавання» па загадзе аднаго са «спраўнікаў», нібыта ў імя грамадскай бяспекі … адбылося частковае разбурэнне сцен, асабліва на поўнач і захад. … праз дрэнную руплівасць замуравалі нават арачныя байніцы, размешчаныя ў паўночнай сцяне…, муры былі пакрыты зверху цэментам. Ці можа гэтая ідэя лічыцца шчаслівай – трэба меркаваць спецыялістам. Я думаў, што так праводзіць работы па кансервацыі замка нельга. Можна нават дараваць той факт, што такім чынам былі знявечаныя сцены, але самае горшае, што гэтая цэментная нашлёпка на сценах не прадухіляе пранікненне вільгаці ў сцены, а наадварот, прадухіляе выпарэнне вільгаці, што паскарае працэс разбурэння. Гэта ўжо бачна… нідзе так не захоўваюць сцены».

Але цікаўнасць гараджан да захавання замка сведчыць пра рост агульнай адукаванасці і абуджэнне грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў гараджан.

Змяніць браму дапамог артыкул

Пасля рэканструкцыі замак працягваў жыць сваім жыццём. Напрыклад, падчас мабілізацыі 1914 г. мабілізаваных мужчын прыводзілі ў замак, дзе іх прымалі унтэр-афіцэры, адтуль адных адпраўлялі ў казармы Лідскага палка, а іншых вялі на чыгунку і адпраўлялі ў іншыя палкі.

Падчас першай нямецкай акупацыі ў 1915-18 гг. замак займеў браму, выкананую ў стылі брамы нямецкага паляўнічага замка. У 1929 г. была праведзена кансервацыя замка Гедыміна: «муры пакрытыя цэментам, заложаны дзюры, і замак будзе існаваць яшчэ доўгія гады. На адным з кутоў замка нават часткова рэканструяваны парэшткі вежы ... забыліся аднак пра браму ... мінула ўжо 10 гадоў, як сышлі немцы, але да гэтага часу не знаходзілася грошай, каб замяніць браму нямецкай работы ў стылі «Jagdschlаsschen» (стыль паляўнічага замка. – Л. Л.). Аднак пасля гэтай публікацыі нямецкая брама хутка была заменена на іншую.

02

Паўночная сцяна замка пасля рэстаўрацыі.

У студзені 1930 г. Лідскае староства атрымала загад прыбраць з замка Гедыміна стрэльбішча. Мясцовае грамадства спаткала гэтую навіну з незадавальненнем, і стараста вырашыў хадайнічаць аб адмене гэтага загаду. У тым жа месяцы павятовы аддзел зрабіў у замку Гедыміна каток: «Для моладзі горада ён стаў сапраўдным месцам сустрэч і адпачынку. Каля катка пабудавана пачакальня».

Падкопы – забараніць!

У наступным месяцы на пасяджэнні чальцоў «Літаратурнай серады» ў Вільні рэстаўратар і кансерватар д-р Лорэнц выступіў з дакладам аб кансервацыі сярэднявечных замкаў. Пра кансервацыю Лідскага замка Лорэнц сказаў: «Стан кансервацыі Лідскага замка нездавальняючы. Цалкам дрэнна, што муры замка па-новаму пакрылі бетонам, калі найлепшым метадам кансервацыі ёсць нанясенне новага пакрыцця толькі пасля зняцця старога. З замка прыбралі часовую драўляную браму, і хутка павінна быць прыбрана драўлянае стрэльбішча».22 сакавіка Лорэнц прыехаў у Ліду, каб яшчэ раз агледзець замак Гедыміна. Ён пагадзіўся, каб стрэльбішча знаходзілася ў замку да канца верасня 1930 г., але паведаміў лідскім уладам, што калі работы ў вежы замка пачнуцца раней, дык стрэльбішча прыйдзецца таксама зачыніць раней. Вывучыўшы замак, д-р Лорэнц зразумеў, што фундаменты яго моцна аслаблены падкопамі зямлі з боку суседняга з замкам участка, якім валодаў нейкі Чарняўскі, прычым абвал муроў замка якраз і пагражаў маёмасці самога Чарняўскага. Кансерватар патрабаваў ад уладаў пазбавіць замак ад далейшых падкопаў наіўных суседзяў. Тым не менш 28 траўня 1930 г. Саюз стральцоў не закрыў, а адкрыў у замку стрэльбішча, але для малакалібернай зброі.

Пра замкавае падзямелле, дамбу і крытыку плана  па развіцці горада

У кастрычніку 1933 г. стараста Багаткоўскі паведаміў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што ніякай пагрозы для замка няма, малыя шчыліны замазаны, а «зараз на невялікім участку сцяны ўзмацняецца фундамент». На пытанне пра легенды аб лёхах пад Лідскім замкам стараста адказаў, што гэта – часткова легенды, а часткова факт: «Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць».

Лідзянін Ян Станіслаўскі паведамляў у сваіх мемуарах, што ў 1936 г. быў знойдзены падземны ход з замка да Фарнага касцёла, але знайсці дадатковую інфармацыю, якая пацвердзіла б гэту знаходку, аўтар артыкула не змог.

Дарэчы, цікава, што аналагічныя расповеды пра падземныя хады сам аўтар чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і ён з сябрамі праводзіў у ім шмат часу.

03

Лідскі замак з брамай у стылі нямецкага паляўнічага замка.

У 1930-я гг. у Лідскім замку праведзена кансервацыя сцен, упарадкавана тэрыторыя звонку і ва ўнутраным двары. У 1933 г. паўднёвая сцяна замка была ўзмоцнена праз пабудову фундамента вакол шчыліны і падсыпку зямлёй звонку. На кастрычнік 1935 г., згодна са справаздачай Лідскага павятовага старасты, руіны замка «не былі ў пагрозлівым стане», але на іх паднаўленне выдзелена 350 злотых.

Улетку 1935 г. падчас земляных работ па рэгуляцыі ракі Лідзейкі каля замка Гедыміна былі знойдзены «масіўныя валы, якія, згодна з тлумачэннямі знаўцы гісторыі адваката Шымялевіча, праўдападобна, з’яўляюцца рэшткамі гістарычнай дамбы, якая служыла для ўтрымання ці пуску вады ў равы вакол замка». Трэба дадаць, што ў выніку гэтых работ узровень грунтавых вод у горадзе быў паніжаны на 1,1 м.

У 1920-30-х гг. унутры замка ўлетку дэманстраваліся фільмы, праходзілі гарадскія святы, працавалі перасоўныя цыркі, а ўзімку заліваўся каток.

* * *

Да канца 1930-х гг. быў распрацаваны план развіцця нашага горада. Сярод іншага план прадугледжваў будаўніцтва водаправода, каналізацыі і цвёрдых паверхняў вуліц па ўсім горадзе, але прэса крытыкавала план за тое, што ў ім не прадугледжваліся добрыя віды на галоўны помнік Лідчыны – замак, вакол якога планавалася зрабіць парк для адпачынку.

Поделиться
1Комментарии
Авторизоваться
img
Валерий89 Пожаловаться
Абсолютно новая информация. Очень интересно. Спасибо.
06:5317 Мая 2017